ВЕЧАР. Частка сутак ад канца дня да надыходу ночы.

1. Пра стан надвор’я, пра колер неба, водар паветра (вечарам): агністы, барвовы, блакітны, бэзавы (аўт.), ветраны, водарны, залаты, залацісты, зорны, крамяны, крыштальны, ліловы, мяккі, пагодлівы, празрысты, рубінавы, сіні, смугла-сіні (аўт.), смуглы, цёплы, ціхі, чарнакудры (паэт.), янтарны, ясназоры (паэт.), ясна-зыркі (паэт.), ясны  віхурны, волкі (разм.), густы, душны, замглёны, золкі, імглісты, марозны, мокры, непагодлівы, непагодны, непагожы (разм.), парны, росны, свежы, слотны (разм.), сцюдзёны, халодны, цёмны, чорны (аўт.), шэры.

Вечар агністы, ў паўнеба світанне. Тут з маёй доляй вячыстай спатканне (С.Панізнік). Тут з вудай стаяць над ракой Ігнась Бандарэвіч гатовы і ў ранішні млявы спакой, і ў вечар ціхі барвовы (А.Бялевіч). І ў вечар бэзавы на ціхай лаўцы Яшчэ ніхто па мне не сумаваў (Н.Гілевіч). Парным водарным вечарам польнаю сцяжынкаю Зося бегла ў жытное (Р.Сабаленка). Залацісты вечар дагарае (Я.Журба). Прыходзіць вечар зорны, Ды не змаўкае спеў (П.Панчанка). Правал акна. За ім — крамяны вечар (С.Дзяргай). Трызніцца мне ўсё ліловы вечар, Вашы сляды на ліловым снягу (У.Караткевіч). Ціхі, мяккі вечар. Дзень учора быў вельмі спякотны (В.Вольскі). Празрысты вечар, радасны, як ранне. Яна бяжыць, нібы ў дзівосны сон, На першае таемнае спатканне (С.Грахоўскі). Вечары рубінавыя, аўсяная замець... Сустракай, радзімая, мёдам, пірагамі! (П.Броўка). Наступае вечар сіні (М.Танк). Бывала, у вечар смугла-сіні Расою ўпоіцца сасна (П.Трус). Смуглы, суровы вечар спускаўся ціха... (М.Хведаровіч). [Валі] няможна выйсці на двор, дзе так многа святла, прастору і сонечнай ласкавасці, дзе такія цёплыя, мяккія, чорныя вечары (А.Жук). Толькі горыч Яму пакінуў на ўспамін Вясновы вечар ясназоры... (Н.Гілевіч). І вее вечар ясна-зыркі Вятрыскам зябкім ад ракі (А.Звонак). Нешта праз паўгода пасля таго, як яны прыйшлі з лесу, віхурным зімовым вечарам Зыбін завёз Жэню ў бальніцу (І.Мележ). Па вечарах, волкіх і росных, клубіцца, кудзеліцца... туман (Б.Сачанка). У забалоцкіх кустах садзіўся густы кастрычніцкі вечар (Я.Скрыган). І вось аднойчы ў душны летні вечар У чалавека нарадзіўся сын (П.Панчанка). Як чарнакрылы птах, Замглёны вечар плыве над Мінскам (А.Звонак). Цёмны і золкі вечар. Спыніўся, каб паслухаць радыё... (Я.Брыль). Ціхі марозны вечар... Недзе далёка-далёка ў палёх усхліпваюць бомы і, як старац з разбітаю лірай, манатонна скрыпяць палазы (П.Трус). Пад гэты дождж успамінаецца другая пасля пакінутай гімназіі восень, мокрыя, цёмныя вечары, лямпа на родным стале, і сам ён [Алесь] над кнігай (Я.Брыль). Непагодны вечар. Сумна, дружа, мусі? Каб разважыць смутак, ціха заспяваю... (М.Багдановіч). Як не дрыжаць у вечар непагожы Лістам? (А.Звонак). Сцюдзёны лістападаўскі вечар, Мы ішлі паміж рэдкімі, пацярэбленымі вайною соснамі на святло ў Коласавым акне (Я.Брыль). Зорны халодны вечар. Трашчыць мароз (М.Лупсякоў). Цёмны вечар насоўваецца з усіх шчылін (Я.Колас). Шэры вечар вось-вось павінен змяніцца дажджлівай ноччу (Я.Брыль). Вечар чарнакудры туліўся да зямлі, а з ім ветрык жартаваў (М.Нікановіч).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вечара): вясёлы, гутарлівы, дасведчаны (аўт.), добры, дрымотны, задумёны (разм.), задумлівы, звонка-каляровы, звонкі, лагодны, ласкавы, незвычайны, прыгожы, радасны, расспяваны, салаўіны (аўт.), спакойны, цудоўны, чуткі, шыза-галубіны (аўт.)  бесклапотны, бестурботны, глухі, горкі, дзікі, доўгі, журботны, зажураны, заплаканы, змрочны, маўклівы, млосны, млявы, моташны, невыносны, нудны, сонны, суровы, тлумны, цягучы.

У вясёлы вечар мая Салавей ў гаі свістаў (Я.Колас). А вечар чуткі, гутарлівы Разносіць гоман, смех шчаслівы (Я.Колас). На імгненне прымоўкне дасведчаны вечар, Лістадзённік вятры адгорнуць наўздагад (Р.Барадулін). Добры зорны вечар... вецер Каштаны калыша (А.Александровіч). Дрымотным вечарам юны ліпоўнік Па схонах да цёплых бяжыць берагоў (Р.Барадулін). І вечар замёр задумёны (Я.Колас). Задумлівы вечар спусціўся на пожні, З зялёнага лесу ішоў асцярожна На поле жытное па выцвілых травах (К.Буйло). Вечар звонка-каляровы светлай стомаю гудзе (С.Гаўрусёў). Здароў, марозны звонкі вечар! (М.Багдановіч). У прыгожыя, ціхія вечары любіў Максім слухаць родныя песні (А.Бачыла). Лагодны вечар, ціхі, вераснёвы. Кучомкі хвой замлелі ў цішыні (Я.Колас). Не журы дачкі, бо пакрыўдзіцца... Немагчыма ёй, звонкай, маладой, Прапусціць было стрэчу над ракой, Вечар ласкавы, ноч з сваёй красой, Гэту раніцу з майскаю зарой (М.Танк). Цябе, любоў мая, вітаю зноў У незвычайны гэты цёплы вечар (А.Звонак). Празрысты вечар радасны, як ранак, Яна бяжыць, нібы ў дзівосны сон... (С.Грахоўскі). Расспяваны вечар пацалуе губы (Л.Геніюш). У акенца тваё я пастукаў зязюльчыным ранкам Пасля салаўінага вечара І перапёлчынай ночы (П.Панчанка). Спакойны жнівеньскі вечар. Сонца зайшло (Я.Брыль). І вечары такія ціхія, цудоўныя! (Я.Брыль). Сцяпан патроху стаў вяртацца У свой ранейшы стан-настрой... Хадзіць з Альжбетай у любімы Садок ля Свіслачы-ракі, Дзе ў вечар шыза-галубіны Рука не просіцца з рукі (Н.Гілевіч). У бесклапотныя зімовыя вечары збіраліся дзяўчаты разам: гучалі дзівосныя родныя песні, пачутыя яшчэ ад бабуль (Р.Шырма). І глухімі восеньскімі ды зімовымі вечарамі па хатах збіралася моладзь (Я.Брыль). Вечар нейкі дзікі і злы (У.Караткевіч). Сёння прыйдзе Яна, Завітае ка мне Ў гэты ціхі зажураны вечар (П.Трус). Трасецца асенні заплаканы вечар (Я.Пушча). Нашаптпала яна [восень] у вечар змрочны Невыразных загадак аповесць (А.Звонак). Вечары апускаюцца маўклівыя і кароткія (Я.Скрыган). Млосны вечар, дзённая спёка ўжо сышла, але ў паветры яшчэ патыхала духменем... (І.Мележ). Быў вечар, цёплы і млявы... (Б.Стральцоў). Восеньскія вечары, нудныя, доўгія, цягнуцца, як год (“Маладосць”). Паміж клапотаў, Між працы тлумных вечароў Агорне часам адзінота (П.Броўка).

Паведаміць пра недакладнасьць