ВОСЕНЬ. 1. Пра наяўнасць лістоты, яе афарбоўку, колер; пра характар надвор’я; пра час наступлення восені: агністая, барвовая, жоўтая, залатая (нар.-паэт.), залацістая, квяцістая, янтарная, яркая, ясная  бязлістая, цёмная, шэрая; крамяная, крыштальная, мяккая, пагодлівая, пагожая (разм.), празрыстая, сонечная, сухая, цёплая, ціхая  абложная, воблачная, волкая, вятрыстая, гнілая, дажджлівая, золкая, мокрая, пахмурная, слотная (разм.), сцюдзёная, сырая, туманная, хлюпаткая (разм.); глухая, глыбокая, даспелая, доўгая, запозненая, позняя, ранняя.

У лесе ўжо гаспадарыла агністая восень (Я.Колас). Пачалася жоўтая восень (Я.Брыль). Залатая восень уладарыць над Прыпяццю ва ўсёй непаўторнай красе (В.Вольскі). Калі надышла залацістая восень, Рыгорку адвялі ў школу (Я.Колас). Плакала лета, зямлю пакідаючы; Ціха ліліся слязінкі на поле. Але прыгожаю восенню яснаю Там, дзе ўпалі яны, выраслі Кветкі асеннія... (М.Багдановіч). Над лесам зорка светлая ўзышла... Яна свяцілася нязвыкла блізка — Над цішынёю восені бязлістай (Н.Гілевіч). Нягледзячы на тое, што ўжо мінаў першы месяц зімы, здавалася, нібыта на дварэ стаіць самая цёмная, глыбокая восень (Я.Сіпакоў). Гоніцца [вецер] з ворахам лісцяў зжаўцелых, Злосны на шэрую восень (К.Буйло). А восень крамяная думала, што будзе вечнаю, такой крамянаю, як лета бабіна (Ю.Свірка). Цёплая, мяккая восень коціцца з жоўклай травой (М.Хведаровіч). Сухая пагодлівая восень. Ляніва і неахвотна плыве... рэдкая пража павуціны (Б.Сачанка). Наўкол такая пагожая восень, што слоў не знайсці, каб выказаць прыгажосць (І.Грамовіч). Пачнецца абложная восень, Асыплюцца жалуды (В.Вітка). Я на свет радзіўся Пад глухі шум бору, Позняю парою, Восенню гнілою (Я.Колас). Хутка — праз дзень ці праз тыдзень — Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці (М.Танк). За вокнаміпозняя, мокрая восень (Я.Брыль). Росы буйныя на павуцінні Звоняць звонам... Ад якога прад восенню слотнай У сэрцы светла і неяк маркотна (М.Танк). Позняя, хлюпаткая восень. Я вяртаюся з камандзіроўкі (Б.Сачанка). Літасцівы мой лёсе, Падары мне вясну І даспелую восень (С.Грахоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце; ацэнка восені: вабная, вячыстая (паэт.), дзіўная, добрая, жаўтакудрая (паэт.), задуменная, задумёная (разм.), звонкая, канапляная (аўт.), лагодная, ласкавая, мірная, непаўторная, пахучая, руплівая, стройная, усеўладная, ціхая, чулая, шчодрая  бяздомная (аўт.), бяззубая (аўт.), бязрадасная, дробна-слязлівая (аўт.), журботная, лысая (аўт.), нахмураная, нудная, няпэўная, пакутлівая, панурая, плаксівая, самотная, слязлівая, сумная, хмурая.

Ходзіць восень па лесе... Пастой, пастой, вабная. Пастой са мной, добрая, вячыстая (К.Кірэенка). Восень дзіўная, як казка, вераснем цвіла (П.Прыходзька). Залатое калоссе адшумела ў палях. Жаўтакудрая восень сыпле лісце на шлях (П.Прыходзька). Па кранутай золатам зямлі Восень задуменная ступае (І.Калеснік). Як толькі лета сваім спякотным і вясёлым тварам паварочвалася да халаднаватай і задумёнай ужо восені, — тады да яе міжволі вярталіся вось гэтыя дзіўныя і знаёмыя сны (Я.Сіпакоў). Сумую я ў восень звонкую Ў павуцінні русых кос (В.Вярба). Мы чакалі канаплянай восені, Сініцы той, што ў школу нас гукне (А.Пысін). Паветра напоена той празрыстасцю і чысцінёй, якая бывае толькі цёплай, лагоднай восенню (І.Навуменка). Хай носяць уборы, не зносяць, Хай бачыць праз часу сцяну Бабуля — ласкавая восень — Сваю маладую вясну (С.Законнікаў). А то была не мірная шчодрая восень з ціхай журботнай прыгажосцю лясоў і гаёў (Т.Хадкевіч). Была непаўторная восень, Шмат жоўтага лісця Гнаў вецер між сосен (Я.Колас). Восень зроду такой не была: Залатая, пахучая, цёплая (Н.Гілевіч). Бярозы яшчэ ў зелені, але руплівая восень паначапляла на іх “жоўтыя парашуты”, — так выдае, калі глядзіш аднекуль здалёку (І.Пташнікаў). Восень стройная, як арабіна, Загарнула мяне ў падол (В.Іпатава). Усеўладная восень неадступна цікавала за апошнімі праявамі... летняга жыцця (І.Навуменка). Жалем агорне, Шчымліва адыдзе Ціхая восень, як мама (Р.Барадулін). Можа й добра, што сівер злы Восень чулую дакарае, Што далёка зімуюць буслы, аж, напрыклад, у Ленкарані (Р.Барадулін). Нашаптала мне словы падману Дажджавая бяздомная восень (А.Звонак). Была позняя дробна-слязлівая і нудная восень (З.Бядуля). Восень — бяззубая, лысая восень!... Лес атрасаецца жоўтаю перхаццю (Н.Гілевіч). Адна толькі светлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень (Я.Колас). У гэту журботную восень, Здаецца, зямля ўся галосіць, І вецер праклёны разносіць, І пушча трывожна гудзе (П.Панчанка). Любоў злачынству хіліцца чалом, Як лебяда ў нахмураную восень (Т.Кляшторны). Зіма — нібы ўзнагарода за няпэўную, пакутлівую восень (І.Навуменка). Жалобныя росы апаўшы ліст росяць, Пажоўклая восень, плаксівая восень (Я.Пушча). Колькі раз гарачае лета саступала з дарогі панурай, самотнай восені (А.Васілевіч). Зашумела слязлівая восень — І закрылася хмарамі просінь (Я.Журба). Песня заўсёды была пра вясну, нават калі за цьмяным акном стаяла сумная восень (Я.Брыль). Хмурная восень злізала пагоркі. Познія яблыні ў садзе пагорклі (Л.Галубовіч).

* Восень-ключніца, восень-свякроўка, свята-восень.

А восень-ключніца ідзе Такою ціхаю хадою (П.Броўка). І з кожнай лісцевай галоўкі Глядзіць твар восені-свякроўкі (Я.Колас). За летам была свята-восень (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць