ДОЖДЖ. 1. Пра сілу, працягласць, гучанне, тэмпературу (дажджу); пра велічыню і частату вадзяных кропель; пра колер (дажджу): бурны, гарачы, грымотны, грымучы, доўгі, дружны, звонкі, лапаткі (разм.), напеўна-ціхі (паэт.), спорны, цёплы, ціхі, шапаткі (разм.), шапатлівы, шпаркі  аблажны, абложны, бясконцы, выхаладжаны ветрам, золкі, несціханы, сляпы, сцюдзёны, уліўны (разм.), халодны, шалёны; буйна краплісты (разм.), буйны, густы, дробны (нар.-паэт.), краплісты (разм.), танклявы, тонкі, залаты (аўт.), зялёны (аўт.), праменісты (аўт.), прамяністы (аўт.), светлы, серабрыста-шэры, серабрысты, сіні (аўт.), шматкаляровы, шэры.

Вяртаюцца госці з вяселля. Не можа іх уціхамірыць Ні бразгат калёсаў, ні ноч, Ні чэрвеньскі бурны і шчыры — З грымотамі гулкімі дождж (М.Танк). Падалі долу на вузкія сцежкі [слёзы], З пылам мяшаліся, з дробным пяском, Тайна ліліся, адкрыта ліліся, Падалі долу гарачым дажджом (Я.Колас). Ёсць на маёй радзіме дрэвы, Яны не толькі ад вятроў, Птушыных крыл і іх напеваў, Грымотных жнівеньскіх дажджоў, Ад глыбіні, ад вышыні, А нат звіняць ад цішыні (М.Танк). Спяшайся, вясна, і маўчанне зімы Вятрамі, дажджамі грымучымі змый (М.Танк). У канцы красавіка на збуялую раннюю зелень пайшлі спачатку доўгія золкія дажджы, як увосень (І.Пташнікаў). Апоўначы паліўся дружны цёплы дождж (І.Мележ). Ты [краіна] часта прыходзіш ка мне, як сон, Хмараю праплываеш, Птушкай садзішся на ціхі клён, Звонкім дажджом ападаеш (П.Панчанка). Чорнае ветранае неба ўсё сыпала ў ноч спорны лапаткі дождж (В.Быкаў). І не паможа мне... гэты... напеўна-ціхі дожджык шапатлівы (Н.Гілевіч). Даль, абмытая дажджамі шпаркімі, Ясным вырысам чаруе зрок (Н.Гілевіч). Над Браціславай цёплыя дажджы, Хоць стань пад іх і даспатолі грэйся (У.Паўлаў). Выбег ён, нічога не помнячы і не бачачы перад сабою, на гэты шапаткі, на гэты ціхі дождж... (В.Адамчык). [Дождж] усё прабірае наскрозь, Аблажны... (Р.Барадулін). Гэта была не кароткая летняя навальніца, а працяглы абложны дождж (У.Краўчанка). Ты не хавайся, не ўцякай За цень начны, за небакрай, За дождж абложны ці за снег (М.Танк). Нібы знарок для іх з Алечкай пастаралася прырода, каб парадаваць яшчэ раз перад тым, як пойдуць нудныя бясконцыя дажджы, і раскісне слатою зямля (І.Мележ). Золкі, як восеньскі, выхаладжаны парывістым ветрам дождж... туман, які ледзь не кожны дзень вісеў над камяніцамі... (Я.Сіпакоў). Што найсумнейшае ў свеце? Восеньскі дождж несціханы? (М.Танк). Праходзяць летнія дажджы, Сляпыя, цёплыя, грыбныя (С.Грахоўскі). Свежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла, Жвір толькі свеціцца, змыты сцюдзёным дажджом (Я.Купала). Вясна пачалася рана, выдалася зацяжная, халодная, але цяпло пад канец мая ды некалькі спорных уліўных дажджоў зрабілі сваё (А.Жук). Ды ўсё гоніць хмар валокны І бубніць, бубніць у вокны Дождж халодны, дробны (Я.Колас). І любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйна краплісты дождж на траву і лістоту, вярнулася да мяне (Я.Брыль). Дожджыкам буйным абмыты, я Смела вяслую ў прыволле (П.Трус). Льецца дожджык, цёплы і густы, як дар жаданы для зямлі вясновай (А.Вярцінскі). І дождж краплісты пачынаў імглець (М.Танк). Іх [сірот] аплакваў танклявы дождж (П.Глебка). Звініць лістапад залатымі дажджамі, Лятуць журавы над палямі, лугамі, Над Прыпяццю сіняй (П.Панчанка). Дажджы зялёныя шумяць, Маланкі гром красае (П.Панчанка). Дажджы прамяністыя, з хмар ападайце! Жыты, прарастайце, сады, зацвітайце! (П.Панчанка). Дождж ідзе праменісты і дробны, Пахнуць мятай мокрыя лугі (П.Панчанка). Хмурынку ручаі напояць, І — ліцца светламу дажджу (А.Пысін). Серабрыста-шэры, ён [дождж] амаль хаваў блізкія дрэвы... (У.Караткевіч). Імгліць пачынае дождж нудны і шэры (М.Танк). На рыштаваннях новых Ён [дождж] з феерверкам бліскавіц Заззяў шматкаляровы (М.Танк).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дажджу): асцярожны, ветлы, гаючы, грыбны, дажынкавы, добры, доўгачаканы, жыватворны, жыватворчы, залётны, зорны (паэт.), ласкавы, малады (аўт.), незабыўны, родны, рупатлівы (разм.), сонечны (аўт.), спакойны, удалы, украдлівы (аўт.), уладарны, чаканы, шчыры  абрыдлы, аднастайны, атрутны, безвыходны, безгалосы, беспрасветны, востры, гарбаты (аўт.), глухі, дакучлівы, дакучны, журботны, злючы (разм.), калматы (аўт.), калюча-злюшчы (аўт.). калючы, колкі, маркотны, маўклівы, набеглы, навальны (разм.), надакучлівы, неадчэпны, непрыкаяны, нудны, порсткі (разм.), прыкры, свінцовы, смертаносны, сумны, уедлівы, упарты, цыбаты, цяжкі, шкляны.

[Дождж] спачатку асцярожны, рэдкі, А пасмялеўшы, спорна ліў (П.Прануза). Дождж мінуўся — цёплы, ветлы, І такая цішыня ў полі (В.Вітка). Колькі трэба было, Шматпакутная маці — радзіма мая, І гаючых дажджоў, І вясенніх вятроў, Каб у косах нявест Нелінючыя стужкі заззялі (М.Танк). З гнёздаў мы даўно павыляталі, Ды не развучыліся глядзець, Як па спелым полі, па атаве Дождж грыбны на дыбачках ідзе (П.Панчанка). І стукаў дождж дажынкавы журботна Апошні раз у кожную страху (П.Панчанка). Шчодрасцю праліўся доўгачаканы дождж (С.Законнікаў). Пад гэтым начным, глухім і вечным, як стагоддзі, жыватворным і беспрасветным дажджом мой, наш дуб [стаіць] (У.Караткевіч). Гучна зашумеў вецер, пагнаўшы пыл па зямлі, каб зараз жа прыбіць яго жыватворчым дажджом (Я.Колас). Сям-там дубы, няйначай Гіганты-маякі, Дажджам залётным значаць, Кірунак браць які (Н.Гілевіч). Ты яго [золак] у косах сваіх прынясла. Прынясла яго ў вуснах Праз зорны дождж У купальскую ноч (М.Танк). Пасля абеду зацерусіўся ласкавы дождж (А.Жук). Калі сухавей панаробіць бяды, А выпадзе дождж удалы, малады, — Тады маё свята! (П.Броўка). Сячы, дождж, мацней па дарогах, раўнінах, Людзям і зямлі гавары аб вясне! Аб тым незабыўным дажджы і вайне (М.Танк). Лійцеся сягоння ціха, ціха, Родныя зялёныя дажджы (П.Панчанка). Рупатлівы, уладарны дождж абмыў берагі (К.Кірэенка). Так сонца ўзышло. І гара Не адкінула цень. І сонечны дождж... на далоні праліўся (У.Някляеў). Без вятроў і раскатаў грамавых пайшоў ён [дождж] раптам, цёплы і спакойны (А.Вярцінскі). І не паможа мне ні гэты ўкрадлівы... дожджык шапатлівы (Н.Гілевіч). Зямлю і ўпоперак і ўдоўж Гаіў чаканы цёплы дождж (П.Панчанка). І зноў цэдзіць, як на цадзілку, прыкры, абрыдлы дождж (Р.Мурашка). Пасля быў дождж, дакучны, аднастайны, Хліпела лістападаўская золь... (П.Марціновіч). А можа смертаносны, атрутны дождж упасці над зямлёй (А.Пысін). Нават дождж і той не безгалосы, Не нямыя дрэвы і трава (Я.Ярац). Усю ноч цадзіў па шыбах дождж калючы, востры (І.Пташнікаў). Нібыта слізкія смаўжы, паўзуць гарбатыя дажджы (Н.Тулупава). З неба імжыць, здаецца, ад пачатку свету, дождж, — дакучлівы, халодны (Я.Брыль). Як дажджоў калматых многа праплыло (П.Броўка). Імжыў спорны, калюча-злюшчы дождж (А.Масарэнка). І вось на нівы, на кусты, На жаўталісце скрозь — Ударыў колкі і густы, Нібы іголкі, дождж (П.Броўка). Без цябе ўсе дажджы шэрыя і маркотныя (М.Танк). Прыгнуўшыся, ідуць пад небасхілы Асеннія маўклівыя дажджы (А.Пысін). Зноў вярнуцца ў дождж набеглы, Лес і лужы перайсці (А.Пысін). На Ваню і Эрпідаў абрушыўся навальны дождж (П.Місько). Невыразнае прадчуванне не пакідала яго [Міхала] увесь дзень на лясных абходах пад неадчэпным асеннім дажджом (М.Лужанін). Ёсць [рабіне] пашаптацца з кім, паплакаць пад непрыкаяным дажджом (Е.Лось). Нудны дожджык, хмары, аднастайны гул ракі наганялі сум (І.Мележ). Ужо красавіцкае сонца ўзяло верх над халадамі, прыгрэла шчодра, яму пасобілі дажджы... не ў пару цёплыя, порсткія (В.Карамазаў). Над ёю [бярозкай] сёння шалее вецер З дажджом свінцовым, з ліхою сцюжай (М.Танк). Пад гэты гром, пад дождж упарты То там, то тут пачуеш жарты (Я.Колас). Збіраюць сонечна ігліцы У лесе сумныя дажджы (В.Вярба). Паселі ў крэслы маразы лысыя, вятры кудлатыя, снягі пухнатыя, дажджы цыбатыя (М.Лужанін). Дождж шкляны чароўных гукаў У люстэрка даляў стукаў (З.Бядуля).

* Дождж-вадалей, дождж-дратаванка, дождж-патоп, дождж-сляза, дожджык-грыбасей, дождж-шаптун.

Як дожджык-вадалей, Шуміць сянцом прасцяг (В.Зуёнак). Ну і грыміць тады громам [Ілля], Ну і сцёбае сваіх коней Дажджом-дратаванкай (М.Танк). Уцяклі дзяўчаты Пад стагі і копы Ад грымот схавацца, Ад дажджу-патопу (М.Танк). Гадае, думае зямля, Што хмарка дожджыкам-слязою Спадзе — ажывіцца ралля (Я.Колас). Барабаніць па акне ад рання цёплы дожджык-грыбасей (Е.Лось). Хацелася спаць: пасля паўночы заўсёды вельмі хіліць на сон, а тут яшчэ гэты нудны шаптун-дожджык (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць