Падзьмуць вятры — і снежныя каметы Праносяцца над белаю зямлёй (П.Панчанка). Шыр запахне раллёй, жыватворчай зямлёй (З.Бядуля). Мяккая, халаднаватая зямля здалася падушкай (Б.Сачанка). Бадзейка зноў у дарозе. Радасна і ветла разгортваецца перад ім пахучая зямля (Я.Колас). [Плуг] плыве ў чарназёме лёгка, чыркне аб камень знянацку і зноў у пухкай зямельцы тоне (К.Цвірка). Да рук ліпла пульхная зямля, раса сцюдзёніла пальцы (Б.Сачанка). Гэта шум сакавітай зямлі, Свежай, поўнае сілы, Пралятае па струнах кары, Песні сонца бярэ... (П.Броўка). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста (Я.Колас). Ідзе... наступ на векавыя балоты, ...людзі ператвараюць іх у пладаносныя, ураджайныя землі (У.Краўчанка). Бераг паволі набліжаўся. Вось нарэшце зямля — цвёрдая, устойлівая (І.Мележ). І нават чуваць, як трава маладая З зямлі прабіваецца, цёплай і волкай, І пахне сасоннік празрыстаю смолкай (С.Грахоўскі). І зноў на глебе хоча засяродзіцца Цяжарная і чыстая зямля, Як багародзіца (П.Макаль). З ласкі шчодрае зямлі Тут кожны атрымаў Па сто хваін, па дзесяць ліп, Па мору чыстых траў (П.Панчанка). Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі (М.Аўрамчык). Пад вечар, калі чырвонае сонца сцякала за лес, апусцелая, няласкавая зямля стыла на холадзе (І.Мележ). Мне зямля твая, горад, — атрутная, злая, чужая — стала роднай зямлёй (У.Някляеў). Ногі яе [Ганніны], здавалася, ледзь дакраналіся вымачанай дажджамі, схаладнелай зямлі (І.Мележ). Зямля стала вязкай, усюды купіны... (Э.Самуйлёнак). Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен, калі па ёй ехаць калясьмі (І.Капыловіч). Засмяглая зямля... ледзь не прасіла: дажджу, дажджу! (Р.Сабаленка). Ад начных замаразкаў зямля стала крамяністай... (М.Ткачоў). Навокал у шэрым туманістым мроіве ляжала золкая веснавая зямля (В.Быкаў). Стагнала пад рыдлёўкай гліна, Зямля настылая гула (С.Грахоўскі). Цёплая, парная зямля... Дажджу не было, ён толькі збіраўся і пайшоў бокам (І.Чыгрынаў). Над гарбом зямлі пастылай, Над прасцецкаю магілай Пара вырасце бяроз (Я.Колас). Летам зямля пахне завялым рамонкам і, сухая, патрэсканая, робіцца, як спрацаваныя рукі хлебароба (К.Каліна). Трызніць самлелая зямля Аб росах, аб дажджы і громе (С.Грахоўскі). А ціш... Сваё сэрца Ты чуеш у ёй, А птушак нідзе тут Над снежнай зямлёй (З.Бядуля). На сырой прыляж зямельцы, Атулісь касою, Няхай сэрцайка дзявоча Прыйдзе да спакою (Я.Купала). Над ціхай талаю зямлёю Навісла ночка той парою (Я.Колас). Тут кожны куст трывожнаю парой Хаваў мяне. Тут да зямлі халоднай і сырой Я прыпадаў, як да матулі роднай (Н.Гілевіч). Ссохлі травы, усё павяла. Слоць, плюхота, холад, цьма. Эх, скарэй бы закрывала Землю чорную зіма! (Я.Колас).
II. Краіна, дзяржава, бацькаўшчына; планета: абетаваная, адвечная, азонная (аўт.), благаславёная, блаславёная, блізкая, бусліная, бязмежная, вечна добрая, вечна жывая, вольная, вясёлая, гаючая, гераічная, дарагая, дзівосная, дзіўная, добрая, залатая, заспакоеная, зялёная, квяцістая, любая, любімая, маладая, мілая, мудрая, неабсяжная, непараўнаная, непаўторная, нязнаная (разм.), песенная, працавітая, прашытая баравікамі, прыветная, прыгожая, прыціхлая, пявучая, радзімая, раскалыханая, раскутая, родная, свабодная, светлая, святая, свяшчэнная, смалой прапахлая, сонечная, спакойная, сціплая, таемная, трапяткая, уваскрэслая, утульная, хлебная, цёплая, цудоўная, чароўная, шчаслівая абгарэлая, азяблая, балючая, бедная, варожая, вогненная, вусцішная, гаротная, гнеўная, далёкая, заняволеная, запалоненая, засмучоная, здрасаваная (разм.), змрочная, знявечаная, зняволеная, зраненая, крывавая, маўклівая, мёрзлая, многапакутная, натруджаная, ненадзейлівая (аўт.), пакутная, параненая, прыбітая, разамлелая, разгневаная, раненая, самотная, скапаная, стомленая, страшная, сумная, суровая, сцішаная, чорная, чужая, шматпакутная, шумная.
Сцякае сонца з мокрых грон Зямлі абетаванай, Калі зімовы першы гром Грукоча над Гаванай (Р.Барадулін). ...Вы хаця б на хвіліну засталіся там [у Белавежы] сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй (У.Караткевіч). З цёплай зямлі, Зялёнай, азоннай, Кліча нас уладарна След касмічных ракет (П.Панчанка). У краі тым, дзе нарадзіўся я, Сваёй хапала і чужой трывогі, Ды слалася трыпутнікам пад ногі Мая благаславёная зямля (У.Паўлаў). Хай згінуць сум і гора. Весяліся, не журыся, благаславёная зямля (П.Панчанка). Бусліная зямля. Азёры ды бары... Зямля святая (У.Някляеў). Да гэтых вандраванняў Цябе так не любіў я, Бязмежная, цудоўная... зямля! (А.Звонак). Я гляджу на агеньчык і нязменна, не падбіраючы слоў, думаю: агеньчык пасылае нам сама зямля, сама пакутніца, пасылае ад сябе, ад мільёнаў страчаных, ад сябе, здрасаванай, скапанай, вечна добрай і непаўторнай (Ф.Янкоўскі). Прыпадзі да зямлі цёплай ніцма, Да ўзоранай плугам раллі — Ты пачуеш, як б’ецца крыніцай Сэрца вечна жывое зямлі (А.Звонак). І калі сёння чую песню я Пагожым ранкам або на змярканні, Я слухаю з глыбокім хваляваннем, Як вольная пяе зямля (М.Танк). У чужой і новай для мяне краіне я яшчэ мацней адчула любоў да сваёй Радзімы, да мілай сэрцу, шматппакутнай і гаючай зямлі нашай (Я.Янішчыц). У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай, Нашых дум карані (Н.Гілевіч). Мы — на волі, Блуканням канец, Перад намі... — Дарагая зямля (А.Куляшоў). Любўйцеся ж гэтай дзівоснай зямлёю, Як некалі мы любаваліся ёю (Н.Гілевіч). Блакітнаю знічкаю наша планета Здаецца ў замеці зорных дарог, То знікне, то ў змроку касмічным забліскае, То песняй, то словам сагрэе здаля, Такая знаёмая, родная, блізкая, Такая далёкая наша зямля (С.Грахоўскі). Сваю зямлю, любімую, святую, Якую грубым словам не назваць, Такую светлую, такую залатую Распусніку... аддаць? (У.Караткевіч). Нехта гаворыць пра дзіўныя землі, пра неба (М.Танк). Над заспакоенаю зямлёю звісала цёмная глыб неба (Я.Колас). На тваёй [Шаўчэнкі] зямлі квяцістай Сонца ясна свеціць (Я.Купала). У вырай далёкі лятуць жураўлі Ад любай, утульнай бацькоўскай зямлі (К.Буйло). Зноўку зямля маладая — Раніцай твар абдало (Р.Барадулін). Зноў для кожнай травінкі свой Я на мілай бацькоўскай зямлі (Г.Бураўкін). Бераг мудрай, таемнай Зямлі, Ад якога ідуць караблі. ...Я прымаю яе абшар... (С.Панізнік). Вось я таму і кладу на цымбалы Сцежкі-дарогі, што леглі ўдалі, Промні, што майскай зарой запалілі Рэкі маёй неабсяжнай зямлі (М.Танк). Ты ўстаеш, атакованы снамі, і верыш, і верыш У далёкія рэкі, у голас марскіх караблёў, У нязнаныя землі (П.Панчанка). І не мае аздобы зямля працавітая, І сумуе па кветках маўклівы туман (П.Панчанка). Пачую я, як прарастае песня, Як цёплыя і трапяткія крылы Узносяць над прыціхлаю зямлёй У слова пералітае імгненне, У словы пералітыя гады (Г.Бураўкін). Родная зямля! Прыгожая, чароўная, любімая. Па ёй хадзілі... людзі, па-рознаму заўважалі і цанілі яе прыгоства (І.Шамякін). Прывет табе, зямля Тараса, Пявучая зямля братоў (М.Танк). Паломаны жыццём, чакаючы магілы.. Радзімая зямля, прынікнуў я к табе, І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы, Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы, І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе (М.Багдановіч). Раскалыханая, плыла зямля, Зямля гукала ўсімі галасамі (А.Пысін). Вольныя людзі раскутай зямлі, Песняю вас мы вітаем (Я.Колас). Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы, Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, — Для роднай зямелькі вы — светлыя зоры, Для роднага краю вы — райскія гімны! (Я.Купала). Была са мною святая зямля, на якой сустрэла раніца (Ф.Янкоўскі). Ды мы наіўна прывыкаем, Што нам спатрэбіцца пасля Прашытая баравікамі, Смалой прапахлая зямля (Г.Бураўкін). Палессе, звонкае Палессе, На гэтай сонечнай зямлі Мы новыя пачулі песні (В.Вітка). А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены маладзік (Я.Брыль). Я ў лясах валдайскіх ваяваў, На зямлі той сціплай і прыгожай. Я Дзямянск і Полу вызваляў (П.Панчанка). Там, дзе гнеў клекатаў сэрцаў братніх, разлучаных, Дзе бізун прасвістаў і слязамі калючымі Набрыняла зямля трапяткая і гнеўная, Пачынаешся ты, Беласток (П.Панчанка). Да планет збіраецца ў госці цёплая... зямля (П.Панчанка). І мы ўжо думалі, што знаем Зямлю цудоўную братоў, Пакуль не ўстаў за небакраем З высокім імем горад Львоў (П.Панчанка). Тут, на гэтай чароўнай зямлі, Нашы думы і гады прайшлі (П.Глебка). Я ведаю: кастру майму ніколі не згаснуць на зямлі шчаслівай (С.Панізнік). Жаданне маё тады простае будзе: За ночы бяссонныя адаспацца, З сябрамі за чаркаю развітацца, А потым ісці скрозь агні лістапада Дахаты па той абгарэлай зямлі, Дзе некалі мы, маладыя салдаты, Ваду, адступаючы, прагна пілі (П.Панчанка). Сад калыша зямля азяблая, нецярпліва сукі трасе (С.Панізнік). Уся зямля — ад краю і да краю — Балючая, крывавая, святая... Другой такой зямлі няма нідзе (У.Някляеў). На вогненнай зямлі ў сталёвым свісце Тут кожны воін б’ецца за траіх (П.Панчанка). Дудары ўсё перайгралі... у свет яны пайшлі, А ў душы яшчэ спявалі Зыкі дзіўныя, плылі, Разрасталіся й далёка Душу вабілі сабой І няслі яе высока Над гаротнаю зямлёй (Я.Колас). Тады адзін другога сагравалі І дружбай і ўспамінамі, А калі цішэй было на фронце, — гаравалі Аб нашай запалоненай зямлі (П.Панчанка). А ўсё застпалося: І пройдзены шлях, І горад з прасцёртымі ў дыме рукамі, І ты, засмучоная наша зямля, Аблітая ў ростані буйна слязамі (П.Броўка). Месяц выплыў над змрочнай... зямлёй, І павёў яго ў цёмную даль за сабой (М.Багдановіч). І хоць даўно магілы параслі травою забыцця, яшчэ і сёння На раненай знявечанай зямлі Крывавяць кратэры каменаломняў (М.Танк). Зняволеную зямлю роднай Беларусі вызвалялі рускія і беларусы, узбекі і казахі, грузіны і башкіры (І.Мележ). Я не проста свой дзённік пішу, А прысуд выношу, Каб над ворагам здзейсніць пасля, — Бо чакае ратунку Заняволеная зямля (А.Куляшоў). Чорная, маўклівая ляжала зямля (Я.Скрыган). А мы і не бачылі шчасця... На зраненай нашай зямлі (К.Цвірка). На край суровай мёрзлае зямлі, Пашырыўшы паўдня граніцы, Шарэнгі дрэў мічурынскіх пайшлі, Каб з полюсам далёкім парадніцца (А.Пысін). Тут, на зямлі многапакутнай, Каля дарогі кожны схіл Асветлен зоркай... (М.Аўрамчык). На прасторах Між вялікіх гарадоў, Над зямлёй, Спакойнай і натруджанай, Іней асыпаецца з калматых правадоў Лініі высокага напружання (П.Панчанка). Так бессмяротнасць, можа, і не купім На гэтай ненадзейлівай зямлі (М.Стральцоў). Але йшчэ больш здзівіўся я, калі Праз чвэртку веку з вогненных шляхоў Паклон пакутнай бацькаўскай зямлі Прынёс... (К.Кірэенка). Пацякла гарачая крыніца, Нібы кроў параненай зямлі (А.Звонак). І вось напрадвесні сорак другога года прыбітую і сумную з выгляду зняволеную зямлю і тут прарвала помстай (Я.Брыль). Шумяць плакучыя бярозы Па ўсёй знявечанай зямлі, Каб толькі больш ніколі слёзы Па дзецях маці не лілі (С.Грахоўскі). У небе стайка белых галубоў Над разамлелаю зямлёй уецца (Н.Гілевіч). Абаронцы міру! Нас мільёны На ўсёй разгневанай зямлі (П.Панчанка). Тады яе, нашай любай і страшнай Зямлі, яшчэ ніхто не бачыў зводдаль, у блакітным ззянні. Самотная, яна паволі, вусцішная круцілася ў чорнай бездані (Я.Брыль). Да суровых земляў шматпакутных Я хачу пранесці праз драты... Нашую любоў да вас, браты (П.Панчанка). А ноч рассьтала каралі Над гмахам сцішанай зямлі (Я.Колас). Выбіраюць зорную дарогу Да чужой далёкае зямлі, Трубяць развітальную трывогу У халодным небе жураўлі (С.Грахоўскі).
* Айчына-зямля, зямля-карміцелька, зямля-матка, зямля-матуля, красуня-зямля, матка-зямля, маці-зямля зямелька-чужаніца, зямля-непакора, зямля-пакутніца, зямля-парадзіха.
Кавылі, кавылі, кавылі, Песня жаўранка над галавою, Цёплы подых айчыны-зямлі, І жыцця трапятанне жывое! (А.Звонак). Ганчар змушае гліну Ператварыцца ў збаны... Араты — зямлю-карміцельку Жывучы хлеб нараджаць (М.Танк). Апранула зямля-матка кажушок зялёны (Я.Колас). Далёка ты, мая зямля-матуля (Я.Колас). Ды ўсё ж я лішне самаўпэўнена думаю часамі, што я цябе нібыта добра ведаю, мая красуня-зямля (Я.Брыль). Матка-зямелька! Эх, не, недарма ты Корміш... свой люд! (Я.Колас). Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, Сваю матку-зямлю — Беларусь (Я.Купала). Кінуў вораг цымбалы, Яны пакаціліся ў лог. Пад гарою Травою Укрыла іх маці-зямля (А.Куляшоў). — Дай, зямелька-чужаніца, Мне ад ветру затуліцца (С.Панізнік). О зямля-непакора, о край дарагі! Мы адной тваёй ласкай жывём да сканання (К.Кірэенка). Варочаліся ў родны край салдаты, Паэты, спевакі і рыбакі, Будаўнікі палацаў, зямляробы... Зямлі-пакутніцы няслі жыццё (К.Кірэенка). Цяжка ўздыхае зямля-парадзіха... (А.Пысін).