КРАЙ (краіна). Дзяржава; радзіма, бацькаўшчына.

1. Пра заможны, вольны край: абноўлены, адзіны, адноўлены, азёрны, баравы, бацькоўскі, блаславёны, бязмежны, бялявы, бясконцы, вольны, вялікі, вясёлы, горды, далёкі, дарагі, дзівосны, дзіўны, жураўліны (аўт.), задуменны, залатакосы (паэт.), залаты, запаветны, зманлівы, зялёны, калінавы (аўт.), казачны, каханы, квітнеючы, любімы, любы, люстраны, малады, мілы, мірны, неабдымны, незабыўны, непадкупны, непаўторна прыгожы, непаўторны, праўдзівы, прыгожы, радзімы, разбуджаны, райскі, родны, свабодны, светлы, сінявокі (паэт.), сінякрылы (паэт.), смелы, сонечны, таемны, таямнічы, ціха-белы (аўт.), чароўны, шчаслівы, шыпшынны (аўт.), шырокі, янтарны, яснавокі (паэт.), ясназоры (аўт.).

Золак пунсовы заліў небакрай, Ранне страчае абноўлены край (А.Звонак). Нікому не дазволіць прадаць, ні заняволіць ні ўнука, ані сына край любы, край адзіны (А.Куляшоў). Гамоняць, гудуць пуцявіны Адноўленай роднай краіны (Я.Колас). У цёплы жнівень, калі бываю У нарачанскім азёрным краю, Па даўніх сцежках... Да ўсходу сонца карціць прайсці мне (М.Танк). Паліты край мой баравы, Як хлеб, крывёй і потам (Р.Барадулін). Гэта песня была пра дом, Пра далёкі бацькоўскі край, Дзе ў гародчыку пад акном Хутка зеленню пырсне май... (Н.Гілевіч). Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і моры можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны (Я.Купала). Краю мой бялявы, Краю мой любімы, З сіняю істужкай прыдарожных хвой... (А.Звонак). Іх каханне маладое, Іх юнацтва залатое, Як прадвесня, І ляціць над полем, гаем, Над бясконцым родным краем Разам з песняй (М.Танк). Над вольным краем сонца ўсходзіць, Гарыць вясёлкавы прамень... (К.Буйло). Даўно, з самага дзяцінства, уяўлялася, мроіўся мне гэты вялікі, неабдымны край (А.Пысін). А гэта — вандроўка праз сёлы, Праз край мой шырокі, вясёлы, Бясконцыя нівы, дубровы — Ў маю беларускую мову (М.Танк). А другу, што ў працы ці ў бітвах змарнеў... Як светлую кнігу, жыццё разгарне Наш край пагранічны, шчаслівы і горды (П.Панчанка). Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы, Прывітайся з краінай маёй дарагою (П.Панчанка). Вось чаму так у змроку сніцца ў камеры цеснай Край дзівосны, далёкі, Дзе жыве мая песня (М.Танк). Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай Радзіме (П.Панчанка). І я на “клюкву” “журавіны” Не прамяняю, не аддам. І светлы край наш жураўліны Я дзецям ціха перадам (П.Панчанка). Мой край задуменны!.. Праз буры ты поступам цвёрдым прайшоў (А.Звонак). Дзе ж той край залатакосы, край зялёны?.. Там, дзе Свіцязь, там, дзе Прыпяць і Ясельда... (П.Панчанка). Сёння з песняй абыду я... Залатую, маладую, Нашу родную краіну (П.Панчанка). Перасекшы ў шляху рубяжы, прыляцеў ён [бусел] у край запаветны (А.Бялевіч). І нехта разнасцежваў дзверы Ў таемны і зманлівы край... (А.Бачыла). Крані глыбей зямныя жылы І казачны пабачыш край (М.Танк). Ім [пралазам] здасца квітнеючы край наш няўтульным (П.Панчанка). Край ты наш любімы, край каханы... Да грудзей тваіх мы сэрца тулім (К.Буйло). Мой край азёрны, край люстраны, З таемнай гутаркай лясной, Чым да цябе я прывязаны, Што ты заўсёды прада мной? (П.Броўка). Скажы мне, ці калі ў Чужой зямлі далёкай Успамінаеш ты край родны, мілы свой? (К.Буйло). Пасля таго, як ты [Купала] пакінуў край незабыўны і сяброў, Трывожаць думы безупынна, Вядуць у твой музей — дамоў (М.Танк). А ў вёсках, якія разам з пяццю азёрамі відаць з высокай гары, простыя, шчырыя людзі гавораць пра тых безыменных Дваццаць, што не захацелі цаной нявіннай крыві вяртацца нават сюды, у сваю непаўторна прыгожую краіну (Я.Брыль). Бо трэба нам пакінуць Наследнікам навек Праўдзівую краіну Між салаўіных рэк (П.Панчанка). О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых светлых берагоў (Я.Колас). Гэтак часам уходзіць у зямлю крыніца, Дзесь у нетрах таемна бяжыць, Але мусіць урэшце на волю прабіцца, Шмат яшчэ на зямлі будзе ліцца-каціцца і радзімаму краю служыць (М.Багдановіч). Родны край Беларусі, Ты, мне любы да болю! Я цябе не зракуся, Нізашто і ніколі (Н.Гілевіч). Наступнага дзень Па краіне ідзе, каб святлелі й раслі гарады, Каб зямлю усцілалі сады, Залацеў на палях ураджай, Расцвітаў мой разбуджаны край (А.Звонак). Далёка ты ад нашай Беларусі, Зямля сяброў, зямля красы юначай. Калі — не ведаю — у шлях збяруся, Цябе, свабодны горды край, пабачу (Н.Гілевіч). Я прыйду ў твой светлы край, Стану на парозе (А.Звонак). Жыве паэт і на вачах згарае, Каб з годнасцю пакінуць для вякоў Энцыклапедыю святога краю (Р.Барадулін). Я сінявокім краем ганаруся, куды б вандроўны вецер ні паслаў (С.Панізнік). Сінякрылая краіна З песняй сонца і арла І паіла, і карміла, І лячыла, як магла (А.Пысін). І вось ён [Робсан] у нашым сонечным краі, Дзе сэрцу і песням радзіму знайшоў (М.Танк). То хмызнякі ўздымаюцца сцяной, То векавыя волаты ў бары Ў край не пушчаюць таямнічы свой (М.Танк). Будзе зноў грымлівая гулянка з тостамі за ціха-белы край (С.Панізнік). Усіх непакоіла, Што нас прыгнала да іх берагоў: Ці выпадку вецер шалёны, Ці мара аб краі чароўным..? (М.Танк). Напэўна, буду сумаваць па Латвіі. Янтарны край, любіць цябе дазволь! (А.Пысін). Мой край яснавокі і вы, людзі-брацці! Распалім жа помсты пажар, Фашысцкую погань, народаў пракляцце, Знічтожым (Я.Колас). Мой край ясназоры! Прайшоў ты нямала Шырокіх і вузкіх дарог (Я.Колас). Калінавы, шыпшынны Мой край ад зор азяблы. Ды вас заваражыла Святое слова “сябра” (Я.Янішчыц).

2. Пра бедны, зняволены, прыніжаны, далёкі (край): бедны, галодны, далёкі, забыты богам, закатаваны, здрасаваны, здратаваны, знявечаны, зруйнаваны, калісьці загнаны, няродны, пакінуты, праставалосы (аўт.), распяты, сіверны, сумны, халодны, цёмны.

Ці збяромся зноў калі мы Ў нашым бедным родным краі, Як бы птушкі пасля зімы? (Я.Колас). Край ты наш! Як міл ты сэрцу, Цёмны край, галодны! (Я.Колас). Буду ў далёкім краю я нудзіцца, Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю (М.Багдановіч). Край наш бедны, край наш родны, Лес, балоты і пясок... Чуць дзе крыху луг прыгодны... Хвойнік, мох ды верасок. А туманы, як пялёнка, Засцілаюць лес і гай. Ой ты, бедная старонка! Ой, забыты богам край! (Я.Колас). Прыйшлі мой край закатаваны Браты-героі вызваляць, — Байцы франтоў і партызаны На Беларусі побач спяць (П.Броўка). Падняліся арлы па-над Нёмнам-ракой, Грозным клічам гукнулі сыноў Мастаўляны. І здалося, што сам Каліноўскі з труной развітаўся, каб вызваліць край здрасаваны (К.Кірэенка). Заснулі ўсе, адзін Нябаба, На лаве лежачы, не спіць: Не так баляць цяжкія раны, Як сэрца ные і баліць, Баліць за край свой здратаваны (М.Танк). Я ведаю — прытулку там няма: Зямля і край знявечаны... (Я.Колас). За ўсіх і за ўсё мы адпомсцім — За край зруйнаваны, за здзекі, За нашых сясцёр і братоў (П.Панчанка). Ты пачуеш... Як над краем, калісьці загнаным, Як над краем спрадвечнай журбы Узыходзіць світанак чаканы... (А.Звонак). І ліст ападае з бярозы і грушы, І толькі без ветру няродны край сушыць (М.Танк). Трэба ж было пры жыцці табе зведаць Сум па далёкім, пакінутым краі (М.Танк). Злічы ахвярных юнакоў, мая праставалосая краіна (В.Жуковіч). Мая зямля, мой край распяты, Не радуй ворага слязой (П.Панчанка). А сягоння на чужой бяседзе У далёкіх сіверных краях Я прыпомніў, што сумуе недзе Залатавалосая мая... (А.Звонак). Край беларускі мірны, сумны, Свой родны край ці помніш ты? (Я.Купала). Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету (П.Глебка).

* Краіна-пралеска, матуля-краіна, маці-краіна, сонца-краіна.

І выходзілі хлопцы-вяскоўцы, на бой За краіну-пралеску сям'ёй незлічонай (К.Кірэенка). Матуля-краіна! Я вярнуся к табе, каб ніколі ў жыцці не пакінуць (К.Кірэенка). Шле горад падзяку ад маці-краіны У вёску... (К.Кірэенка). Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць Першы раз: “Беларусь, мая сонца-краіна!” (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць