КРОК (крокі). Поступ, хада, паходка.

1. Пра хуткасць, памер, характар кроку; пра манеру паходкі: акрылёны, бадзёры, бойкі, борзды, буйны, выразны, вялікі, гіганцкі, горды, жвавы, знаёмы, зямны, мажны, малады, маршавы, мерны, моцны, мужны, натхнёны, нестрыманы, няспешны, паважны, павольны, пасвяжэлы, пераможны, пругкі, прыгожы, радасны, развітальны, разгоністы, размашысты, размераны, роўны, руплівы, смелы, спорны, сталы, таропкі, упэўнены, урачысты, цвёрды, часты, чуйны, шпаркі  аднастайны, адчайны, асцярожны, гнеўны, дробныя (мн.), запаволены, захмялелы, змораны, марудны, насцярожаны, натруджаны, невялічкі, незнаёмы, непадслуханы, непазбежны, нервовы, неспакойны, нязграбны, нямоглы, няпэўны, нясмелы, паспешлівы, разбойніцкі, развалісты, расслаблены, расхлябаны, спалоханы, стомлены, халодны, хісткі, хітры.

Ах, два гады назад Было здзіўленне сэрца, Было з'яўленне цуда І стыхіі, якія неслі па дыяганалі Мой акрылёны, непазбежны крок (Я.Янішчыц). Да яго [Васіля] бойкім, размашыстым крокам падыходзіў Антось (А.Кулакоўскі). У хаце нешта грукнула аб падлогу і затупалі борздыя і лёгкія крокі (І.Пташнікаў). Яны [слупы] мне ўяўляюцца чыімісьці гіганцкімі крокамі (Р.Сабаленка). Спыняюцца зямныя крокі, А песні ў вечнасці жывуць (А.Бачыла). Грымяць мажныя крокі, Над глыбінёю нашых вуліц Будынкі высяць кроквы (П.Глебка). Ён [Сымон] ідзе, ідзе напорна Крокам смелым, маладым (Я.Колас). Сцёпка трохі падумаў. Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты (Я.Колас). Шпаркім маршавым крокам Валерый падышоў да Кастуся... (А.Якімовіч). Яны кладуць баразну за баразной, ідуць павольным, але моцным крокам наперад (З.Бядуля). Славяць палі Навагрудчыны Генія мараў высокіх, Чуюць дубы па-над Свіцяззю, Чуюць натхнёныя крокі! (П.Броўка). Бушавала бура з сілай нечуванай, А вы йшлі напорна крокам нестрыманым (Я.Колас). Ён ішоў на трыбуну паважным, упэўненым крокам... (М.Гамолка). [Марыля] да студні ішла пасвяжэлым, спорным крокам (А.Савіцкі). Крок быў цвёрдым і пругкім (Э.Самуйлёнак). Калі б ад тваіх развітальных крокаў і слоў аддзяліць цішыню, што ўварвалася ў хату... (М.Танк). Вера схамянулася ад паспешлівых разгоністых крокаў (М.Паслядовіч). [Багдан] ішоў смела, хуткім размашыстым крокам (А.Савіцкі). Мяне разбудзілі нечыя размераныя цвёрдыя крокі па ўзбочыне дарогі (І.Навуменка). Сцяпан ішоў няспешным крокам Ускрай высокай збажыны (Н.Гілевіч). Так хацелася, каб пачуліся руплівыя крокі [людзей]... (І.Новікаў). Сталым крокам між бярозак З сябрам-кіем ён [Сымон] ідзе, А з ім лісце ў гушчы розаг Мову згодную вядзе (Я.Колас). [Алёшка] чуў... частыя таропкія крокі [Рэні] на садовай сцежцы (М.Лынькоў). Чуйныя, дажджом размытыя крокі (Я.Янішчыц). Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок (І.Навуменка). Спыню свой крок адчайны і таропкі... (Я.Янішчыц). То былі асцярожныя, але таропкія крокі [Паўла] (Т.Хадкевіч). Ледзь сціхлі за ганкам гнеўныя крокі, Хоню ўзяло шкадаванне, што гаварыў так задзірыста (І.Мележ). Крокі доўга было чуваць, насцярожаныя, занадта запаволеныя (А.Савіцкі). Пачуліся асцярожныя і страшэнна марудныя крокі (М.Зарэцкі). [Іван Іванавіч] ускочыў з крэсла і дробнымі крокамі выбег з пакоя (В.Быкаў). Цвёрда мною завучан натруджаны крок Твой [мамін]... (Я.Янішчыц). Красавік, я чую крок твой, Неспакойны,, захмялелы!.. (А.Звонак). Зранку ёй [вясне] было пад сілу зрабіць нясмелы, невялічкі крок... (М.Лужанін). Чакае дзед, І чуе ён здалёк Цяжкі і незнаёмы нечы крок (П.Панчанка). Лес да макавак гулам спавіты, Тоне ў ім непадслуханы крок (А.Пысін). Адзін з іх [людзей] ішоў так ціха, што яго крокі пачулі, толькі прыслухоўваючыся да нязграбных крокаў другога (У.Караткевіч). Нервовым крокам яна прайшла па пакоі... (Я.Васілёнак). Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны (Я.Брыль). І хісткі, і няпэўны крок Сваім [бабуліным] засведчаць пасяджэннем (А.Пысін). Ігнат ішоў расслабленым крокам (А.Кудравец). За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпат (Я.Скрыган). Момант. Спыняецца змучаны зрок, Чыйсці знаёмы халодны крок, І дакранаюцца пальцы: Устаньце, Мікола, Устаньце! (М.Хведаровіч). Больш не горка гасцям. Нават мёду не п'юць. Хісткім крокам ідуць да парога (Н.Гілевіч). Урокі вывучыўшы, васьмікласніцы Развучваюць факстрота хітры крок (Р.Барадулін).

2. Пра гучанне крокаў, пра іх лёгкасць (грузнасць): бязгучны, бясшумны, важкі, гулкі, гучны, звонкі, кашэчы, лёгкі, мяккі, нячутны, салаўіны (аўт.), ціхі  глухі, грузны, прыглушаны, прыцішаны, слановы, сталёвы, тупы, цяжкі, чыгунны.

Яны [вочы] з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі (У.Караткевіч). Ідзе ён [Драздовіч] важкім і ўпэўненым крокам па сцяжынах і ўзгорках такой роднай яму Дзісеншчыны. (А.Марачкін). Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі (У.Караткевіч). Пачуліся хуткія і мяккія, але дужа знаёмыя крокі — ішоў Артур (А.Савіцкі). Праходжу моўчкі я начную плошчу, І ловяць сутарэнні гулкі крок (П.Панчанка). Хіба толькі мой слых і зрок Захаваюць яшчэ надоўга Ціхі голас і звонкі крок (Р.Тармола). На сцяжынцы... пачуліся лёгкія крокі (М.Ракітны). Ты [чалавек] не чуеш, як падаюць росы патокам, Як гарлачыкам трызніцца новы дзень, Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі Над вялікай ракою каханне ідзе (У.Караткевіч). Цемра. Глухія крокі... Яны ішлі даволі доўга (У.Караткевіч). Марыя чуе яго цяжкаватыя, грузныя крокі (А.Кулакоўскі). Раптам Тварыцкі пачуў як бы прыглушаныя крокі (К.Чорны). Сталёвым крокам... Пад узрывы медныя аркестраў Ідуць калоны... (М.Танк). Тупы, цяжкі, павольны крок — Выходзіць з дому Касцянок, Каля акна ўмываецца Халоднаю вадой (А.Куляшоў). Марш жалезны. Чыгунны крок (У.Караткевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць