ЛЕС. 1. Пра вышыню, гушчыню, велічыню, колер; пра характар кроны дрэў; пра вільготнасць і тэмпературу (лесу): бяскрайні, высокі, вялікі, густалісты, густы, дрымотны, дрымучы, магутны, магучы, некрануты, непрабудны, непралазны, непраходны, несканчоны, стромкі; асмуглы, белагаловы (паэт.), жоўты, залаты, збялелы, зялёны, празрысты, сіне-зялёны, сіні, смуглы, сонечны, цемраністы (аўт.), цёмны, чорны, чырвоны; бязлісты, голы, зубчасты, кашлаты, кучаравы, рабрысты (аўт.), сакавіты, свежы, цяністы; вільготны, дажджысты (аўт.), марозны, мёрзлы, росны, снежны, цёплы.

Зайздрошчу я табе, ляснічы... Бяскрайні лес — твая дзяржава (П.Броўка). Не налюбавацца гэтым лесам! Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці... стаяў ён воддаль, побач з ракою, расступаючыся перад ёю, як перад красуняю (Я.Колас). Там цягнуўся вялікі лес, густы і стары (Я.Колас). Калышацца дрымучы лес (М.Танк). Як жа сівер замкне азёры, Распране густалісты лес? (А.Вялюгін). З двух бакоў стаяў магутны лес — дубы, бярозы (І.Шамякін). Лес, непралазны, некрануты, якому, здавалася, і канца няма, прыгнятаў Андрэя (П.Пестрак). Уразаецца ў нетры прагрэс — Расступаецца дзікі лес, лес непраходны, лес непрабудны, — Блізка, блізка дзень яго судны... (В.Зуёнак). Шлях карэльскі, Валуны, як горы, І дрымотны, несканчоны лес (П.Броўка). Стромкі лес белагаловы пахмурнеў увесь, суровы прыглушыў яго мароз (А.Александровіч). У поўным бляску месяц круглы... Глядзіць на дол, на лес асмуглы... (Я.Колас). Адышлі дні былыя ў песню. Дзе сябры мае? Дзе яны? Ходзіць вецер па жоўтым лесе І не бачыць нідзе вайны (П.Панчанка). Я чую сціплы шолах вольхі, І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым (А.Александровіч). Ах лес, як добры той знаёмы, Стаіць збялелы, нерухомы (Я.Колас). Хоць слаўлю зіму, Не цешыць празрыстага лесу свячэнне, Не знаю чаму (У.Паўлаў). У промнях сонца купаўся сіне-зялёны лес (А.Астапенка). Начамі побач навальніцы грымяць і б’юць за сіні лес, На золку бліскаюць зарніцы І ціха лопаецца бэз (С.Грахоўскі). І з табой [з Нёманам] высокі, смуглы Лес ціхутка гаварыў (Я.Колас). Мы любаваліся і полем абапал дарогі, і хатамі пад цяжарам буслянак, і сонечным лесам (Я.Брыль). У небе зорачка нясмела над гэтым лесам цемраністым Зірнула вокам прамяністым (Я.Колас). Лес цёмны з ветрам гаманіў (Я.Купала). Гэта лютасць вяртае Век панура-пячорны З партызанскага краю Лес чырвоны і чорны (Р.Барадулін). Убярэцца лес бязлісты У гарнітур свой зялёны (Я.Колас). Ударыў гром на голы лес (М.Танк). Наперадзе зубчасты хваёвы лес, незнаёмы, і таямнічы (І.Новікаў). А знізу гэты лес кашлаты Меў зелянюсенькія шаты (Я.Колас). Балота... як згледзець воку, на цэлыя кіламетры, да сіняй пасачкі кучаравага лесу (І.Мележ). Сонца садзіцца за лес рабрысты (А.Грачанікаў). Плылі [хмары], як гускі маладыя, Чародкай белай над лугамі, Над свежым лесам і палямі (Я.Колас). Ой, панёсся б з вамі, хмары, Я ў той лес цяністы, Дзе ўдыхалі б мае грудзі Хвояў пах смалісты! (Я.Колас). Вільготны і цёплы лес прапах грыбамі, чарніцамі (А.Адамовіч). Лес — сонечны, дажджысты, росны. Лес снежны, лес дзівосна розны (П.Марціновіч). Еду ў студзеньскі марозны лес (А.Пысін). Ад паху мёрзлага лесу магла закружыцца галава (К.Чорны).

2. Пра ўзрост (век) лесу: векавы, вячысты (паэт.), першабытны, пракаветны, стагодні, старасвецкі, стары, шматвяковы, юны.

Ўсё гамоніць вакол і шуміць, як даўней, Гэты лес векавы, гэты бор (Я.Колас). Я вечны вязень твой, Ушацкі лес вячысты! (Р.Барадулін). Тысячу год назад большую частку цэнтральнай і ўсходняй Эўропы пакрываў дзікі і цёмны першабытны лес (У.Караткевіч). Няма ўжо і тых пракаветных, няходжаных лясоў, што гаманілі з небам... (Б.Сачанка). Густы старадаўні лес дзвюма магутнымі сценамі абступаў дарогу (Я.Колас). Гэта быў старасвецкі лес (Я.Колас). Я іду ў стары, дрымучы лес Па знаёмых сцежках і палянах (М.Танк).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (лесу): бяссонны, важны, велічны, вясёлы, гаманлівы, горды сваім узростам, дарагі, дзівосны, дзіўны, дружбавіты (аўт.), дрымотны, духмяны, загадкавы, задуменны, задумёны (разм.), зачараваны, звонкаструнны (аўт.), казачны, лагодны, мудры, неўгамонны, нязвыкла ціхі (аўт.), поўны радасці, прыветны, прыгожы, родны, слаўны, сцішаны, таемны, таямнічы, харошы, ціхі  амярцвелы, вусцішны (разм.), глухі, грозны, дзікі, жудасны, журботны, зажураны, замрэяны (аўт.), занямелы (разм.), зацяты, здзічэлы, змрочна-сінявы (аўт.), змрочны, змярцвелы, знямелы, маўклівы, натапыраны, нахмураны, незнаёмы, нерухлівы (разм.), нерухомы, пануры, пахмурны, расстрэлены (аўт.), сонны, строгі, страхлівы (разм.), суровы, таямніча-зацяты (аўт.), трывожна-насцярожаны, трывожны, тужлівы, хмурны, хмуры, шматпакутны (паэт.), шумлівы, шумны.

Лес мой бяссонны! У час навальніцы буду разгадваць твае таямніцы (Г.Кляўко). Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны (Я.Колас). Цэлымі гадзінамі лясы і лясы, старыя, гордыя сваім узростам лясы! (У.Караткевіч). Дарагія лясы, дзе партызаніў, дарогі, па якіх хадзіў чырванагвардзейцам (І.Мележ). А лес, хлопча, хоць ён дзікі, Але мудры і дзіўны (Я.Колас). Я вынесу на тысячы дарог Цябе, харошы, дружбавіты лесе, І цеш ты сэрца салаўінай песняй, Асеньвай прахалодаю мурог!.. (У.Дубоўка). Спавіты дробнай сеткай імжы, набрынялы вільгаццю, па-асенняму дрымотны лес абудзіўся (Т.Хадкевіч). І хата ўжо блізка, і лес наш духмяны Пах смолак зычліва струменіць (Я.Колас). У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы (М.Машара). Я вырас, захапляючыся тут высокім небам, Шчары ціхім звонам, Агністым сонцам, лесам задумёным (А.Лойка). Звонкаструнны ты, мой лесе, Галасісты гай, Для мяне, якую хочаш, Песню заспявай (А.Русак). Навокал знерухомеў сцішаны і лагодны лес (А.Савіцкі). Мой край азёрны, край люстраны! І сёння я з табою ўвесь — З палямі, з трактарам старанным, З табою, неўгамонны лес (П.Броўка). А лес! Не налюбавацца гэтым лесам. Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці... (Я.Колас). Лес Петрыку здаецца зусім незнаёмым, загадкавым, таямніча-зацятым (І.Навуменка). Куды ні зірні — усюды лес ды лес — таемны, магутны, прыгожы (Р.Мурашка). Там, за ракою, таксама, як і за вёскаю, стаіць сцяною лес, нязвыкла ціхі ў гэты прадвячэрні час (В.Гігевіч). І не раз гэта зорка ў родных лясах Мне да дома дзяўчыны паказвала шлях (А.Куляшоў). У партызанскім слаўным лесе, Ў густым ягодніку брусніц, Варожы чорны танк стаіць (М.Танк). За вокнамі снежныя казкі расказвае сцішаны лес (С.Грахоўскі). Лес сіні, як ад дыму, і ціхі, натапыраны (І.Пташнікаў). А лес маўчыць, глухі, таемны (Я.Колас). Яму [Астапу] было шкада і ціхага лесу, і сонечнай сялібы, і прытуленай рачулкі — на ўсё гэта, відаць, замахваліся гэтыя чужыя людзі (М.Лынькоў). Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін... (Я.Колас). Апейка, едучы маўклівым, вусцішным лесам, доўга і радасна думаў пра Алеся (І.Мележ). Побач дарогі стаяў лес, пануры і грозны (Я.Колас). Жудасны лес моўчкі калышацца пад ззяннем зорак паўночных (З.Бядуля). Маўчыць журботны зімовы лес (М.Лынькоў). Сцежка ўзбегла на пагорак, з яго адкрыліся выгібы рачулкі, а за ёю замрэяныя, зажураныя, бясконцыя лясы (У.Караткевіч). Ёсць хараство і ў гэтых зімах І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі (Я.Колас). На полі неба лес страхлівы Стаіць зацяты, нерухлівы (Я.Колас). Мы ідзём па сцяжынках, на якія не вернемся, Мы ідзём па дзіцячых здзічэлых лясах (Р.Барадулін). [Далі] былі ўбраны... у змрочна-сінявыя лясы (З.Бядуля). Ён [Сяліба] добра ведаў гэты змрочны лес (М.Танк). Затое ў лесе, змярцвелым і суровым, было зацішна і нават цёпла (А.Асіпенка). І над знямелымі лясамі Шугае полымя рабін (С.Грахоўскі). Маўклівы лес навісаў з бакоў, хаваючы дарогу ад зорнага неба (А.Кудравец). Лясы нахмураныя ўсталі, І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы (М.Танк). Лес стаяў хмуры і трывожна-насцярожаны. Нерухомы, ён нібы, спаў, сагрэўшыся ў снегавой адзежы (А.Кудравец). Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд (Я.Колас). Старажытнасць глядзіць затуманеным воблікам З курганоў прыдняпроўскіх, з пахмурных лясоў (П.Панчанка). Вы мне скажаце: будзе ізноў бэз і дзяўчаты ў лёгкіх блакітных сукенках... Для мяне ж яшчэ доўга расстрэлены лес Захліпацца будзе дзіцячым енкам (П.Панчанка). Успамінаецца Асі, што яна таксама сядзела ў цёткі на руках і, як цяпер гамоніць сонны лес, тады гаманіла вада (Я.Брыль). Надыходзіў вечар. Вышыню, маўклівы, строгі лес паволі агортваў сіняваты прыцемак (І.Мележ). Людзей не знаў лес гэты хмурны (Я.Купала). Не трэба, каб уставалі ў нетрах [Пушчы] слупы дыму, каб гэты (адзіны ў Эўропе) і такі шматпакутны лес аддаваўся на водкуп... (У.Караткевіч). Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее (А.Куляшоў). Нікла жыццё ў шумным лесе, Агаляўся твар зямлі, І ляцелі ў паднябессі З звонкім крыкам жураўлі (Я.Колас).

* Бор-лес, лес-волат, лес-гусляр, лес-гушчар, лес-ноч, лес-ратавальнік, лес-шаптун, лясы-імшары, лясы-пералескі.

У вянку з пралесак, У святлянай шаце Ходзе [вясна] борам-лесам, Полем, сенажацей (Я.Купала). На доўгія вёрсты і мілі Раскінуў лес-волат шатры (Я.Колас). Зложыць нам былін нямала Беларускі лес-гусляр (Я.Колас). Я праязджаю тым маршрутам Праз беларускі лес-гушчар, Якім, скаваўшы думы ў путы, Паэта гнаў у ссылку цар (А.Александровіч). Лес-ноч гаманіста, шумліва З мінуўшчыны казкі складае І шле іх далёка... (Я.Купала). Памяць зямлі, памяць лесу-ратавальніка святая (Ф.Янкоўскі). Ніхто так з казкамі не пазнаёміць, Як лес-шаптун (М.Танк). І гараць лясы-імшары, — дымяцца балоты (П.Трус). Лясы-пералескі, дубровы, гаі З бярозамі ў чорных прошвах І ноччу і днём шумелі-гулі, Каб песня была харошай (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць