ЛЕТА. 1. Пра характар надвор'я (тэмпературу, вільготнасць, яркасць сонца і інш.); пра колер; пра час наступлення: гарачае, грымлівае, душнае, зыркае, маланкавае, парнае, пякучае, спякотнае, сухое, хмарнае, цёплае  дажджлівае, дажджыстае (разм.), халоднае; белазорае (аўт.), белае, вечназялёнае, залатое, зялёнае, краснае (нар.-паэт.), светлае, сіняе, смуглявае, чырванашчокае (паэт.), яркае, яснае  пасівелае, сівае, шкляное; бурнае, дачаснае, доўгачаканае, запозненае, кароткае, позняе, ранняе.

Нясу я вітанне Ўраджаям нябачаным, І зімам, і вёснам, І лету гарачаму (П.Макаль). Сад адцвіў, і гарачае лета Напаўняе ўжо сокамі завязь (К.Кірэенка). Лясной малінай палымнее... Грымлівае, маланкавае лета (М.Федзюковіч). Сосны. І горкія гронкі рабін. Ціхія могілкі. Душнае лета (Я.Янішчыц). Вясна была ўжо зыркім летам, Запозненага шчасця мела ўзлёт (Е.Лось). Не баюся парным летам ў полі жыта жаці! (Л.Геніюш). У іх халодныя зімы, пякучыя леты і ў крыві то мароз, то агонь (У.Караткевіч). Лета, якое спякотным было і сухім, Нашых сяброў нечаканасцю новай спаткала (А.Куляшоў). — Гэй, дзеці, кланейцеся гэтым Барам, азёрам і лугам, Што ў дні вясны і цёплым летам Прытулак свой давалі нам (К.Кірэенка). Белазорае бабіна лета У гародчыку расцвіло (А.Вялюгін). Як пайшло маё сэрца па беламу свету Пакланіцца зялёнаму, беламу лету (К.Кірэенка). Праз сумёты мы пойдзем туды, дзе далёкія птушкі дзяўбуць вечназялёнае лета (Я.Сіпакоў). Як прыйшло, Так і пайшло, Ціха, непрыкметна, За палеткі, за сяло Залатое лета (М.Танк). Спіць пад снежнай коўдраю палетак, Спіць, напэўна, залатое лета (П.Макаль). Яшчэ няспелае, дачаснае Упала ніцам І запалала лета краснае Усё ў суніцах (В.Вітка). Нарачанскае сіняе лета Пахам сосен плыве над вадой (П.Прыходзька). Промень падыме смуглявае лета (М.Стральцоў). Цешуся зялёным пошумам чырванашчокага лета (Р.Ігнаценка). Ехала лета, Яркае, нібы сонца, Звонкае, як крыніцы, Паганялі яго бліскавіцы... (У.Карызна). Так жыве ў пасівелым леце Вёсен вогненных маладосць (А.Вялюгін). Ёй [восені] у нас не адабраць празрыстае смугі шклянога лета (Х.Жычка). Эх ты, лета гарачае, бурнае! Ажыўляеш ты поле і луг (Я.Купала). Лета! Доўгачаканае лета. Да зямлі прытуліцца б сагрэтай... (В.Вярба).

2. Пра ўраджайнае, плоднае лета: багатае, буяністае (аўт.), зайздроснае (аўт.), пшанічнае, саспелае, спелае, спрыяльнае, ураджайнае, урадлівае, шчодрае.

Як успамін раіцца лістапад: Зялёнае, буяністае лета, Дзе ты? (П.Макаль). Машына са збожжам Гасцінна бяжыць — ...І вецер разносіць над светам: У нас — зайздроснае лета. ...У нас — багатае лета (П.Макаль). Яна лунае ў прастор — песня пра нашы прыгожыя, спакойныя прасторы, пра нашу бела-зялёную вясну, наша залатое пшанічнае лета (Я.Брыль). Млее саспелае лета (Г.Пашкоў). Спелае лета. Лагода і мір. Толькі без бацькі... (Я.Янішчыц). Лета надышло спрыяльнае для ўраджаю (Т.Хадкевіч). Мігцяць за жняяркай касынкі дзяўчат. Красуюць узорамі кветак, І следам — снапы залацістыя ў рад: У нас — ураджайнае лета (П.Макаль). З вясной у яе [маці] была звязана надзея на ўрадлівае лета (В.Жуковіч). Паўтараецца шчодрае лета, Азараюць мой шлях перуны... (Я.Янішчыц).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (лета): выдатнае, высокае, зацішнае, звонкае, звонкарэхае (аўт.), крамянае, любае, мядовае, падпаскавае (аўт.), працавітае, прыгожае, прыгожа-квяцістае (аўт.), раскошлівае (аўт.), раскошнае, роднае, ціхае, цудоўнае, чароўнае, шчаслівае  бразгатлівае, ганарлівае, камарынае, непадступнае, нясмелае, расхрыстанае, спатнелае, стомленае, строгае, сумнае, суровае, цяжкае, шчымлівае.

Якое выдатнае плыве лета! (І.Навуменка). Высокае лета буяла, цвіло. Драмала на пасеках ціш (А.Вялюгін). І ў зацішным падпаскавым леце Той прафесіі [машыніста] прагла сама (Е.Лось). І сумна, і крыўдна, і горка, Што ўжо не вярнуцца назад У звонкае шчодрае лета... (С.Грахоўскі). Адгуло, адплыло маё лета вазамі Звонкарэхае, Я не збярог (Р.Барадулін). Крамянае такое ходзіць лета (У.Хадыка). Эх, лета-лецейка любое, Ты адцвітаеш, залатое!.. (Я.Колас). Ох і лета мядовае будзе... (В.Хомчанка). Камбайнер спацелы Сядзіць за рулём: У нас — працавітае лета (П.Макаль). Лета ты, лета прыгожа-квяцістае, Колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я.Купала). Сярэдзіна раскошлівага лета. Цяніста ў садзе... (А.Лойка). Хмарнае роднае лета, Восень за лета не лепш, І пад суровай сурвэтай Чорны, ды смачны свой хлеб... (Е.Лось). Табе здалося: гэта сівізна гарачай працай стомленага лета, Ды ціхае і светлае яно... (А.Вярцінскі). І якому шчасліваму лету Зноў кукуе зязюля ў бары (Я.Янішчыц). За акном строгае бразгатлівае лета, накрылася ад сонца... шалем хмар, ганарлівае, непадступнае (Р.Мурашка). І толькі камарыным летам, У доўгі незаходны дзень, Сярод праталін тлеюць цветам Кіпрэй, іван-чай ды скрыпень (М.Танк). З далёкага цяплыньскага павета, Пакінуўшы ржавець з’араны плуг, Спатнелае, расхрыстанае лета Прыйшло — і луг ад конікаў аглух (Р.Барадулін). Там лета шалела. Спякотнае, Сумнае лета... (У.Някляеў). Вайна. Суровае цяжкае лета. Па вуліцах Масквы плывуць вянкі. Праводзяць у апошні шлях паэта, Вянок яму прынеслі землякі (М.Аўрамчык). Успамін пра тое шчымлівае лета асвятляў яму жыццё... (Я.Сіпакоў).

* Лета-песня, лета-свята.

Пакуль жа цвіло іх [Васіля і Ганны] лета. Лета-песня, лета-свята... (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць