МЕСЯЦ. Планета.

1. Пра велічыню, форму; пра час з'яўлення на небасхіле: востры, вузкі, вышчарблены, двурогі, круглаліцы, круглы, крутабокі, крутарогі, няпоўны, пашчэрблены, поўны, рагаты, тонкі, шчарбаты, шырокі; апознены (разм.), жнівеньскі, малады, ранні, спелы.

...Маё шчасце з духмянай мятай Жнівеньскім вострым месяцам зжата (М.Танк). Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, хораша свеціць над чорнаю цемрай... (Я.Колас). Свеціць вышчарблены месяц. Бледнае святло яго прабіваецца праз лісце ліпы... (А.Пальчэўскі). Водбліскам пажару неба край гарыць — Там двурогі месяц выплыў з-за гары (Я.Колас). Стаў чырван месяц куглаліцы, І зоркі боязна дрыжаць (Я.Колас). Крутабокі, крутарогі ходзіць месяц ля дарогі (А.Грачанікаў). Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц (М.Танк). Поўны месяц высока стаіць над палямі (Я.Брыль). Халоднае неба здаецца загадкай, І лукам згінаецца месяц рагаты (С.Гаўрусёў). Хай будзе тонкі месяц за фіранкай (Г.Бураўкін). Па небе плыў шчарбаты месяц (Я.Васілёнак). Плывуць стругі, плыты, плыты — Сасновы звонкі лес, Шырокі месяц залаты І берагі ў імгле (М.Танк). Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам... (Я.Колас). Малады месячык схіліўся над ветракамі (Я.Колас). Спелы месяц над ціхай Волгай. Глядзіш — і на кручы здаецца: у цёмначы смутнай і волкай не Волга, а месяц ліецца (А.Вялюгін).

2. Пра колер, празрыстасць, характар месячнага ззяння: агністы, аліўкавы, белы, блакітны, блішчасты, бурштынавы, бялесы, бяляны, жоўты, залаты (нар.-паэт.), зялёны, падрумянены, пурпурна-чырвоны, ружовы, румяны, серабрысты (паэт.), сівабровы (паэт.), смуглы, снегавы, срэбны (нар.-паэт.), срэбраногі (паэт.), чырвоны, ярка-медны, яркі, ясны (нар.-паэт.)  бледны, замурзаны, мутны, пранізліва-чырвоны, пурпурна-крывавы, сцьмелы, туманны, халодны, цьмяны.

Яна [прырода] падзяліла ўсё без падману... Вуліца — пылу, рэчка — туману, А рэдкія зоркі — агністаму месяцу (Ю.Свірка). Над вежамі свяціў месяц — такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы (У.Караткевіч). Зірні наўкола, стань, пастой, Дзівіся пекнатою, Як белы месяц над ракой плыве ў нямым спакоі (А.Звонак). Месяц быў блакітны (М.Ваданосаў). І сумаваў тады круглы блішчасты месячык і хаваў свой твар у светлых хмарках (Я.Колас). Сінім небам — месячык бялесы, Сінім небам — грае вышыня (Л.Гаўрылаў). Выгляні, месяц бяляны, Светач ад веку да веку (Я.Купала). І месяц, як антонаўка, жоўты і тугі (Г.Бураўкін). Люблю ў пагодную я ночку... На месяц залаты глядзець (К.Буйло). На небе месяц устаў зялёны І хутка стане снегавым (М.Багдановіч). Выплыў месяц круглы, поўны, Падрумянены, як блін (Я.Колас). Месяц на небе пурпурна-чырвоны, Панура так зоры гараць (К.Буйло). І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх (С.Гаўрусёў). Свеціць серабрысты месяц, Пад ялінай вецер нанач лёг у лесе (А.Александровіч). Нават месяц сівабровы водзіць зорны карагод (А.Александровіч). Смуглы месяц хаваўся за горы (П.Трус). Срэбны месяц прытаіўся І глядзіцца ў раку (Н.Гілевіч). Без сцяжынкі, без дарогі Ходзіць месяц срэбраногі (Н.Гілевіч). Усходзіў месяц, вялізны, чырвоны, яркі (А.Асіпенка). Над цёмнаю каронай стромкіх дрэў вісіць на жылах сівай хмары ярка-медны месяц (З.Бядуля). Не было і не будзе ніколі, Каб хадзіў ясны месяц назад (Я.Колас). Месяц бледны срэбрам ліўся Ў нетры ночы шэрай (Я.Колас). З-за хмары выкаціўся замурзаны месяц... (С.Грахоўскі). Тут месяц выплыў мутны... І ў хмарах знік сваіх (А.Куляшоў). Пранізліва-чырвоны месяц ужо напалову схаваўся за пушчу (У.Караткевіч). Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй Выплыў месяц пурпурна-крывавы (К.Буйло). Над аблітымі шызай смугою стрэхамі заседзеўся сцьмелы месяц (В.Карамазаў). Якраз супраць Каспара блішчаў халодны жоўты месяц (З.Бядуля). Запазніўся месяц цьмяны Стаць на варту ў гэту ноч (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (месяца): вільготны (аўт.), вольны, вясёлы, гарэзлівы, гожы, гуллівы, задуменны, задумлівы, крамяны, лагодны, ласкавы, неразгаданы, нясмелы, пяшчотны, сарамлівы, спакойны, строгі, стройны, таемны, таямнічы, трапяткі, цікавы, ціхі, чароўны  адзінокі, баязлівы, бяздомны, гаротны, журботны, заплаканы (паэт.), маркотны, маўклівы, мёрзлы, млявы, насуплены, невясёлы, пагрозлівы, пахмуры, п’яны, расхлістаны (разм.), самотны, сонны, стомлены, сыты, тужлівы, халодны, хмурны, хцівы.

Вільготны месяц стуль на поле Празрысты, светлы стоўп спусціў... (М.Багдановіч). Па туманах касых вінаградныя вусікі ўюцца... і імкнуцца спаймаць малады і гарэзлівы месяц (У.Караткевіч). Пазіраў яшчэ ясней Гожы месячык няпоўны (Я.Колас). Хачу я, каб месяц гуллівы, Спрадвечны начны вандраўнік, Стаў чорны, як спелая сліва... (А.Астрэйка). У ім [азярку] купаў свае праменні задуменны месяц (Я.Колас). Над пушчаю вечар, Над пушчаю вецер, Над пушчаю месяц Задумлівы свеціць (П.Панчанка). У нейкай халоднай самлеласці каціўся над горадам месяц крамяны, слепкі і поўны (М.Стральцоў). Вольны месяц, ласкавы і нясмелы, сарамліва выглядаў з-за далёкага лесу... (“Маладосць”). Ціха месяц адзінокі Ходзіць у небе над зямлёю. Неразгаданы, далёкі, Што ты бачыш пад сабою? (Я.Колас). І месяц строгі і высокі Вартуе сон і цішыню (П.Глебка). Пацалуе твае вочкі стройны, ясны месяц (Л.Геніюш). Свяціў месяц — такі пяшчотны... (У.Караткевіч). Навучыла маці вогнік адліваць, а таемны месяц навучыў кахаць (Л.Геніюш). Над лесам — поўны, таямнічы месяц (Я.Брыль). Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі... (Я.Колас). Цяпер над полем ціхі, поўны месяц (Я.Брыль). Усходзіць месяц чароўны ў промені... (А.Гурло). Адзінокі месяц Выплыве з-за хмары, На зямлю, на неба Сходзяць яго чары (Я.Колас). Часам месяц бяздомны Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар... (М.Танк). Не шыкуй палотнаў, дзеўка, не прадзі — глянь, які гаротны месяц-маладзік! (Л.Геніюш). Сонца ціха скацілася з горкі; Месяц белы заплаканы свеціць (М.Багдановіч). Месяц маркотны свяціў, Падымалі крыжы ў неба елі (М.Багдановіч). Выйшаў месяц маўклівы (А.Бачыла). Мёрзлы месяц з-за гор Васількамі перасыпаў азёрную сінь (Т.Кляшторны). Месячык выплыў з-за гаю, невясёлы, тусклы... (Я.Колас). Месяц пахмуры ў далёкай цішы Праходзіць памалу над лесам (П.Глебка). Белы месяц, расхлістаны, п’яны, Плыў, каціўся над лесам панурым (П.Трус). І ходзіць над садамі сонны месяц (Г.Бураўкін). Вецер павее ці ўранку, ці ўвечары, Месяц тужлівы зірне з-за аблок (Я.Колас). Халодны над школаю месяц — Палярны вакол яго круг (А.Куляшоў). А хцівы месяц да відна Як быццам высцеле дарожку З бялюткай трубкі палатна (П.Броўка).

* Баханец-месячык, жартаўнік-месячык, месяц-вандроўнік, месяц-вястун, месяц-лежабока, месяц-паўня, месяц-серп, месяц-чараўнік, месяц-юнак, разведчык-месяц.

І небу, як відаць, не хацелася паверыць, што там, на зямлі, і сапраўды спакойна, бо яно зараз жа выслала з-за цёмнага краю зямлі яшчэ аднаго дазорцу — крывава-чырвоны, сцяты баханец-месячык (Я.Колас). У прасветліны паміж хмарамі выглядаў малады жартаўнік-месячык (І.Шамякін). А як хораша сцеле бляск вадзе Неразгаданы месяц-вандроўнік (Я.Колас). Гэта месяц-вястун, Гэта хлопец-пястун, Легкадумны і звонкі, Як птушка (В.Вярба). Хітра пазірае месяц-лежабока (Я.Купала). Над полем вісіць месяц-паўня (І.Навуменка). Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе (Л.Геніюш). І толькі ў мутным шкле часамі Адб’ецца месяц-чараўнік (Я.Колас). Месяц-юнак, круглаліцы, бялявы, поглядам ніжа азёрную глыб (П.Трус). Разведчык-месяц з хмараў выглядае (Л.Геніюш).

Паведаміць пра недакладнасьць