НОГІ. Доўгія, загарэлыя, зграбныя, лёгкія, магутныя, пругкія, прыгожыя, пяшчотныя, рэзвыя, спрытныя, статныя, стройныя, тонкія, точаныя, трывалыя, хуткія, цёплыя, шпаркія, шустрыя, шчаслівыя, юнацкія  аслабелыя, ацёкшыя, бусліныя, ватныя, выгнутыя, дубовыя, жураўліныя, збалелыя, здарожаныя, здранцвелыя, змораныя, кароткія, кволыя, крывыя, непаслухмяныя, нязграбныя, няўклюдныя, парэпаныя, пацяжэлыя, слабыя, старыя, стомленыя, тоўстыя, хісткія, худыя, цыбатыя, цяжкія, чужыя.

Стракатая сукенка пашыта, відаць, даўно: тонкія, загарэлыя ногі дзяўчынкі здаваліся доўгімі (Я.Брыль). А празвалі некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна [Майка] і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве... (М.Лынькоў). За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала... (К.Чорны). Упёршыся худымі і пругкімі нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, “кароль вугроў” паволі і няспынна разгойдваўся..., рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі (Я.Брыль). [Хлопчык] у адной белай кашульцы, з цёплымі ножкамі... (Я.Брыль). У яго [Ванькі] былі доўгія, як у Самсона, валасы і надта шпаркія ногі (Я.Колас). Па іх [расстраляных] прайшлі паходы, карнавалы, Мільёны ног Старых і змораных, Юнацкіх і шчаслівых (М.Танк). Чуваць было, як ціснулі аборы, уядаючыся ў стомленыя, ацёкшыя ад хады ногі (Я.Колас). На аслабелых хісткіх нагах ён [Іван] сашкандыбаў праз хмызняк уніз (В.Быкаў). Курт ужо не вымерваў двор буслінымі нагамі (М.Ракітны). Рукі і ногі нязграбныя, ватныя, паколвае па ўсёй скуры... (А.Адамовіч). Клыпае чалавек сваімі кароткімі, выгнутымі з сярэдзіны нагамі (А.Кулакоўскі). Тонкія, жураўліныя ногі пастуха былі босыя (П.Галавач). Тэкля ішла па дарозе, абапіраючыся на кій, ледзь пераступаючы збалелымі, натруджанымі нагамі (В.Быкаў). Здарожаныя ногі коле гліна (С.Грахоўскі). Чужымі, здранцвелымі нагамі Хрысця адступіла назад (В.Адамчык). Шлях да лесу даўгі, ой, даўгі... Але шустрыя ногі данеслі (Э.Агняцвет). Жанна на хуткіх загарэлых ножках ізноў ніяк не можа разабрацца, каторы бок набліжаецца да перамогі (Я.Брыль). У натруджаных Аленіных нагах млела стома (І.Мележ). Бусляняты пішчаць жалобна... І няўклюднымі нагамі Танцуюць смешна пад дубамі (Я.Колас). Моўчкі, марудна перастаўляючы пацяжэлыя, як каменныя, ногі Захар наблізіўся да бяроз (А.Савіцкі). І малы..., збіваючы з травы босымі парэпанымі нагамі сівую расу, бег, куды яму казалі (Б.Сачанка).

Паведаміць пра недакладнасьць