ПАВЕТРА. 1. Пра тэмпературу, вільготнасць, рух, гучанне, шчыльнасць і іншыя прыметы (паветра): бязветранае, вячэрняе, гарачае, гулкае, густое, дрыготкае, звонкае, зімовае, крыштальна-звонкае, лёгкае, марознае, пасвяжэлае, празрыстае, прасторнае, пругкае, тугое, цёплае, ціхае, чуллівае, чуткае  вільготнае, волкае, вязкае, дажджлівае, застылае, ігольчатае, калючае, калянае, кволае, колкае, крохкае, маўклівае, напружанае, настылае, насычанае парай, нерухомае, парнае, пахмурнае, пякучае, разамлелае, соннае, стальное, сырое, халоднае.

Ад вады ішоў халадок, вільготнае, насычанае халоднай парай паветра студзіла лёгкія, бадзёрыла, праганяла стому і сон (У.Дамашэвіч). Тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі (У.Караткевіч). Толькі ў гулкім паветры громам адклікнуўся выстрал (М.Танк). Летні ранак. Паветра яшчэ не нагрэлася, але густое, хоць ты рэж яго нажом (А.Карпюк). Надыходзіць той ціхі час, калі паветра робіцца больш звонкае, ядранае (Я.Сіпакоў). Расчыніліся дзверы, у аўтобус хлынула свежае, дрыготкае паветра... (В.Адамчык). Паветра здавалася крыштальна-звонкім, крохкім, і калі б праляцела зараз птушка, то быў бы чуцён звон яе крылаў (В.Хомчанка). І ад песні, поўнай тугі і скрухі, што нібыта нікуды не адплывала, а вісела ў ціхім марозным паветры, знаёмы боль апёк Захарава сэрца (А.Савіцкі). Максім тады спыніў фурманку, прыслухаўся і ўдыхнуў на поўныя грудзі пасвяжэлага пад ранак паветра (В.Быкаў). Звініць празрыстае паветра, Дарогу мосціць лістапад (А.Александровіч). На ганку ён [Васіль] аж захлынуўся ад халоднага, нейкага прасторнага паветра (І.Мележ). Пругкае марознае паветра абняло яго [Лабановіча] сваім дыханнем (Я.Колас). Мнагагалосы,, разнастайны паток жыцця поўніць лясы... і несціханым звонам калыша чуллівае празрыстае паветра (Я.Колас). Ціхае і вільготнае паветра раніцы прыдавала яму [гуку гармат] яшчэ большую сілу (Я.Колас). Мядзведзь ішоў, прынюхваўся да сырога, волкага паветра... (А.Кажадуб). Паветра між рэдкіх хвой — ігольчатае і калянае... (В.Макарэвіч). Седакі на санях адчувалі, як яны рэжуць сабою напружанае, як шкло, зімовае паветра (З.Бядуля). Хмары слаліся нізка, павольна, як заўсёды ў восеньскі дзень, калі паветра пахмурнае, кволае (П.Ткачоў). Настылае, аж колкае паветра п’яніць хмелем прывялай лістоты і траў, зачароўвае маўкліваю цішынёю (С.Грахоўскі). Нібы застыўшы ў разамлелым паветры, вісяць над вадой сінія і жоўтыя стракозы (І.Навуменка).

2. Пра чыстае, прыемнае, водарнае (паветра): бадзёрае, блакітнае, водарнае, гаючае, духмянае, жыватворнае, жывое, залатое, залацістае, здаровае, крыштальна-чыстае, ласкавае, маладое, марозна-чыстае, мядовае, мякка-аксамітнае, мяккае, пахкае, пекнае, піткое (разм.), п’янае, п’янлівае, пяшчотна-чуллівае (аўт.). роднае, ружовае, салодкае, свежае, светлае, хмельнае, чыстае, чысцюткае, шкляное, шчодрае, эфірнае, ядранае.

Пасля начнога дажджу... паветра было асабліва бадзёрае і прыемнае (І.Дуброўскі). Прагна ўбіраў грудзьмі яшчэ водарнае ад лета паветра лугоў (К.Кірэенка). На ўсе лады заходзіліся салаўі, асабліва на рэчцы... у духмяным, што мёд, паветры (В.Карамазаў). Паветра жывое ўдыхаю, Па сцежках ступаю ў гаі (А.Бялевіч). Другі трывожны акорд аддаўся ў залацістым замглёным паветры (У.Караткевіч). ...Паветра такое крыштальна-чыстае, якім бывае толькі ў асобныя дні верасня... (Т.Хадкевіч). Адыходзіў, адступаў цень навальнічнага прыцемку, пакідаў за сабою спакой, маладое паветра... (А.Жук). Яшчэ нядаўна марозна-чыстае паветра поўнілася пахам дымнага смуроду... (І.Мележ). І паветра здаецца мядовым... (Г.Бураўкін). Паветра было мякка-аксамітае, чуць-чуць вільготнае, як перад дажджом... (Т.Хадкевіч). У паветры, мяккім, пекным, паплыла ты тужліва, песня (М.Багдановіч). Наперадзе перад ёю [Чаславай] — бляск вады, пахкае паветра (А.Савіцкі). Паветра п’янае, бы Цынандалі (У.Караткевіч). Паветра чыстае, лёгкае, піткое... (Б.Сачанка). Асабліва гучна звініць гэтая песня надвячоркам або раніцаю, калі паветра такое пяшчотна-чуллівае, што кожны гук плыве-разыходзіцца па яго струнах у працяглых музычных тонах (Я.Колас). Чаму без роднага паветра Я доўга дыхаць не магу (Н.Гілевіч). Ні славы, ні скарбаў я не хачу, Мне б толькі прайсці непрыкметна, Зямлю сваю пад нагамі адчуць, Надыхацца родным паветрам (П.Панчанка). За мурамі сабора дагарала на купалах сонца, круціліся вакол іх у ружовым вячэрнім паветры стрыжы... (У.Караткевіч). Разгойданае цюканне сэрца, ненасытная прага салодкага эфірнага паветра, подых лёгкага ветрыку... (Ц.Гартны). На свежым лясным паветры ўсё здавалася такім смачным (В.Вольскі). Паветра здалося... хмельным, ударыла ў галаву, закружыла яе (У.Карпаў). Чыстае, свежае ранішняе паветра разносілася па невідомых струнах песні жаваранкаў (Я.Колас). І блакітнае, без хмурынкі неба, і асаблівая, незвычайная празрыстасць чысцюткага паветра... (І.Мележ). Спёка. Жаўранкі звоняць у шкляное празрыстае паветра (У.Караткевіч). Сілкуе грудзі шчодрае паветра Дапытлівасці вечным пачуццём (С.Законнікаў). У ядраным паветры ўсё вельмі далёка чуваць (Я.Сіпакоў).

3. Пра забруджанае, кепскае паветра: агіднае, горкае, душнае, задушлівае, задымленае, мляўкае, нездаровае, смуроднае, спёртае, спрасованае, тухлае, удушлівае, цяжкае, чаднае, чорнае.

Паветра густое і... агіднае (А.Якімовіч). Паветра горкае чужыны, Пыл едкі рурскае руды (П.Прыходзька). Спёртае, душнае паветра абдало Рыгора... (Ц.Гартны). Задушлівае, мляўкае паветра вагона выклікала слабасць ва ўсім целе... (“Маладосць”). На Рыгора панясло смуродам тухлага... паветра (Ц.Гартны). Стаяла густое, цёплае, смуроднае паветра (М.Гарэцкі). І зноў асела ля арэшніку цяжкое, як спрасаванае, паветра (А.Савіцкі).

Паведаміць пра недакладнасьць