ПАЛЬЦЫ (палец). 1. Пра даўжыню, таўшчыню, форму, колер, ступень мяккасці (цвёрдасці); пра характар скуранога покрыва: беласнежныя, белыя, гладкія, доўгія, загарэлыя, малыя, мяккія, прамыя, пульхныя, пухлыя, пяшчотныя, роўныя, ружовыя, тонкія, точаныя  адтапыраныя, бледныя, вузлаватыя, глініста-рудыя, грубаватыя, драўляныя, дубовыя, жалезныя, жоўтыя, жылаватыя, жылістыя, закарузлыя (разм.), заскарузлыя, зашмальцаваныя, караватыя, каравыя, кароткія, каструбаватыя (разм.), кручкаватыя, куксатыя (аўт.), парэпаныя, пачарнелыя, пляскатыя, растапыраныя, сагнутыя, скурчаныя, сухія, тоўстыя, чорныя, чырвоныя, шорсткія, шурпатыя.

Растапыраныя, кароткія і пухлыя белыя... пальцы выразна выдзяляліся на цёмна-зялёным аксамітавым абрусе (П.Галавач). Беласнежныя гладкія пальцы піяністкі, здавалася, ледзь-ледзь краналіся клавішаў (“Маладосць”). На дошках засталіся адбіткі пальцаў, нейкіх дужа доўгіх (А.Савіцкі). Якія пяшчотныя і мяккія ў яе [дзяўчыны] пальцы! (А.Савіцкі). Маленькая далонь, на якой я адчуў мазалі, і ўсе пяць малых і цёплых пальчыкаў схаваліся ў маёй бруднай, вялікай жмені (Я.Брыль). Ён [Мінкін] маладзее ў твары. Махае валасатымі рукамі. На адным з пульхных падагрычных пальцаў масіўны пярсцёнак з рубінам (З.Бядуля). Тонкія ружовыя пальчыкі дзяўчыны дрыжаць, голас зрываецца на шэпт (“Беларусь”). На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая (К.Чорны). Пальцы... на левай руцэ нейкія глініста-рудыя, сагнутыя, зрэдку варушацца (А.Савіцкі). Вузлаватымі кароткімі пальцамі жанчына сціскала ражкі хусцінкі, няўцямна пазіраючы на незнаёмых... (“Полымя”). Па гузіках баяна лёгка і чула ходзяць грубаватыя пальцы... кавальскіх рук (Я.Брыль). Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы (Я.Скрыган). Міцька ад нечаканасці расчыніў свае жалезныя пальцы (І.Шамякін). Перад ім закарузлымі пальцамі карты цыганка лажыла (Н.Гілевіч). Потым [паказаўся] увесь ён [Чарнушка]... у даматканай сарочцы і штанах, босы, з кручкаватымі жоўтымі пальцамі на нагах (І.Мележ). Як нейкі скарб трымаюць камялі, Шырэй тапыраць пальцы караватыя (Р.Барадулін). ...Угледзеў цёмны раздвоены пень. Быццам два куксатыя пальцы незразумела вялізнай рукі вылазілі з шэра-зялёнай зямлі (А.Кудравец). [Рукі жанчыны] учэпістыя, з няроўнымі, падобнымі на зубчыкі ржавелай пілы ногцямі на каструбаватых пальцах (А.Савіцкі). Шурпатая ў бацькі далонь... Тоўстыя парэпаныя пальцы... заўсёды чорныя, зашмальцаваныя — не адмыеш іх мылам (М.Лынькоў). [Наста] разглядала пачарнелыя, у дробных рэпінах пальцы (А.Савіцкі). Курдзянкоў... стаяў і мацаў пляскатымі кароткімі пальцамі дрэнна вымалачаныя каласы (І.Дуброўскі). Сполах, нянавісць у сп’янелых вачах... чалавека... і рух затвора, які смарганулі тоўстыя чырвоныя пальцы, вярнулі Захара ў свет рэальны (А.Савіцкі). Спелае зерне скрозь пальцы шурпатыя льецца (С.Гаўрусёў).

2. Пра стан, рухавасць пальцаў; пра іх ацэнку: артыстычныя, далікатныя, дрыготкія, дрыжачыя, залатыя, зграбныя, пакорлівыя, палкія, рухавыя, спрытныя, трапяткія, умелыя, хуткія, цёплыя, чуйныя, чуллівыя  абвялыя, агрубелыя, адзервянелыя, ацёклыя, брудныя, вялыя, загрубелыя, задубелыя, занямелыя, здранцвелыя, знямелыя, кволыя, непаслухмяныя, нервовыя, нерухомыя, падагрычныя, перапэцканыя, прагныя, учэпістыя, хапатлівыя.

Дрыготкімі зграбнымі пальчыкамі дзяўчынка ўзяла кавалачак хлеба, але есці саромелася (І.Грамовіч). Памятлівую галаву меў сакратар, залатыя меў пальцы (Р.Мурашка). Я ўзяў яе руку ў сваю і пачаў перабіраць пакорлівыя цёплыя Ганчыны пальцы (М.Стральцоў). Пальцы палкія спляліся, Вусны вуснам штось шапталі (Х.Жычка). Краты на вокнах магазінаў — работа варшаўскіх рамеснікаў — нібы вывязаныя спрытнымі пальцамі рукадзельніцы (Я.Брыль). А ў душы бяздомнага блукальца Ўсё ж жыве ўсхвалёванае мора, Рук пяшчотных трапяткія пальцы, Галубіная вачэй пакора (А.Звонак). Яны [пальцы], прасвечаныя, здаваліся нязвыкла тонкімі і доўгімі, артыстычнымі (І.Хадановіч). Хлопец пачырванеў і... нясмела падаў... руку канцамі абвялых пальцаў (П.Галавач). Сэрца білася ў скронях і... у кончыках ацёклых пальцаў (І.Шамякін). Пальцы правай рукі брудныя, перапэцканыя зямлёю, сціснуты ў кулак... (А.Савіцкі). Расцалуй да чыстых слёз, да смеху, Пальчыкі азяблыя сагрэй (Я.Янішчыц). Алаіза міжволі сціснула ў кішэнях пінжачка задубелыя пальцы (В.Коўтун). Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы (І.Новікаў). [Васіль] вачэй на Ганну не падымаў і ў думках злаваў на свае асабліва непаслухмяныя пальцы (І.Мележ). [Палкоўнік] забарабаніў па стале доўгімі нервовымі пальцамі (М.Гамолка). На адным з... падагрычных пальцаў масіўны пярсцёнак... (З.Бядуля). Хораша яна, гэтая плотка, выглядае на кручку, калі, трапечучы на валасяной струне, набліжаецца да прагных пальцаў жывым, мокрым срэбрам лускі (Я.Брыль). І я адчуў, як за плячо спалохана Схапіліся ўчэпістыя пальцы (Н.Гілевіч). [Жанчына] хапатлівымі пальцамі развязала вузлікі, з размаху разгарнула хустачку па ўсёй далоні (Я.Скрыган).

Паведаміць пра недакладнасьць