ПАЧУЦЦЁ (пачуцці). Псіхічны стан чалавека, яго перажыванні; каханне.

1. Пра сілу, глыбіню, свежасць пачуцця; пра ўсвядомленасць, акрэсленасць перажыванняў: агнявое, агромністае, багатае, вольнае, вострае, вялікае, гарачае, глыбокае, дзіўнае, замілаванае, захапляльнае, зямное, кіпучае, лёгкае, маладое, мнагалучнае (аўт.), моцнае, мужчынскае, неабсяжнае, неадольнае, невыказнае, непераможнае, нестрыманае, неўтаймоўнае, няўрымслівае, няўтольнае, няяснае, парывістае, патаемнае, пякучае, уладнае, усёабдымнае, усёпаглынальнае, цёплае, шырокае.

Такі напал, такая сіла Былі ў пачуццях агнявых (А.Бялевіч). Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое ў ім [Васілю] жыве? (І.Мележ). Пачуццё, шырокае, вольнае, кружыла і кружыла [Іванку]... (М.Стральцоў). Клара прысутнічала ва ўсіх яго занятках і думках вострым, няўтольным пачуццём крыўды... (І.Навуменка). Кожны з нас паасобку і ўсе мы разам складаем народ, Радзіму, пачуццё любові да якой глыбокае і вялікае ў кожнага сумленнага чалавека (В.Вітка). І гарачая душа, і гарачыя пачуцці свяціліся ў тых вачах (А.Бялевіч). Тады робішся нібы сам не свой, ходзіш задумлівы, з нейкім дзіўным пачуццём (Я.Сіпакоў). І ўжо толькі адзін напамін пра яе [прыроду] заўсёды выклікае ў нас нейкае вельмі ж ужо цёплае, замілаванае, як ласка, пачуццё (Я.Сіпакоў). Няхай яно жыве са мною, Да скону грэючы жыццё, Маё мужчынскае, зямное, Святое гэта пачуццё (Г.Бураўкін). І вялікае, непераможнае пачуццё помсты запаліла Міколку (М.Лынькоў). Мяне ты ўспамінаеш З пачуццем лёгкім, як уздых Зімой па восені ці леце, І што пачуццяў маладых Нам не трымаць ужо... (М.Стральцоў). Раман сядзеў і слухаў, як грымелі далёкія стрэлы гармат, і ў душы падымаліся хвалі мнагалучнага пачуцця і нейкага невыразнага настрою (Я.Колас). Неадольнае пачуццё радзімы! Яно... напамінала пра сябе неадчэпна (А.Бачыла). ...У Таніным сэрцы... яно [пачуццё] не было такім моцным, усёпаглынальным, якое перапаўняе істоту чалавека... (М.Машара). Сэрца поўняць пякучыя неўтаймоўныя пачуцці (І.Дуброўскі). Анэта зразумела патайное Міхалава пачуццё (А.Васілевіч).

2. Пра характар пачуццяў, іх ацэнку: бескарыслівае, бесклапотнае, высакароднае, высокае, гордае, далікатнае, добрае, лагоднае, ласкавае, мужнае, невыказна-радаснае, незвычайна высокае, непаўторнае, праўдзівае, простае, прыгожае, прыемнае, пяшчотнае, радаснае, салодкае, светлае, святое, трапяткое, цнатлівае, чароўнае, шчырае  баязлівае, варожае, гнеўнае, гнятлівае, грубае, грэблівае, дзікае, дзіўна-недарэчнае (аўт.), зблытанае, звадлівае, ліхаманкавае, недарэчнае, непрыемнае, неспакойнае, няшчырае, няяснае, пакутлівае, пакутнае, прыкрае, раўнівае, сарамлівае, трывожнае, тужлівае, цяжкае, шчымлівае.

З бесклапотным пачуццём спакою і развагі жанчына ўглядалася ў твар чалавека, які здаваўся ёй даўно-даўно знаёмым... (“Полымя”). Напоўнены сэрцы пачуццём высокім... (Я.Колас). Ніхто, як Сухамлінскі, так асцярожна не ўмеў закінуць у душу дзіцяці зярнятка, якое, упаўшы на ўдзячную глебу, прарастае добрымі пачуццямі (В.Вітка). Маё малое сэрца абмывае крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві (П.Панчанка). Светлае і невыказна-радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара (Г.Шчарбатаў). У Мележа было незвычайна высокае пачуццё адказнасці за сваю пісьменніцкую прафесію (Н.Гілевіч). У кожнага з нас ёсць свой Лермантаў. У кожнага з нас жыве непаўторнае пачуццё, нават па-дзіцячы, падсвядома раўнівае: я люблю яго больш за ўсіх (Я.Брыль). Спявала [Ядвіся] з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне (Я.Колас). [Сіўцоў:] — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё (У.Краўчанка). Светлае і радаснае пачуццё ўлівалася ў сэрца, іначыла настрой, як бы выводзіла на новую дарогу (А.Савіцкі). Да светлых пачуццяў душу так і горне... (А.Бачыла). І ўсё ж самым гарачым, самым трапяткім, самым святым пачуццём Максіма была любоў да Радзімы (Г.Бураўкін). Стаялі моўчкі, але самі [Васіль і Ганна] поўніліся пачуццямі, чаканнем. Не радасныя, не бесклапотныя былі гэтыя пачуцці (І.Мележ). Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў (П.Глебка). Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё... (З.Бядуля). Па гэтым салодкім, дзікім пачуцці Лёня б’е такім яшчэ жывым успамінам (Я.Брыль). Я азіраюся і слупянею... ад дзіўна-недарэчнага пачуцця няпэўнай радасці (В.Быкаў). Трывожныя, зблытаныя пачуцці ахапілі яе [Любу] у момант, сціснулі незразумелым страхам сэрца (А.Васілевіч). Я зачыню наглуха ў сэрца дзверы, І волі звадлівым пачуццям больш не дам (Я.Колас). У Ганне цяпер мітусілася, віравала цэлая бура нецярплівых, ліхаманкавых пачуццяў (І.Мележ). Гэта была не крыўда, не злосць, а пакутлівае і цяжкае пачуццё (І.Шамякін). Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі (А.Якімовіч). Пакінутыя на пуцях вагоны выклікалі шчымлівае пачуццё адзіноты (І.Навуменка).

Паведаміць пра недакладнасьць