ПОЗІРК (погляд, пагляд). Выраз вачэй, накіраванасць зроку, манера глядзець.

1. Пра характар позірку, яго выраз, працягласць: агністы, адкрыты, ажыўлены, бачлівы, быстры, востры, гарачы, глыбокі, дзіўна-праніклівы, дзіўны, доўгі, жывы, зіхатлівы, зыркі, імклівы, іскрамётны, іскрысты, маланкавы, мужны, мяккі, непаўторны, нетаропкі, поўны яснай мудрай глыбіні, праменны, прамы, прамяністы, праніклівы, светлы, спакойны, стрыманы, хуткі, цвёрды, чысты, шпаркі, шырокі, ясны  адсутны, адчужаны, алавяны (аўт.), безжыццёвы, бляклы, бясколерны, важкі, воўчы, вялы, дзікаваты, дзікі, жалезны, жорсткі, заспаны, застылы, згаслы, здзічэлы, злы, зменлівы, змрочны, змярцвелы, калючы, каменны, косы, ледзяны, ліпкі, напружана-засяроджаны, напружаны, насцярожаны, невідушчы, немігатлівы, нервовы, нерухомы, неспакойны, нямы, пануры, пранозлівы, прыкуты, прытуплены, пусты, рэзкі, самотны (разм.), стомлены, тупы, уедлівы, учэпісты, халодны, хмурны, цяжкі, чужы, шкляны.

Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы (М.Багдановіч). На крутой, нязведанай дарозе Не змуціўся ў полымі-агні Гэты, мужны і адкрыты позірк, Поўны яснай, мудрай глыбіні (Н.Гілевіч). Аленка паглядзела на яго [Сцёпку] бачлівым поглядам (Я.Колас). Яна [Жэня] кінула на яго быстры, спасцярожлівы позірк (І.Мележ). Вострым, нервовым позіркам Іван усё ўзіраўся праз рэдзенькую, яшчэ прытуманеную сетку дажджу (В.Быкаў). Позірк твой гарачы Я начной парой Ў кожнай зорцы бачу, Кветцы палявой (М.Танк). Блакітныя вочы, Як пушча іх погляд глыбокі (А.Александровіч). Позірк яе вялікіх блакітных вачэй быў адкрыты і дзіўна-праніклівы (“Маладосць”). Петрык агледзеў чалавека доўгім, па-дзіцячы строгім поглядам... (Я.Скрыган). Носік дзяўчыны зграбны... Позірк цёмна-карых вачэй прамяністы, зыркі (М.Гамолка). Парфіры заўважае на стале разгорнутыя паперы, кідае на іх імклівы позірк... (У.Краўчанка). І словы, што яна [дзяўчына] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю (Т.Хадкевіч). Васількевіч кінуў на Лукаша іскрамётны позірк (Я.Колас). Раманенка мітнуў на Бялькевіча маланкавы позірк (А.Савіцкі). У шырока расплюшчаных вачах, у прамяністым позірку якіх заўсёды было радаснае здзіўленне свету, непрыкметна было цяпер ні сполаху, ні трывогі (М.Лынькоў). І людзі простыя так ветлы, І погляд добры іх і светлы (Я.Колас). Тры позіркі нямыя скіраваны, Нібы адзін праніклівы пагляд, Тры позіркі прамыя скрыжаваны (А.Пысін). Позірк яго [Башлыкова] вачэй быў цвёрды і неспакойны... (І.Мележ). Мужны і дародны [Батура], як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты (Я.Пушча). Ён агледзеў шпаркім позіркам усё: зялёную рунь зямлі, лес, неба... (К.Чорны). Ясны, шырокі позірк Веранікі Васілеўны сустрэў чыстае мора, голыя сінія сопкі (В.Хомчанка). [Люська] адсутным, невідушчым позіркам глядзіць на шурпатую кару таўшчэзнага клёна (М.Ракітны). [Дзяўчынка] павольна падыходзіла да нас і глядзела на цесляра ўсё тым жа адчужаным позіркам (М.Ракітны). Яго [немца] вялы, алавяны позірк каўзануўся па натоўпе (М.Лынькоў). У гаспадара быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені (М.Лупсякоў). А вусы таксама стаяць, як у чорта, і позірк воўчы (К.Крапіва). І не бачачы яго [Васіля], яна [Ганна] чула дзікаваты, важкі і разам з тым разгублены позірк спадылба (І.Мележ). На Ардабельскім перавале, Пад дзікім позіркам арлоў, Мяне, як скрыпку, пілавалі Смыкі дванаццаці вятроў (П.Панчанка). О, колькі дакору і скрухі было ў тым жалезным позірку! (М.Ваданосаў). Глянуў у твар Аксаны жорсткім позіркам (М.Гамолка). Асееў зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, і здзічэлым позіркам лыпаў па абшарах... (В.Быкаў). Капітан марудна спыніў на лейтэнанце цяжкі злы позірк (В.Быкаў). Чалавек быў малады, зграбны, з лагодным, прыветлівым тварам, са зменлівым, неспакойным позіркам вачэй (І.Мележ). Дзяўчына выпрасталася і, кінуўшы калючы позірк на брата, моўчкі занялася сваім арсеналам (М.Лынькоў). Сёй-той [з рабочых] кінуў косы позірк спадылба (М.Лынькоў). Даўгалыгі, змераўшы яго [Петрыка] ледзяным позіркам, нешта незразумелае прагергетаў... (В.Быкаў). Ён не мог цярпець яго... ліпкага і дапытлівага позірку... (М.Лупсякоў). Улавіла напружана-засяроджаны позірк Стасевых вачэй... (А.Кудравец). Васіль кінуў на яе [Ганну] насцярожаны позірк (І.Мележ). Невідушчым позіркам змярцвелых вачэй старшына паглядзеў на дарогу (В.Быкаў). Цяпер тут, на правулку, той немігатлівы каменны позірк вартавога не свідраваў ёй плечы, і Рэната азірнулася... (А.Савіцкі). Гэты нерухомы позірк спалохаў дзіця (К.Чорны). А Байсак сядзеў і свідраваў яго [Сыча] цяжкім, панурым позіркам (М.Лынькоў). І раптам яна [жанчына] адвяла цяжкі, прыкуты позірк ад нязгаснай цеплыні дзіцячых воч... (М.Лынькоў). Касач стаяў з прытупленым... поглядам (А.Адамовіч). Даніла спыніў на нявестцы свой доўгі, самотны погляд, і твар яго падабрэў (А.Кулакоўскі). Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі (І.Дуброўскі). Гэты злы і халодны погляд прыводзіць Насцю ў поўнае замяшанне (Я.Колас). Чалавек з перавязанай рукой глядзеў на Астапа халодным, пранозлівым позіркам (М.Лынькоў).

2. Пра выражэнне (позіркам) пачуцця, настрою, стану чалавека: адданы, велічны, дабрадушны, даверліва-крыштальны, даверлівы, дакорлівы, далікатны, дапытлівы, дзіўна стрыманы (аўт.), жаласна-замілаваны, жаллівы (разм.), невымоўны, журботны, захоплены, лагодны, ласкава-строгі, ласкавы, мілы, мройлівы (разм.), наіўны, прыветны, пяшчотна-строгі, радасна-ўзрушаны, радасны, развітальны, разумны, спасцярожлівы (разм.), строгі, суровы, таемны, удумны (разм.), уладны, усемагутна нявінны (аўт.), шчыры  абыякавы, агідна ўгодлівы (аўт.), безнадзейны, бяздумны, бязлітасны, дабрадушна-тупы (аўт.), запальны, затоена люты (аўт.), затрывожаны, зацкаваны, зацяты, здзеклівы, здзіўлены, маркотны, нахабны, недаверлівы, ненавідны (разм.), ненавісны, непрыхільны, нецярплівы, няласкавы, няўцямны, пагардлівы, пагрозлівы, пакутліва-тужлівы, пакутлівы, панылы, патрабавальны, прагны, прастадушна-хітраваты (аўт.), разгублены, разлютаваны, раз’юшаны, роспачны, сквапны, спалоханы, сумны, тужлівы, упарты, устрывожаны, утомлены, цяжка-застыглы (аўт.), шалёны, шчыра-бессаромны.

Пераняўшы адданы позірк сакратаркі, ён усміхнуўся (У.Карпаў). Цётка Палашка кідала велічны позірк на сваіх падначаленых... (М.Лынькоў). Над ім [Сцяпанам] шчаслівая Гелена: Пагляд даверліва-крыштальны (Н.Гілевіч). Ён [Сахно] працінае жанчыну дакорлівым позіркам. Памятным ненавісным мне позіркам. Я бачыў яго розным: пагрозлівым, разгубленым і агідна ўгодлівым (В.Быкаў). [Камандзір] неяк прасветлена ўсміхнуўся цёмнымі вачамі і спытаў, пранікаючы тым жа далікатным, але вострым позіркам Шпакевічаву душу (І.Чыгрынаў). Башлыкоў улавіў, што [Васіль] глядзіць на яго разумным дапытлівым позіркам (І.Мележ). Дзіўна стрыманым, нібы недаверлівым быў гэты яе [Ганнін] позірк (І.Мележ). Яна [маці] паглядзела на іх [дзяцей] жаласна-замілаваным позіркам (К.Кірэенка). Едучы назад, Ганна трымала ў руцэ кнігу, везла ў памяці апошні строгі і жаллівы дзявочы позірк (І.Мележ). І гэты яго апошні позірк быў невымоўна журботны і дзікі (У.Караткевіч). Лясніцкі правёў яе захопленым позіркам (І.Шамякін). Ці засмяюцца ў жытнім дыме Пад летні ветрык васількі, І погляд іх такі лагодны (Я.Колас). І зараз яму [Верасоўскаму] хацелася сесці за стол, абвесці ласкава-строгім позіркам прыціхлых хлапчукоў і дзяўчынак (Я.Сіпакоў). І я зразумеў, што... нідзе не знайду [мама]... тваёй душы, твайго голасу, твайго стомленага, ласкавага погляду (Я.Брыль). Хай мне пакінуў бы ён [суд] хвілю — З маленства ўсяго адну, — Калі праз матчын позірк мілы Я ў свет бязмежны зазірнуў (К.Кірэенка). Я мройлівы позірк на момант прымечу (Р.Барадулін). [Іржынка] тады зірнула на яго [Алеся] ужо іхнім і зноў усемагутна нявінным, нават наіўным позіркам (Я.Брыль). Кожны раз пагляд прыветны Пасылаў я ў шчасці ёй [грушы], Ідучы ў калгас суседні Да каханае сваёй (Н.Гілевіч). І вецер гэты шум страсе, А позірк твой пяшчотна-строгі Зноў з гэтым шумам разнясе Мае сумненні і трывогі (Я.Верабей). Яны абмяняліся радасна-ўзрушанымі позіркамі (М.Лынькоў). Доўгім развітальным позіркам Бацюня акінуў пакой (І.Мележ). З партрэта быстрым, разумным і трохі суровым позіркам прыплюшчаных вачэй глядзеў... ён (Я.Брыль). Ён [Васіль] перахапіў спасцярожлівы матчын позірк (І.Мележ). Раптам кране халадок І загамоніць з-пад броў погляд таемны (П.Броўка). Акінь прастор удумным позіркам, У вочы светлых даляў глянь! (А.Звонак). У матулі стол не пустуе — чым багата, тым пачастуе: пірагом, верашчакаю, сырам, ды смятанай, ды позіркам шчырым (Д.Бічэль-Загнетава). Няўцямным, абыякавым да ўсяго позіркам я аглядаю [байцоў] астатніх (В.Быкаў). Шафёр пабег, пазвоньваючы бляшанкай, і ўсе тыя байцы, што сядзелі на бартах, праводзілі яго сумнымі безнадзейнымі позіркамі (А.Кулакоўскі). Па сухой сцяблінцы побач узбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам (М.Лынькоў). Каця кідае на мяне жорсткі бязлітасны позірк (В.Быкаў). Яна [гаспадыня] уперлася ў яго дабрадушна-тупым позіркам... (Я.Брыль). Другі раз Васіль убачыў Яўхіма... Ідучы, чуў на спіне ненавідны, затоена люты позірк (І.Мележ). Хлопец кідае ў мой бок збянтэжаны позірк (В.Быкаў). Пад зацятымі поглядамі прыціхлых салдат Клімчанка пахіснуўся (В.Быкаў). Кашын пекануў Аляксеева злым, зацкаваным позіркам (У.Карпаў). Баялася нахабнага, шчыра-бессаромнага позірку Алёшкі, яго настойлівасці (У.Карпаў). Глушачыха праводзіла яе [Ганну] позіркам непрыхільным, ненавідным... (І.Мележ). Аля раптам парывіста павярнулася да яго. І Леаніда апаліў яе позірк, нецярплівы і патрабавальны (І.Мележ). Адкіньце ўсё — І смутак, І жальбу. Забудзьце крыўду позіркаў няласкавых. Станьце каля хаты пад вярбу, Слухайце ластавак (К.Кірэенка). — Першым жа снарадам вас забіла б, — кінуўшы пагардлівы позірк, прарочым голасам упэўнена прамовіў Запара (І.Мележ). А зараз вось ён [Стрыбук] — сам сабе нямілы... Жыргае з позіркам цяжкім, панылым (Н.Гілевіч). Грыша прагным поглядам азіраў гэты яр і меркаваў, як уцячы (Я.Колас). Андрушка стаяў і нейкім спалоханым, пакутліва-тужлівым позіркам глядзеў услед Раечцы (М.Лобан). Пад прастадушна-хітраватым позіркам яго дзяўчына апусціла вочы (Я.Брыль). Роспачным сваім позіркам яна [Люба] выпрошвала, вымольвала параду, апеку ад гэтага чалавека (К.Чорны). Сквапным позіркам Крушынскі аглядзеў постаць [Мэры]... (З.Бядуля). Сумны позірк дзявочы ў душу мне пранік (Н.Гілевіч). [Наста] сумелася пад гэтым тужлівым і стомленым позіркам (А.Савіцкі). Андрэй пакутлівым і здзіўленым позіркам глянуў навокал... (М.Ткачоў). Юрка нечакана занерваваўся і, кідаючы раз’юшаныя позіркі, зайшоўся крыкам... (У.Карпаў). [Башлыкоў] бачыў: позірк у гаспадара — упарты, тупаваты (І.Мележ). Наста, сустрэўшыся з яго [Грачовым] засяроджаным і ўстрывожаным позіркам, адчула сябе непамысна (А.Савіцкі). Славін, сказаўшы некалькі слоў, змоўк і ўпёрся ў акно цяжка-застыглым, маркотным поглядам (М.Зарэцкі). Ганна раптам узнялася, ніжучы гарачым, шалёным позіркам, ступіла да яго [Глушака]... (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць