Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

РАНІЦА (ранак, ранне). Частка сутак пасля ночы перад пачаткам дня.

1. Пра стан надвор'я; пра час наступлення раніцы: крамяная, марозная, пагодлівая, пагодная, пасярэбраная, расой умытая, росная, сонечна-іскрыстая (паэт.), сонечная, ціхая  асмужаная, золкая, імглістая, мжыстая, мокра-снежная, пахмурная, празяблая, пранізаная золлю, снежная, халодная, цёмная, ядрана-марозная, ядраная, яшчэ не развіднелая; восеньская, летняя, світальная.

Пад світкай сівай, самакатнай, Крамяным раннем між далін, Па струнах, горам абарваных, Плыў зык — далёкага ўспамін (П.Трус). Сонца ўзышло... З усіх комінаў белыя слупы дыму валяць. Ранне марознае, празрыстае (М.Машара). Ці, можа, яна [дзяўчына] у падарожжы па краі Пагодлівым ранкам з сябрамі ідзе? (Н.Гілевіч). Звоніць ранак, пасярэбраны першым лёгкім подыхам зімы (Н.Гілевіч). З глыбінь нялёгкіх дум вярнуў ты [скрыпач] шчасце мне, Як ноч вяртае дню расой умыты ранак (А.Звонак). Узыходзіць сонца светлаю надзеяй На пагодны ранак і красу зямлі (С.Грахоўскі). А гэты позірк — ясны, чысты, Незамутнёны анічым — Як ранак сонечна-іскрысты... (Н.Гілевіч). Прыходзіць [плотка] як яшчэ адзін хвалюючы ўспамін, як напамінак аб сонечных і росных раніцах маленства (Я.Брыль). І цяпер за гаем на майдане, Дзе ў налівах серабрыцца сад, Сустракае сонечнае ранне На траве халодная раса (А.Куляшоў). Аўтобусы праклалі росны след у ціхае асмужанае ранне (С.Грахоўскі). Ціхімі раніцамі здалёк чуваць было, як шуршыць жоўтае лісце (К.Чорны). Праміне гэта ноч, І пад небам імглістага рання Панясе самалёт Падарунак... наш (П.Панчанка). Другія заплачуць, збяруцца другія, Запаляць агонь ля Варшаўскай шашы. У золкія раніцы, у ночы глухія Ім свеціць агонь непагаснай душы (С.Грахоўскі). Заспаная раніца мжыстая, На фарбы і гукі скупая (Р.Барадулін). Рэзкі, сцюдзёны вецер, які, пасля імглістай, мокра-снежнай раніцы, здаецца мне... нечаканым (Я.Брыль). Адной пахмурнай, пранізанай золлю раніцай... у лесе спыніўся эшалон (Т.Хадкевіч). Красавіцкі празяблы ранак. Снег не ўсюды яшчэ сагнала (Н.Гілевіч). Углядаючыся ў першую снежную раніцу, ён [Валошка] доўга стаяў на ганку (В.Карамазаў). Надзея ўзяла яго пад руку, і Лазаковічу зрабілася ад гэтага неяк утульна-цёпла ў халоднай і цёмнай, яшчэ не развіднелай раніцы (Я.Сіпакоў). У адну з ядрана-марозных нядзельных раніц зірнуў Ігнат у акно на дарогу... (А.Кудравец). Раніца свежая, ядраная, пахне сырадоем і рачною цінай (П.Місько). Даспяваюць антонаўкі, І за стагамі Сейм бусліны збіраецца Восеньскай раніцай (М.Танк). На лугу касцы сышліся летняй роснай раніцою (П.Броўка). Не забудуць цябе, партызанка, Па-над Сожам світальныя ранкі (М.Танк).

2. Пра колер неба, празрыстасць паветра, пра яго водар і інш.: барвовая, белапенная, белая, блакітная, бурштынавая, васільковая (аўт.), вясёлкавая, духмяная, залатая, залацістая, каралавая, крыштальная, ліловая, малінавая, малочная, празрыстая, праменная, прамяністая, пунсовая, ружовашчокая (аўт.), ружовая, румяная, светлавокая (аўт.), светлая, сінявата-малочная, сінявокая (паэт.), сіняя, сярэбраная, чыстая, яснавокая (паэт.), ясная  цёмная, цьмяная, шызая, шэрая.

А зорка гэтак прамяніцца барвовай, чыстай раніцой (П.Броўка). І гусцела паволі святло, каб у ранку застыць белапенным згусткам светлых імгненняў (Т.Бондар). Гэткай белай, светлай, нібы свята, раніцай не прыманьвала ні сушня, ні кантора (В.Карамазаў). Прыходзіш ты — Як гул начных грымот, Як раніцы бурштынавай дыханне (К.Жук). Ды хіба ў памяці сатрэцца Той белы ранак і сяло... (Н.Гілевіч). Я з тонкіх нерваў перавясла ўю, Каб утрымаўся наш снапок жытнёвы. Жу-раў-лі-кі, пакіньце салаўю Зялёны гай і ранак васільковы (Я.Янішчыц). Люблю я ранак гарадскі, вясёлкавы, барвовы... (А.Астрэйка). А ранак свежы і духмяны Разносіць песню спевака (Я.Колас). Прыйшоў я з казкамі ў залатое ранне Ад Сожа ціхага, ад берагоў Дняпра (П.Трус). Засталіся зарніцы Залацістага ранку, Засталіся пуціны, Дзе сляды ад каханка (П.Броўка). Каралавая раніца шашэрыцца, туманіцца... (В.Лукша). Навокала залатым пылам перасыпалася перад нашымі вачыма крыштальная, бяздонная раніца (М.Нікановіч). У сіняе сёння, у ліловае ранне Ён [чалавек] смела вітае радзімы зару (М.Звонак). А ўсё ж, каб весялей ісці было Па сцежках і палянах, Правадніка вазьму ў трысці — Малінавы над рэчкай ранак (В.Матэвушаў). У празрысты ранак мая Ты разгледзіш вобраз мой (К.Буйло). Ёсць прыгажосць у ранку праменным, ёсць і ў змярканні (П.Броўка). Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым (П.Броўка). Тыя, што ішлі побач, бачыў Апейка, добра адчувалі гонар і шчасце быць першымі, асабліва хвалюючыся ў такі пунсовы ранак... (І.Мележ). [Раніца] Бадзёрая, ружовашчокая, Пупышкай ляскае тугою, Дасвеццем з салаўямі шчоўкае І не вітаецца з тугою (Р.Барадулін). У поўначы астры ў саду расцвілі, Убраліся ў росы, вянкі заплялі І сталі ружовага ранку чакаць (М.Багдановіч). Сцяна нядаўна пабелена. На ёй шасцю квадратамі шыбаў ляжыць святло румянай летняй раніцы (Я.Брыль). Хоць і шкадую — дагарай Юнацтва ранак светлавокі! (А.Звонак). Мы ў клопатах вечных, у вечнай трывозе Пра светлае ранне і сонечны дзень (С.Грахоўскі). Праз вершаліны сосен цэдзіцца хмуры, сінявата-малочны ранак (І.Навуменка). А пойдзе ноч на дзень — і ранак сінявокі Угледзіцца ў акно... (У.Някляеў). Цішыня. У сінім ранку расплываецца туман (А.Звонак). Лета, нарэшце, прыйшло! Вясёлае, у зялёным разліве палёў, з ласкавымі сярэбранымі раніцамі, з ціхімі ружовымі вечарамі, з бурнымі гулкімі навальніцамі (М.Гамолка). Вераскоўскаму было крыўдна, што сын без яго пайшоў у школу, што ён, бацька, не бачыў, як перад гэтым хваляваўся малы, як, мусіць, баяўся праспаць сённяшнюю чыстую раніцу (Я.Сіпакоў). Прыйдзе тваё шчасце яснавокім раннем (А.Звонак). Абуджалася ясная летняя раніца (Я.Колас). Раніца выдалася шэрая, мароз паслабеў, паўднёвы вецер нёс пах блізкай адлігі (Т.Хадкевіч).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (раніцы): абуджаная, асляпляльная, бадзёрая, беларуская, бесклапотная, вечна маладая, вечна пявучая, вясёлая, галубіная (аўт.), гарэзлівая, гулкая, дзівосная, дзіўная, добрая, жураўліная (аўт.), журботна-ціхая (паэт.), журботная, задумліва-ласкавая (аўт.), задумная, звонкая, зязюльчына (аўт.), лагодная, ласкавая, макавая (аўт.), маладая, мілая, прыгожая, прыемная, пяшчотная, радасная, руплівая, рупная, светла-звонкая (паэт.), слаўная, чароўная, шматзычная (аўт.), шматвяковая (аўт.), шырокая  адчайна босая (аўт.), заспаная. падслепаватая, росна-дрогкая, санлівая, сонная, сумная, тужлівая, цяжкая, чорная.

Вось яно, абуджанае ранне, З блізкімі павевамі жыцця (А.Пысін). ...Шчодра гаспадарыць асляпляльная чэрвеньская раніца (М.Гамолка). Вясновы ранак — як маленства, сонечны І беларускі — як усмешка Пімена (Н.Гілевіч). Якая слаўная ты, селавая, вечна маладая і вечна пявучая раніца (Я.Скрыган). Апрытомнела яна [Хадоська] сонечнай, вясёлай раніцай (І.Мележ). Выглядае гарэзлівае ранне зялёнымі галінкамі бяроз (Г.Каржанеўская). Ішлі мы, і гулкае свежае ранне Пад сонцам праменным знікала, як дым (А.Звонак). Мы не зналі галубіным раннем Ні трывог, ні гора, ні клапот (М.Аўрамчык). У маі ткуцца дзівосныя ранкі — калі на траве ляжаць буйныя кроплі расы (В.Жуковіч). Ты ўсіх узняў, мой добры ранак, Ідзі ж працуй (П.Броўка). Журботна-ціхім жураўліным ранкам Я ад’язджаў у горад на вучобу (Н.Гілевіч). Нейкая паўза, кароткі адпачынак перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц (Я.Брыль). Ён слухаў, як ранкам задумным у полі камбайны гулі (П.Панчанка). Ці то раніцай звонкай, Ці то вечарам ціхім — Прыязджайце дадому... (Г.Бураўкін). У акенца тваё я пастукаў зязюльчыным ранкам... (П.Панчанка). Яшчэ нямала дзён цікавых І раніц светлых і ласкавых... (Я.Колас). Нахлынуў на кветкі, на травы, на яблыні макавы ранак (П.Панчанка). А ўсё здаецца: не прапаў запал, Не адшумеў крыламі ранак мілы (Г.Бураўкін). Да чаго ж прыгожая гэта вясновая раніца! (Я.Скрыган). Смачна раніца спіць... маладая — аж зайздрасць бярэ (Ю.Свірка). Раніца была лагодная... (М.Гамолка). Вёска, не праспаўшы рупны вясновы ранак, прачыналася да відна (В.Адамчык). І ў гэты ранак светла-звонкі З рахманым сонцам на чале Спявалі пеўні, і даёнкі І дапрызыўнікі ў сяле (А.Грачанікаў). Хоць на момант ціха засяродзься [Чалавек], Прыгадай свой шматвяковы ранак (Н.Мацяш). Твой [Беларусі] ранак — залацісты і шматзычны... Заўсёды, калі сонца ўстае, Над краем тапаліным і крынічным Лунаюць думы светлыя твае (М.Дукса). І свеціць з прастору Шырокае ранне (А.Куляшоў). Не далюблена — не пражыта. Жнівеньскі ранак адчайна босы (Я.Янішчыц). Досвіткам пайшоў дождж, і раніца спазнілася... шэрая, заспаная (Я.Брыль). Ноччу прайшоў добры ўсадзісты снег, і на самым пачатку падслепаватай раніцы... сяло выдавала глухім і сонным (А.Звонак). Змажам боты... — І ў далёкую дарогу На змярканні адвячоркам Ці на ранні росна-дрогкім (А.Звонак). Я веру поўдню. Ён не памыляецца, Бо ён не мае ў сабе ані Туманнасці яшчэ санлівай раніцы І стомленай вячэрняй цішыні (Г.Бураўкін). А ў партызанскім атрадзе [Вера] помсціла фашыстам за тую... раніцу, якую яны зрабілі раптам цёмнаю і чорнаю (Я.Сіпакоў).

Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы   Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020