САД. Асмуглы, аціхлы, беланогі (паэт.), белы, блакітны, буйны, бялюткі, бясконцы, весні, вясенні, густалісты, густы, даваенны, дзівосны, дзіўны, добры, дрымотны, духмяны, душысты, задуменны, зарослы, звечарэлы, звонкі, зялёнакосы (паэт.), зялёны, казачны, квітнеючы, квітучы (разм.), ледзь абуджаны, маёвы, малады, маленькі, мілы, мнагавокі (аўт.), наліты чыстым сокам, наліўны, невялічкі, нечаканы, падвесны, плодны, празрысты, прасторны, прывольны, прыціхлы, пульхны, пяшчотны, радасны, развяснелы (аўт.), росны, ружа-белы, ружакветны (аўт.), салаўіны, светлы, сіні, утульны, ціхі, цяністы, чароўны, чысты, шчодры, шчыры  абамлелы, адзічэлы, апусцелы, асенні, глухі, голы, дзікі, журботны, завейны, закінуты, занядбаны, затуманены, маўклівы, настылы, пакінуты, раздзеты, састарэлы, сонны, спусцелы, сумны, халодны, чорны, чэзлы.

Вясна!.. Вясна!.. У цвеце нівы, Цвітуць асмуглыя сады (П.Трус). Была [яблыня] зімой, як белы сад аціхлы (Я.Янішчыц). За мостам прысады парадзелі, адкрыўшы бясконцыя рады беланогага саду (Х.Жычка). У памяці чалавека навек прыжываюцца і знаёмыя краявіды..., і цеплыня роднай сэрцу мовы..., і тонкі звон пчалы ў белым маёвым садзе (К.Кірэенка). Далёкія агні палескіх вёсак, Настылыя блакітныя сады, Дзявочай песні звонкі падгалосак Мяне ізноў паклікалі сюды (С.Грахоўскі). Пішу раненька, у буйным, росным садзе... (Я.Брыль). Успамінаю срэбра поўні белай, бялюткі сад і росную траву... (Е.Лось). Праз вокны ўжо не відно было бясконцых аліўкавых садоў (Я.Брыль). Стаю я і гляджу на маю вёску, Прачнуліся вясеннія сады (М.Танк). Чыстыя мае лісты.. Мае мары і жаданні, Быццам сад на скрыжаванні, Нечаканы і густы (У.Някляеў). А вунь далёка за лужком стаіць нават яблыня, якая адна і засталася з чыйгосьці, канечне ж, плоднага даваеннага саду (Я.Сіпакоў). Залатымі рукамі Маіх землякоў і зямлячак Мілы сад, дзіўны сад Быў пасаджан (А.Звонак). Пры доме сад, хоць невялічкі, Ды добры сад (Я.Колас). Стаіць затуманены сад — Настылы, дрымотны, глухі (У.Някляеў). Я заграла б смехам кветак, Нівак шэптам залацістых, Звонам серпа, касы ўлетак, Мёдам ліп з садоў душыстых (Цётка). За плотам стаяў маўклівы і задуменны сад (М.Стральцоў). І задуменныя сады Страсалі жухлы ўбор дадолу... (Н.Гілевіч). За домам быў вялікі сад, увесь зарослы і цяністы (У.Караткевіч). У звечарэлым садзе, што, цямнеючы, Туліўся ў першай восеньскай журбе, Я... упершыню пацалаваў цябе (Н.Гілевіч). Восень. Падаюць яблыкі ў звонкіх садах (М.Лужанін). Расцвітуць заместа пушчы Зялёнакосыя сады (П.Глебка). Ой, не раз удваёчку Пад шырокай вярбой, У зялёным садочку, Мы сядзелі з табой (Я.Купала). Бо ўжо з новых дарог і песняр, і ратай Будуць бачыць пагожае неба заўжды, Небывалы на гэтай зямлі ўраджай І квітнеючыя маладыя сады (М.Танк). Зелень пастаўнікоў і белы валь квітучых садоў. ...Жніўныя песні і бесклапотныя гульні... (Ц.Гартны). У садзе, ледзь абуджаным вясной, Апанаваны думамі няпростымі, Стаю... (Н.Гілевіч). Зноў цвілі маладыя сады, Зноў цвілі вечна юныя ружы (А.Звонак). Трое дзяцей пад акном Садзяць маленькі сад (П.Глебка). Вось і сад. Тут пэндзаль патрэбен шырокі І здольная трэба рука, Каб выявіць сад мнагавокі Здольным пяром мастака (Я.Колас). А наўкола наліўныя сады, ляжаць Бурштынавыя яблыкі ў расе... (П.Панчанка). Пасля ў садах, налітых чыстым сокам, Над яблынямі загулі чмялі (У.Някляеў). Бухара. Цяністы сад эміра. Хвост паўліна як падвесны сад (А.Пысін). Густая вераснёўская раса. Світання пошум над празрыстым садам... (У.Някляеў). І я кажу: не бойся, Еўдакія, Ступіць у сённяшні прыціхлы сад (А.Пысін). Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны... (У.Караткевіч). Ты ўсё побач... Увесь у песеннай уладзе — Як жаўранак над яснай нівай, Як шпак у развяснелым садзе! (Н.Мацяш). Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку, Я іду каля хат і росных садоў (У.Караткевіч). Я іду паміж яблынь тваіх ружа-белых садоў (А.Звонак). Сад ружакветны зачах (Е.Лось). Я стаптала сцяжынак нямала, пакідала гаркоту ў слядах, я адчайна чаромху ламала ў салаўіных зялёных садах (Р.Баравікова). Я вяртаўся ў светлы гэты Сад, як яблыні цвілі (У.Някляеў). Колькі ні кляні свой стол пісьмовы, Колькі ні хавайся ў сіні сад, Усё роўна, як суддзя суровы, Зноў вяртае ён цябе назад (Г.Бураўкін). Шлычыха паказала ўтульны садок, старанна дагледжаны гародчык (А.Савіцкі). І зноў маркотны месяц і ціхі сонны сад цягнулі дзяўчыну з яе цеснага пакойчыка (М.Гарэцкі). Вечарамі ў сад цяністы Выйдзе з дудкай Якім (Я.Колас). Сыходзяцца гаспадары і госці У шчодрыя асеннія сады (С.Грахоўскі). Столькі роднасці вакол... І прымоўклы шчыры сад Над сасновай хатай (Я.Янішчыц). Ўстае перад маім паглядам І вулка, веючая сном, І ціхі старасвецкі дом З цяністым адзічэлым садам (М.Багдановіч). Шумныя ліпы Ў асеннім пакінутым садзе, Няўжо вам не спрыкрала Разам чакаць аж да дня? (М.Танк). Абамлелыя сады засыналі..., зняможаныя, скідаючы на зямлю першае лісце (Э.Самуйлёнак). А вечарамі ў апусцелым садзе, Дзе сцежкі выслаў лісцем ясакар, Каля альтанкі абдымаў і гладзіў Настаўніцу суровы камісар (С.Грахоўскі). Над лесам, над садам дзікім Дожджык забалбатаў... (У.Караткевіч). Аднолькава шчаслівыя абое Спяшаемся ў завейныя сады, Дзе на крутых сумётах за табою Не паспяваюць познія гады (С.Грахоўскі). На папярочнай вуліцы за Ваўчковым занядбаным садком, што спускаўся да рэчкі пад купы навіслых вербаў, натруджана рыпела нямазанае кола (В.Адамчык). Ля дарогі — маўклівы сад (Г.Бураўкін). І плачацца на горкую нядолю За мокрым шклом раздзеты чорны сад (У.Караткевіч). За вёскаю, як здань на даляглядзе, Тырчэў палац, разбураны ў вайну, У састарэлым, колісь панскім садзе (Н.Гілевіч). На санцапёку млее сонны сад (С.Грахоўскі). Звіняць лісця падкоўкі, Пяе спусцелы сад. То Пётр Ільіч Чайкоўскі Іграе лістапад (Я.Янішчыц). Люблю пару, як светлякі Засвецяцца ў халодным садзе (Г.Бураўкін).

* Шаптун-сад.

І сціхамірнае поле, і супакоеныя хаты, і шаптун-сад, і бяроза ля пуні — усё зрыхтавалася, каб спаць (М.Гарэцкі).

Паведаміць пра недакладнасьць