СВЯТЛО. 1. Пра колер, ступень яркасці, тэмпературу; пра характар і напрамак промняў: барвовае, белае, бірузовае, блакітнае, бурштынавае, бэзавае, васковае, віннае, вогненнае, жамчужнае, жаўтавата-шэрае, жоўтае, залатое, залацістае, малінавае, ружовае, ружова-залацістае, серабрыстае, сіняватае, сіняе, срэбнае, чырвонае; бліскотнае (аўт.), бязлітасна-празрыстае (аўт.), зіхатлівае, зіхоткае, зыркае, іскрыстае, казачна-праменнае (аўт.), крыштальнае, прамяністае, раскошнае, сліпучае (разм.), чыстае, яркае  алавянае, бледнае, бляклае, іржавае, матавае, няяркае, слабаружовае, смуглае, туманлівае, туманнае, цьмяна-ліловае; цёплае  золкае, зябкае, ледзяное, халоднае; мігатлівае, мяккае, поўнае, роўнае, трапяткое  бязлітаснае, высокае, густое, далёкае, дрыготкае, зніжэлае, зыбкае, калючае, крывавае, ломкае, мітусліва-гарачае, мітуслівае, невыразнае, нерухомае, не самае высокае, няпэўнае, няўлоўнае, рэзкае, слабое, скупое, сухое, хісткае.

Сонца заліло іх [бярозкі] на развітанне барвовым, раскошным святлом (Я.Брыль). Белым, што снег на сонцы, святлом заліло кабіну (І.Пташнікаў). Толькі ўвечары, пасля заходу сонца, калі пожня заблішчала ў блакітным туманным святле, зжалі апошнюю жменю аўса, Склалі апошнія бабкі (І.Мележ). Бурштынавым святлом бруіцца звонкая Сафія (Р.Няхай). Бэзавае святло ляжала на ажурных металічных канструкцыях, рабіла бязважкімі і прывіднымі дамы (У.Караткевіч). Уначы над Карадагам узыдзе месяц, асвеціць вокны, і кожнае заззяе празрыстым, слаба-ружовым і вінным, жамчужным святлом — як сердалікі (У.Караткевіч). Буйныя гронкі пладоў былі заліты роўным васковым святлом (Б.Стральцоў). У гэтым жаўтавата-шэрым... святле вялікая рака сціхла... (У.Караткевіч). Сонца заходзіла, і залатое яго святло яшчэ ляжала на самых вяршынах ялін (А.Жук). Праскочыць праз акно прамень... На міг малінавым святлом Ён... заіскрыцца (П.Броўка). Разгаралася пагожая чэрвеньская раніца, з кожнай хвілінай ярчэй заліваючы вёску ружова-залацістым святлом (Т.Хадкевіч). На скупое жоўтае святло лямпачкі выскоквалі перапалоханыя... салдаты (В.Адамчык). Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле (Я.Брыль). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло (В.Вольскі). Пад сінім святлом у дуброве Спакойна клінкі зіхацяць (А.Куляшоў). Усё запаланіла срэбнае месячнае святло (У.Караткевіч). Іскрыстым, бліскотным святлом Заліты княжскія святліцы (Я.Купала). Яна [Марыя] ... запаліла ліхтар, які свяціўся цемнаватым чырвоным святлом (А.Жук). Канчалася лета, зелянкова-блакітнае неба сеяла над горадам бязлітасна-празрыстае, халаднаватае святло (М.Стральцоў). Ад зіхатлівага святла трымцеў прастор (С.Гаўрусёў). Над цёмнай сцяною Хваінкі — яснае сонца... Пасвятлела ў хаце. Але не толькі ад гэтага зіхоткага святла (В.Жуковіч). Свяцілі яны [зоркі] ярчэй, здаецца, ужо не чужым, нерухомым святлом, якое адбівалася ад іх, а сваім, трапяткім і зыркім (І.Чыгрынаў). У гэтым казачна-праменным Святле прастораў залатых Гай зіхацеў усім адценнем Асенніх колераў сваіх (П.Глебка). Дала ёй маці столькі цеплыні І столькі прамяністага святла, Што гэтая заранка з вышыні Людскую думку азарыць змагла (М.Аўрамчык). Яшчэ здалёку ад сядзібы Сцепаніда ўбачыла яркае, аж сліпучае святло ў акне... (В.Быкаў). Пасля навальніцы прыйшло чыстае святло (А.Жук). Знадворку праз невялічкія акенцы глядзелася смуглае алавянае святло (Ц.Гартны). На вуліцы гарэў ліхтар, бледнае святло клалася на падлогу... (Я.Скрыган). Выдаліся дні, калі настрой душы вельмі лёгка зліваўся з настроем шапатлівых гаёў і бароў, астылых лясных дарог, апусцела-супакоеных палёў з тым бляклым святлом сонца, якое колькі дзён лашчыла... (В.Карамазаў). У няяркім асеннім святле, Дзе, як струны, дрыжаць У паветры нямым павуцінкі, Лёгкі сум, светлы сум Пракладае да сэрца свой след (А.Куляшоў). Далёка і нясмела ўзыходзіў месяц, цыганскае сонца, слаў мяккае туманлівае святло (А.Жук). Цьмяна-ліловае святло... церусілася праз голле яліны (А.Савіцкі). Яркае сонца залівае твар зямлі мяккім цёплым святлом (Я.Колас). А над купінай з цёплых шкарлупак Птушаняты над золкім святлом Цягнуць скаргу галодную дзюбак Да карміліцы з алым крылом (С.Гаўрусёў). Гарачыя рубіны журавін на імшарыне прагна ўпіваюць месячнае святло, празрыстае, зябкае, абманлівае (М.Лынькоў). Шчодра лілося поўнае, ледзяное месячнае святло, і ў хаце было відно, бы ў дзень (Я.Сіпакоў). І ноч зусім другая, хоць так жа рыпіць снег пад нагамі, і ў тых жа ўборах дрэвы, і сцюдзёная ільдзінка на бярозе гарыць халодным сіняватым святлом (М.Лынькоў). Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым, няпэўным святлом месяца (У.Караткевіч). [Гайдаш] як растала ў зыбкім бязлітасным святле, што ўхутала зямлю (А.Савіцкі). Усё гарышча адразу заліло густым і рэзкім крывавым святлом (А.Савіцкі). Неба яшчэ блішчыць далёкім зніжэлым святлом... (В.Быкаў). Нічога нельга было там убачыць, нават калі пыхкала чарговая нямецкая ракета, разліваючы сваё дрыготкае святло (А.Марціновіч). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы (У.Карпаў). Не пабягу, як неба грымне... Як ломкае святло маланкі На момант выхапіць з начы твае закрытыя фіранкі... (Г.Бураўкін). У хаце весела гарэў на камінку агонь, кідаючы мітусліва-гарачае святло на сцены (М.Стральцоў). Ён [Захар] ішоў то марудна, то прыскорваў крок, спыняўся часам і ў трапяткім святле ліхтароў прагна прыглядаўся да надпісаў на сценах (М.Лынькоў). Мітуслівае святло газнічкі залоціць яе [Надзіны] бронзавыя косы, лашчыцца да яе рук (М.Лынькоў). Неба ўжо так і не цямнее да ранку, яно... свеціцца нейкім невыразным унутраным святлом, прытушаным да мутнай сінявы на ўсходзе і зеленаватым адценнем на захадзе (В.Быкаў). Добра прыгравала сонца, якое свяціла ўжо не самым высокім святлом (А.Жук). Удзень было ветрана, часамі сонечна, часамі пахмурна, і на ўсім ляжала нейкае асаблівае, хісткае, няўлоўнае святло (М.Стральцоў). Праз хвойныя вершаліны прабівалася скупое месячнае святло (М.Лынькоў). Без солі смачна бульбу дзеці елі Ў сухім святле недагарэўшых дроў (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (святла): вясёлае, глыбокае, гулкае, жывое, загадкавае, казачнае, лагоднае, ласкавае, ласкава-лагоднае, незямное, пругкае, прыветлівае, прыемнае, пяшчотнае, радаснае, роднае, святое, спакойнае, таямнічае, таямніча-хісткае (аўт.). урачыстае, утульнае, ціхае, чарадзейнае, чароўнае, шчодрае  абманлівае, бяздомнае, бязрадаснае, бяссоннае, жорсткае, жудасна роўнае (аўт.), журблівае, журботнае, маркотнае, мёртвае, млявае, недарэчнае, нежывое, падманлівае, панурае, плыткае, раздражняльнае, самотнае, сумнае, суровае, трывожнае, хвараблівае, хварабліва-шэрае (аўт.).

Скупа прабівалася праз шчыліны Вясёлае святло сакавіцкага дня (Г.Бураўкін). Вочы дзяўчыны засвяціліся глыбокім ціхім святлом, усмешка лягла на твар (А.Жук). Бачу гулкае святло вакзала, Толькі хочу ўспомніць не экспрэс... (А.Пысін). Вялікія зоры высыпалі ў небе, як бы на які ўрачысты парад, і мігцяць, гараць нязгасным жывым святлом (М.Лупсякоў). Святло таямнічае і загадкавае церусілася праз голле ялін (А.Савіцкі). Ноч была месячная, поўная зменлівага казачнага святла (У.Карпаў). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла... вершаліны бяроз і клёнаў (М.Ткачоў). Прывабліва зелянела мяккая травяная пасцель, засланая ласкавым сонечным святлом (Я.Брыль). Святло было ласкава-лагодным (А.Якімовіч). Праташчык нібы праз туман удалечыні ўбачыў незямное, сіняе мігатлівае святло месячыка над міліцэйскаю машынаю, адчуў, як вільготна пахне пясок і вечаровае сонца (А.Жук). Святлом прыветлівым, знаёмым Мігаюць, вабячы здалёк [агні]... (Н.Гілевіч). Седзячы ў акопе, хлопец глядзеў на неба, на чужыя зоры і з горкім сумам успамінаў роднае святло месячыка над хатай, радаснае, пяшчотнае святло дрыготкіх зорак... Цяпер усё гэта было далёкае і нібы нерэальнае (“Полымя”). Асветлены спрадвечнасці нябёсы Святым святлом Сузор’я родных моў (Р.Барадулін). У яго [месяца] таямніча-хісткім святле дрэвы, будынкі, парканы набываюць хісткія, няпэўныя абрысы (І.Навуменка). Хай ляжа мне на сцежку, лубін, Тваё спакойнае святло (В.Жуковіч). Жоўтае ўтульнае святло лямпы, белыя хрызантэмы ў слоіку... Ноч пралятала, снег ляпіў і ляпіў на шыбы... (В.Хомчанка). Чарадзейнае святло ішло са сцэны (А.Ліс). Снег іскрыцца пад ціхім і сумным святлом вулічных ліхтароў (Я.Брыль). Зверху цадзілася абманлівае месячнае святло, і клубы пылу, якія ўзнімаліся машынамі, расплываліся цьмяным срэбрам (М.Лынькоў). Асенні лес, асенні лес, Густых рабін бяздомнае святло (А.Пысін). У аконным сцішаным квадраце Падыму бяссоннае святло (А.Пысін). Усё асвятлілася жорсткім барвовым святлом (М.Лынькоў). Але ўсё ж было нешта страшнае ў гэтай цішыні, у гэтым спакойным, жудасна роўным месячным святле (А.Жук). Калі спалучу я ў адным адчуванні скупы водар халоднай зямлі, журблівае святло неба, — скрозь восень гляну я сабе ў душу... (М.Стральцоў). Ціха лілося журботнае святло месяца (У.Караткевіч). Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу (І.Мележ). У млявым ранішнім святле хвалі і сапраўды здаваліся маслянымі (У.Караткевіч). Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом (М.Лынькоў). Даволі часта... узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое нежывое святло (М.Лынькоў). Кусты скончыліся, і перад Лесіным у мяккім падманлівым месячным святле адкрыта ляжала ўтравянелая лагчына (А.Жук). Плыткае святло ўжо не залівала сценку купэ (А.Савіцкі). Падсушвалася паветра, падсушваліся барозны разагнанай з раніцы бульбы, і на зямлю лілося жаўтаватае і самотнае святло (Г.Далідовіч). Нерухомы ў залатым цвіценні Лес струменіць сумнае святло (К.Буйло). Не будуць шумець, зелянець лясы Пад сонца святлом барвовым, суровым (А.Куляшоў). [Людзі] стаялі вакол дома, залітыя чырвоным, трывожным святлом (У.Караткевіч). Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі (У.Караткевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць