СЛЁЗЫ (сляза, слязінка). 1. Пра колькасць слёз, пра велічыню і колер слязінак, ступень іх празрыстасці: агністыя, бліскучыя, брыльянцістыя, буйныя, бурныя, бясконцыя, вялікія, дробныя (нар.-паэт.), іскрыстыя, крыштальныя, празрыстыя, ціхія, чыстыя, ядраныя  застылыя, імклівыя, мутныя, невычарпальныя, невычэрпныя, незлічоныя, нестрыманыя, несупынныя, раптоўныя, скразныя, скупыя, стрыманыя, цьмяныя.

Знічка коціцца агністаю слязой... (М.Багдановіч). На купалле, на святое Рві, матуля, зелле тое... Двойчы, тройчы — акрапліста — Злі слязою брыльянцістай... (Я.Купала). Азірнуўся на вокны роднае хаты і заплакаў... буйнымі, гарачымі слязамі (А.Асіпенка). Несупынныя слёзы Юркі былі то ціхімі, то бурнымі (К.Чорны). На дварэ стаіць матуля, Галавой кіўнула, А сама слязу буйную Рукавом змахнула (Я.Колас). Грае дудка, вымаўляе, Плача дробнаю слязой І ціхутка замірае Дзесь у полі за гарой (Я.Колас). Пасінела акно ад іскрыстай слязы (С.Гаўрусёў). Далёка мы ад роднае зямлі, Над намі неба высіцца другое, А дожджычка, хоць як тут ні малі, Ён не спадзе крыштальнаю слязою (Я.Колас). Празрыстая пала сляза На снег з задуменных вачэй (П.Броўка). Плакала ціхімі слязамі Маланка (А.Кудравец). Вянок з гадоў, з напеваў наскіх, З крыві маёй і чыстых слёз, — Усё жыццё, як віцязь з казкі, Я праз вятры і буры нёс (К.Кірэенка). У старане пазбыўнай песні было і прыгнечанне, і ядраныя жаночыя слёзы, як журавіны... (В.Каваль). З застылымі слязамі Анна глядзела на свайго чалавека (Я.Брыль). Мне суджана навечна У неаплатным быць даўгу — Перад тваёю [Беларусь]... красой, Што з воч зрываецца імклівай, Непераможнаю слязой (Н.Гілевіч). Нашы слёзы незлічоны, З нас крывавы льецца пот (Я.Колас). Няхай бяда прыб’е скразной слязой вянковай — Мая душа к табе была не выпадковай (Я.Янішчыц). — Кінь ты плакаць, старая, — Няёмка, відаць, лесніку, А ў самога скупая Выбягае сляза на шчаку (А.Куляшоў).

2. Пра слёзы, што выражаюць пачуцці чалавека; пра слёзы праўдзівыя і абманлівыя, прытворныя: матчыны, пяшчотныя, радасныя, салодкія, сапраўдныя, сарамлівыя, светлыя, святыя, цёплыя, шчаслівыя, шчырыя  балючыя, бяссільныя, вогненныя, вясельныя, гарачыя, гаручыя (нар.-паэт.), горкія (нар.-паэт.), даўно накіпелыя, жаласлівыя, журботныя, каменныя, кракадзілавыя, крывавыя, маўклівыя, мужчынскія, назойлівыя, нечаканыя, нявыплаканыя, нямыя, няпрошаныя, няўцешныя, пакутлівыя, пакутныя, палынныя, палыновыя, панурыя, пякучыя, раўнівыя, сірочыя, сляпыя, суровыя, цяжкія, чорныя, чужыя, шчымліва-жаласлівыя, шчымлівыя.

Сцежкі маленства!.. Лячыцца вашых крыніц чысцінёю Ды матчынаю слязою святою (К.Цвірка). Маці шчасцем цвіла І свяцілася светлай слязою... (У.Карызна). Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі, да пяшчотных і жаласлівых слёз (З.Бядуля). У памяці жывуць сяброў абліччы: На іх то боль, то радасць, то ўсмешка, Святыя слёзы першага кахання (С.Грахоўскі). Часамі яна, тая чуласць, вельмі рэдка і патаемна, для Толі тады яшчэ зусім невядома, выходзіла на Максімавы вочы скупой, сарамлівай мужчынскай слязою (Я.Брыль). І Марыля заплакала не вясельнымі слязьмі, для звычаю, а сапраўднымі, сірочымі! (Я.Брыль). Успомніў, што ты [мама] жывая, што смерць твая — сон, мана, і плакаў ужо іншымі, шчаслівымі слязьмі (Я.Брыль). Гулкая вясна, зямля крынічная, Шчырая сляза і звонкі смех (К.Кірэенка). І крыўда балючай слязою бяжыць (А.Бачыла). Ад слязы бяссільнай высахла шчака (Н.Мацяш). Бінты з падзёртых кашуль, анучаў... Іх мылі маці ў слязах гаручых, А не ў звычайнай вадзе рачной (М.Танк). Пакуль у слёзах вогненных зямля не зарыдала, — Павінны ў звон трывожны мы біць на цэлы свет (П.Панчанка). Гарачыя слёзы нянавісці і жалю самі каціліся з яго [Данікавых] вачэй (Я.Брыль). Ты [баец-вызваліцель] першы кроплі горкіх слёз сірочных Сваёй рукой з дзіцячых твараў сцёр (П.Панчанка). Саша дарэмна прыкусваў губу. У вачах стала цёпла, і па халодных шчоках папаўзлі няпрошаныя, горкія, ужо даўно накіпелыя слёзы (Я.Брыль). І хмары прабягуць над стомленым чалом, Змахне ён [юнак] рукавом журботную слязу (П.Броўка). О маці з Пірчупіса... Што ж не адзавешся, маўчыш З каменнай слязою на твары? (М.Танк). Нас могуць біць — Аж да крывавых слёз, Каб лёкаяў зрабіць З ахвяраў здзеку, Але мы мусім адстаяць свой лёс, Каб ён для нас шчаслівы быў Давеку (Н.Гілевіч). Пра попел з сэрцаў людскіх, пра слёзы крывавыя хіба можна пець? (К.Кірэенка). Калі, чалавека згубіўшы, Слязамі маўклівымі плачу, Сябе выпрабоўваю болем — Я набываю ці трачу? (Г.Каржанеўская). Санітарка Насця, сціраючы назойлівую слязу з вока, чытала ліст... (М.Лынькоў). Агейчык сядзеў на калёсах... а па пальцах паўзлі дзве слязіны — нечаканыя, чужыя (В.Карамазаў). Прыйшла аднойчы Галя засмучонай, Вочы поўныя нявыплаканых слёз (А.Александровіч). Бо хто толькі прайшоў Па зямлі Беларускай і бачыў піраміды з галоў, Рэкі слёзаў няўцешных, гарачых, — Той не хутка ізноў Знойдзе сон пад радзімы страхою (М.Танк). Калінавым цветам, слязою палыннай Ваш [жанчын] смех перапеты крылом галубіным (В.Вярба). Ён [Мітрафанка] толькі нема хліпаў, глытаючы палыновыя слёзы (Р.Сабаленка). Яўген не мог гаварыць — прарваліся цяжкія пакутлівыя слёзы (І.Шамякін). Калі табе бывае сумна, Не выклікай пакутных слёз... (П.Броўка). Пякучымі слязамі аплаквала Хадоська бесклапотную радасць сваю і даверлівасць (І.Мележ). Мы помнім курганы — магілы герояў, І колькі над імі змярканнем, зарою Праліта сірочых і матчыных слёз (М.Танк). Бягу наўпрост, не выцершы сляпыя слёзы... (Т.Бондар). А нам ужо стэпы вялікай Расіі Суровыя слёзы вятрамі гасілі (П.Панчанка). І падае з конскага вока цяжкая ад болю сляза (Р.Барадулін). Мне сляза твая шчырая Будзе збавай ад смутку і стомы (К.Кірэенка). Народ паднявольны ўзнімаецца грозна: Убачыў я ў люстры бліскучых шароў Іх чорныя слёзы, іх светлую кроў... (П.Панчанка). “Ластавачка мая!” — зашаптаў Ціток, і шчымліва-жаласныя слёзы навярнуліся на вочы (М.Гамолка).

* Брусніцы-слёзы, дыяменты-слязінкі, слёзы-росы, сляза-палын, слязінкі-жамчужыны.

З вачэй цяклі брусніцы-слёзы, І там, на ростанях, бярозы Хісталі веццем, як жывым (П.Трус). У блакітных вачах наведвальніцы зноў бліснулі дыяменты-слязінкі (І.Новікаў). Сляза-палын балюча-едкі На ўпалых вочах выступае (Я.Колас). Маўчы, каліна, не пытай — чаму: Ці ж не відаць — нялюбая яму... А прыйдзе з ёй — зноў не пытай: чаго? Лепш высып слёзы-росы на яго (А.Бачыла). Дзве слязінкі-жамчужыны палі на дол, пакаціліся сцежкай ля вёсак і сёл (У.Дубоўка).

Паведаміць пра недакладнасьць