СОНЦА (сонейка). 1. Пра колер сонца, яго яркасць: агнёвае, агніста-барвовае, агнявое, агнявокае (паэт.), барвовае, белабрысае (аўт.), белае, блакітнае, бурштынавае, густое, жоўта-аранжавае, жоўтае, залатакудрае (паэт.), залатое (нар.-паэт.), залаціста-вогненнае, залацістае, зіхатлівае, зіхоткае (разм.), зорнае, зыркае, зялёнае, іскрыстае, краснае (нар.-паэт.), лімоннае, лімонна-жоўтае, малінавае, нявыцвілае, пачырванелае, празрыстае, праменнае, прамяністае, пунсовае, пунсова-чырвонае, пурпуравае, ружовае, румянае, светлае, сярэбранае, чырвонае, чырвона-жоўтае, чыстае, янтарнае, яркае, яснае  бледнае, бялёсае, выцвілае, дымнае, замглёнае, засмужанае, затуманенае, крывавае, ледзь пацягнутае дымком, меднае, мурзатае, мутнае, няяркае, пахмурнае, сляпучае, цьмянае.

Агніста-барвовым, Нявыцвілым, яркім Усходзіла сонца Над ліпавым паркам (Н.Гілевіч). Звонкія песні. Гоман народу — бурлівы, густы. І над усім — агнёвае сонца (М.Зарэцкі). Агнявое наша сонца ярка свеціць над зямлёй (А.Александровіч). Здавалася б, нізкае барвовае сонца, што высвечвала сухадол па ўсёй яго няроўнай... шырыні, павінна было... пафарбаваць і цёмна-зялёную атаву... (І.Чыгрынаў). Чырвань морам ліецца над гаем, А здалёку, з-за цёмнага бору, агнявокае глянула сонца (Я.Журба). Ён [Царук] зірнуў на хату, над якой вісела белае, у смузе, сонца (І.Пташнікаў). Белабрысае сонца рагатала ў небе і спускалася на зямлю жоўта-чырвонымі каснікамі (В.Каваль). Гатоў ізноў ісці на мукі, і замярзаць, і галадаць, Каб нашым дзецям і ўнукам Не бомбы ў спадчыну аддаць, А Радзіму, ды чыстыя ліўні, Ды зялёнае сонца лесу, Ды блакітнае сонца мора, Ды янтарнае сонца жыта (П.Панчанка). Уверсе, над галавою,... прастор блакітнага неба, аздобленага бурштынавым сонцам... (Ц.Гартны). Бяссонніцу праносяць інваліды Па вуліцах дваццатага стагоддзя. У іх вачах гарыць, не патухае Ці то чырвонае густое сонца, Ці бітваў незакончаных агонь (Г.Бураўкін). Што ж ты не пацешыш нас, сонца залатакудрае? (М.Чарот). Краса зямлі, што скута мерзлатою, Краса жыцця, схаваная ў снягах, Каб трапятала сонца залатое У нашых ператруджаных руках (А.Звонак). Цішыня і спакой, а ў небе — жоўта-аранжавае сонца... (“Маладосць”). Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі (І.Мележ). Стомлена жмурачыся ад зіхоткага сонца [Ганна] перавяла позірк на поле (І.Мележ). Пайшла прасіць яна [Ірынка], Прасіць, каб сонца зорнае Не кінула палі, А кветкі сінявокія Зноў на палях цвілі (М.Танк). Сонца ўзышло зыркае і дружна ўзялося за рачныя туманы (М.Лынькоў). На Поўначы было лета. Роўна свяціла белае, іскрыстае... сонца (М.Стральцоў). Там і сонца краснае не ззяе (М.Багдановіч). Туман ужо спускаўся ў нізіны, малінавае сонца пазалаціла зубчастыя верхавіны лесу (С.Грахоўскі). Сонца, пачырванелае, круглае, ужо вісела над гарызонтам (К.Цвірка). Улетку праменнае, шчодрае сонца Дарыла святло сваё нівам бясконца (П.Макаль). Калі ўзнімалася над чэзлым балотным алешнікам сонца, светлае, прамяністае, ад інею аставаліся толькі цемнаватыя плямы вільгаці (І.Мележ). Залатымі праменнямі сочыцца смех На празрыстага сонца касцёр (П.Глебка). Як толькі дзядзька адчыніў старыя скрыпучыя дзверы, у гуменца хлынула маладое румянае сонца (Я.Брыль). Вярнуліся, калі сярэбранае сонца распаленым краем кранулася гарызонта (У.Шыцік). Ледзь прыкметна, над самым даляглядам, прадзіралася чырвона-жоўтае сонца (І.Новікаў). У Ялоўцы ён [дзед Гарох] не заседзеўся, выбраўся з яе недзе папоўдні, калі сонца, белае і чыстае, ледзь пацягнутае дымком, блішчала на пушчу з яшчэ ладнаватай вышыні (В.Карамазаў). Праз іх [воблакаў] прагаліны прарывалася яркае, але ўжо халоднае сонца (Я.Скрыган). Каласы ў ясным сонцы звіслі пад цяжарам жыта (К.Буйло). Ад пылу-дыму ўсё сонца мурзатае, затуманенае (С.Баранавых). За высокім... помнікам схавалася парнае, але бледнае сонца (Ц.Гартны). Сонца было нейкае пахмурнае, мутнае (М.Лынькоў). Заўтра раніцай сонца ўзыдзе крывавае, Праплывуць над акопамі журавы (П.Панчанка). Далеч марозная сонцам няяркім прасвечана (А.Звонак). Каршун быў збоку ад зыркага сляпучага сонца (І.Грамовіч). Цьмянае сонца выплывала з-за хмар (У.Караткевіч).

2. Пра тэмпературу, памер, вышыню над гарызонтам; пра час з’яўлення (сонца): бязлітасна гаручае, гарачае, парнае, пякучае, распаленае, расплаўленае, спякотнае, цёплае  азяблае, зледзянелае, зябкае, ледзяное, марознае, сцюдзёнае, халоднае; агромністае, велізарнае, велічэзнае, высокае, вялікае, невысокае, нізкае, паніжэлае, разгоністае; вечаровае, восеньскае, летняе, маладое, паўдзённае, перадвячэрняе, позняе, ранішняе, ранняе, світальнае, юнае.

Пад паўдзённым сонцам яркім, Пад бязлітасна гаручым, На Эгейскім сінім моры... Макранісас — востраў смерці (М.Танк). Гарачае сонца цяплынь пасылае вясне (А.Звонак). Ліпеньскае сонца падымаецца ў поўдзень. Пякучае, расплаўленае — разлівае ліпкую стому і смагу (Я.Скрыган). Над... вішняй навісла распаленае сонца (Я.Васілёнак). Тварэц-чалавек, пакаральнік зямлі і нябёс Пад сонцам спякотным, пад ветрам калючым і сцюжным На крыллях часін тваю [працы] жорсткую праўду прынёс (А.Звонак). Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю Абдаравала зямельку вясна (Я.Купала). Мне сумна, сумна і лёгка..., калі ў сумётах азяблае сонца загрузне па пояс... (Т.Бондар). Гуляю па Поўдні, — А ў небе, як краб у палонцы, Высушвае промні Тваё зледзянелае сонца (У.Някляеў). Чырвонае марознае сонца ўпала ў лес (І.Шамякін). Смуга прытушыла нізкае сцюдзёнае сонца (В.Быкаў). Свеціць шчодра халоднае сонца (К.Буйло). Далёка... [над балотам] чарнелі хмызнякі. За іх спускалася вялікае сонца (К.Чорны). ...Вялізнае барвовае сонца на небасхіле, такое свежае, як вынуты з печы каравай хлеба (М.Гамолка). І ўзыдзе і зойдзе высокае сонца, І месяц устане ўгары (Я.Колас). Восеньскае невысокае сонца грэе ласкава (Я.Скрыган). І сонца ранняга прамень Апавясціў пра новы дзень (В.Жуковіч). У дрымотны летні адвячорак, калі паніжэлае сонца губляе свой спякотны напор, Іванка вяртаўся на хутар (В.Быкаў). Сонца выкацілася з-за лесу разгоністае, велізарнае (М.Гамолка). А перш за ўсё ён [Праташчык] пойдзе, здаўшы машыну, на возера, заплыве на востраў, ляжа нерухома і будзе чуць, як пахне пясок, вада і журботнае вечаровае сонца (А.Жук). Між... [аблокамі] скупой радасцю праглядвала восеньскае сонца (В.Быкаў). З-за цёмнага лесу пырснула першым промнем ранняе летняе сонца... (А.Жук). Ранішняе сонца толькі-толькі набірала сілы, як Астап прачнуўся (М.Лынькоў). Лявон адчуў тады, што маладое сонейка Не для яго вачэй... (П.Панчанка). Ах, сонца, сонца світальнае (В.Зуёнак). Угору штурхаць пачалі хвалі юнае сонца... (Р.Барадулін).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (сонца): асцярожнае, бяссоннае, вясёлае, гордае, гуллівае, даспелае (аўт.), дбайнае, добрае, доўгачаканае, жыватворнае, жывое, лагоднае, ласкавае, лёгкае, магутнае, маладое, мяккае, незгасальнае, непагаснае, нясмелае, прыгожае, пухлае, пяшчотнае, радаснае, радасна-ўрачыстае, раскошнае (аўт.), рахманае, роднае, сакавітае (аўт.), салодкае (аўт.), свежае, трапяткое, тугое, ціхае, шчодрае, шчырае  абыякавае, асавелае (аўт.), барвова-стомленае, босае (аўт.), бязлітаснае, вялае, гнеўнае, дзіўна аграмаднае, журботнае, заспанае, збуджанае, злавесна барвовае, калючае, ляное (разм.), масленае, мёртвае, напалоханае, нелітасцівае, неміласэрнае, нячулае, падманлівае, разамлелае, раўнадушнае, салёнае (аўт.), скупое, соннае, стомленае, страшнае, ужо аслабелае, уморанае, цяжкое.

Асцярожнае сонца з голых асін Выпаўзае на ціхі сінічы свіст (У.Караткевіч). Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, на поўначы святлела паласа суцэльнай зары (Я.Брыль). Мігціць, смяецца вясёлае сонца, рыжаватым золатам іграюць галоўкі і каліўцы лёну (Я.Брыль). Яркае гуллівае сонца біла цёплымі праменнямі ў ветравое шкло, сляпіла вочы (І.Дуброўскі). Ты пахнеш блізкім даспелым сонцам, Я чую сэрца твайго грымоты (Р.Барадулін). Разам з дбайным сонцам аглядаць Гэтыя бяскрайнія ўладанні Бусел падымаецца з гнязда (М.Аўрамчык). Добрае летняе сонца прыпякае як мае быць (Я.Скрыган). Грэла доўгачаканае сонца (Я.Брыль). Неўзабаве выплыла з-за хмаркі жыватворнае летняе сонца (А.Кулакоўскі). Няхай не супакойвае нас мірная, усеабдымная цішыня над палямі і лясамі, пад сінім небам і лагодным сонцам (І.Мележ). Увосень цвітуць на ўзлеску за ракою верасы, залітыя ласкавым сонцам (Я.Брыль). Пад майскім лёгкім сонейкам, маўклівы, Зачараваны, ў мураве стаю (В.Жуковіч). ...Над зямлёю Узышло і свеціць Сонца маладое (А.Александровіч). З высі магутнае сонца Як гляне — ветру нізвання! (П.Броўка). Побач раскошна ласкавеў у цёплым і мяккім перадасеннім сонцы, буяў... бадзяк (Я.Сіпакоў). І сягоння над роднай зямлёй ён [Пэтэфі] узнятай вітае рукой Незгасальнае сонца свабоды (М.Танк). Усё ў ім [сонцы] ёсць, І ўсё магчыма З ім, непагасным, на зямлі. Бо з ім не дасць, не дасць Айчына, Каб вы забылі, дзе ўзраслі (К.Кірэенка). Сонца паволі ўзнімаецца над ляснымі прасторамі, яшчэ зябкае, нясмелае, празрыстае (М.Лынькоў). А сонца такое прыгожае — Ясна свеціцца... (К.Кірэенка). Сонца, пухлае, уморанае за дзень да чырвані, масцілася нанач за лесам (І.Капыловіч). Яно [сонца] такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу (Я.Сіпакоў). О той прастор абноўлены і чысты! Сплылі туманы лёгкія, і ў ім здалося сонца радасна-ўрачыстым, нібы ніколі не было такім (Х.Чэрня). А зверху — раскошнае сонца і белыя воблакі (Я.Брыль). І ў гэты ранак светла-звонкі З рахманым сонцам на чале Спявалі пеўні... і дапрызыўнікі ў сяле (А.Грачанікаў). І ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе [маці] твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы (Я.Брыль). У Ціхву, дзе сонца, Нібы мандарын, Салодкае і сакавітае, Паедзем... (У.Някляеў). Усе падышлі да берага і стаялі ў суровым маўчанні, не зводзячы воч з велічнай плыні ракі, у якой, як у люстры, адсвечвалася трапяткое сонца (М.Лынькоў). У вочы балюча ўдарыла тугое ранішняе сонца (Я.Сіпакоў). Лепей за ўсё мне на свеце мясціна Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос, Бэз пад акном і на полі каліна... Ціхае сонца, блакіты нябёс... (К.Кірэенка). Стаялі волаты-дубы, падставіўшы шчодраму сонцу свае вершаліны, раскінуўшы магутныя галіны (Т.Хадкевіч). Адагрэты шчырым сонцам, Радзім радаваўся, што ўрэшце трапіў у гэты рай (Я.Сіпакоў). Узляцеў проста ў неба, насустрач блакітнаму, абыякаваму да ўсяго сонцу (У.Караткевіч). Чулася восень — з яе апусценнем, асавелым нізкім сонцам... і подыхам блізкага холаду... (М.Ракітны). У вузкіх, зялёна-ажурных проймах лістоты, паміж дрэвамі... бясконца паказваецца вялікае, барвова-стомленае сонца (Я.Брыль). А толькі сонца босае Абдасца ў травах росамі... (А.Вялюгін). А сонца! Ласкавае і бязлітаснае сонца. З ім жарты нядоўгія (І.Грамовіч). Вялае, добрае сонца жнівеньскай раніцы. Без звароту мінулая маладосць... І песня! — словы... па-сыноўняму тужаць... (Я.Брыль). Над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца (У.Караткевіч). Дзіўна аграмаднае, злавесна барвовае сонца трывожыла яе [Насту] і гняло (А.Савіцкі). Рог пастуха будзіць сонца заспанае, Мякіш цішы праглынае гушчар (А.Александровіч). Але яшчэ грэе роднае журботнае сонца, яшчэ цёпла ад яго і не хочацца да чужога, дзе гэтак ярка, светла, дзе гэтак цёпла і так нудою студзіцца душа (А.Жук). І толькі збуджанае сонца Праменні кінула над логам (М.Танк). І адразу з Жоўтага Берага сцебанула па твары калючае сонца (І.Пташнікаў). Сонца, ляное і гарачае, спынілася на паўнеба... і кружыцца па ім (П.Галавач). За садамі толькі-толькі ўсплыло масленае, як скалачка, сонца (М.Лобан). Як далёкі сцюдзёны маяк, сонца мёртвае за акном (У.Караткевіч). Паказалася, зірнула з-за хмар сонца, але не ранейшае, лагоднае і вясёлае, а нібы астуджанае, нечым напалоханае (Б.Сачанка). Людзі кінуліся да вагонаў..., хочучы схавацца ад неміласэрнага сонца (К.Каліна). Спі, спі! Покі сонца на небе нячулае Узойдзе гуляці над светам (Я.Купала). Разамлелае сонца як быццам застыла ў нерухомай вышыні (І.Мележ). З раніцы паказалася сонца — скупое і падманлівае (У.Шыцік). Я недзе яе на ўзбярэжжы знайду, Хоць дзюны дымяць, непагодзіць, Соль вочы грызе і за хмарамі дум Салёнае сонца ўзыходзіць (М.Танк). За дальнімі халоднымі лясамі Ірдзее сонным сонцам небакрай (У.Караткевіч). Стомленае сонца бліскучымі стрункамі... свяціла на зеленаваты мох (В.Адамчык). Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў год з восем назад, калі ўраганны вецер іх кінуў у самае “вока тайфуна”... (У.Караткевіч). Шкада было і добрага, ужо аслабелага сонца, і голых, бедных палёў, і яркіх агністых дрэў, што вось-вось павінны былі страціць сваю красу (І.Мележ). Цяжкое сонца... Нырнула ў бор... (В.Лукша).

* Сонейка-крылацейка, сонца-шар, сонца-шчасце, сонца-яснагрэй.

Як жывеш без мяне, Сонейка-крылацейка? (Я.Янішчыц). І калі ў возера спускаўся На ноч чырвоны сонца-шар, Глядзеў на хвалі я (П.Броўка). Сон свой бачыла Алёнка, Сонца-шчасце сваё сніла (К.Кірэенка). [Вясна] Сонцу-яснагрэю Расплятле косы, Раніцамі сее, Як брыльянты, росы (Я.Купала).

Паведаміць пра недакладнасьць