ТУМАН (туманы). 1. Пра колер туману; пра час яго з’яўлення: аранжавы, белагубы (аўт.), белы, блакітны, бялёсы, бялява-малады, бялявы, вішнёвы, дымны, жамчужны, жоўты, залаты, зялёны, кужалёвы, ліловы, малачавы (аўт.), малінавы, малочна-белы, малочны, млечны, ружаваты, ружовы, серабрысты, сівы, сіне-белы, сіні, срэбны, сярэбраны, янтарны  крывавы, свінцовы, цёмны, цьмяны, чорна-белы, чорны, чырвоны, шараваты, шызы, шэры; асенні, вясенні, вячэрні, досвітны, малады, ранішні, світальны, чэрвеньскі.

Паволі знікаў ранішні аранжавы туман, праступалі абрысы недалёкага лесу (М.Лынькоў). Прыслухайся, як белагубы туман фыркае на атаву (Р.Барадулін). Хутка белы туман ахінуў раку, берагі, прыбярэжныя лесавыя ўзгоркі (М.Лынькоў). Балота заслаў густы белы туман, як малако (І.Пташнікаў). Абапёрся дуб рукой зялёнай На страху і, пахіліўшы стан, Утаропіў вочы ўлюбёна У блакітны ранішні туман (К.Кірэенка). Іду, а над крыніцаю Туман бялёсы сцелецца... (Н.Гілевіч). Туман бялява-малады расу збірае ў Беларусі (Я.Пушча). Ішлі і пазіралі то на дрэвы... на бялявы рэдкі туман, які нізка слаўся па вадзе (У.Дамашэвіч). Вось спачну мо трохі ў туманах вішнёвых, Затапіўшы вочы мокрыя ў зару, І далей пайду я праз лясы, дубровы Па тваіх дарогах, Беларусь (М.Танк). Усё ў крывавым, дымным тумане... І магма наплывае на мяне (Я.Янішчыц). З лугавін і пералогаў рэдзенькім дымком поўз... малочна-белы... туман (Б.Сачанка). Усё было: пацалункі світаннем, Над ракою туман залаты, Бедны прывід майго кахання, Што здушыла разважліва ты (У.Караткевіч). Над блізкім балотцам... слаўся белы кужалёвы туман (В.Гардзей). Над рэчкай паднімаецца малачавы туман (У.Краўчанка). Усё яшчэ спала: і луг, і рэчка ў малінавым ранішнім тумане... (“Маладосць”). Як прыгожа на світанні, На зыходзе ночы, Як патоне ўсё ў тумане, У густым, малочным! (Н.Гілевіч). Пасля ночы, якая папаўзла парай з Прыпяці і малочнымі туманамі з лагчын... добра было ехаць Палессем (У.Караткевіч). Мы плылі па азёрах у млечным тумане цёплай ночы і абое маўчалі (М.Ваданосаў). Зведаў ілюзій крушэнне. Знік ружаваты туман (В.Жуковіч). Далёка за ракой кожны вечар ляжаў сівы туман (І.Пташнікаў). Пачынае світаць, сіне-белы туман вісіць над лугавінай (І.Навуменка). Апусціцца на зямлю, шчыльна ахутаўшы будынкі і дрэвы, сіне-шэры туман, ды такі густы і застаялы, што дыхаць цяжка (Т.Хадкевіч). Рака здаецца зусім апусцелай. Толькі дзе-нідзе пырсне рачная драбяза — празрыстымі іскрамі пад лёгкім сінім туманочкам (К.Кірэенка). Поле нікне ў срэбным тумане, Снег блішчыць, як халодная сталь (М.Багдановіч). Разгоніць дзень туман крывавы, Развее вецер час імжы, І будзе праўда правіць права, Пазносіць межы, рубяжы (Я.Колас). Раніцаю ў нізінах плаваў густы шэры туман (В.Дайліда). Зеляніна агародаў яшчэ была ахутана начной цемрай, шараваты туман, што наплываў з рачулкі, змешваўся з ёю (Т.Хадкевіч). [Мар’яна] пабегла ў шызы досвітны туман (Н.Гілевіч). Ці ж не з табой [сяброўкай] я сустракаўся У полі жніўнаю парой, Калі туман вячэрні слаўся Па свежай пожні пад гарой (Н.Гілевіч). Туман туманіць асенні... (М.Танк). Сцелецца пад ногі Малады туман. Ты мяне, дзяўчыначка, Не ўвядзі ў зман (Г.Пашкоў). Світальны туманок, наплыўшы ад ракі, схаваў на той момант птушыныя постаці (К.Кірэенка). На падворку Дыміцца Цёплы чэрвеньскі туман (П.Макаль).

2. Пра шчыльнасць, гушчыню туману, пра яго абрысы, стан: баваўняны (аўт.), барадаты, беспрасветна-густы, важкі, валакністы, варухлівы, воблачны, вязкі, грывасты, густы, дробны, застаялы, застойны, зыбкі, імгліста-зыркі, імглісты, калматы, касматы, клубясты, кудлаты, лахматы, лёгкі, махнаты, непраглядны, нізкі, парадзелы, плыткі, празрысты, прывідны, пушысты, разрэджаны, рэдзенькі, рэдкі, слаісты, тонкі, хвалісты, хісткі, цяжкі, шаўковы, шчыльны.

І начамі мне сніліся ранкі над рэчкай Гярвяткай і ў восеньскім садзе, маладым нашым садзе, баваўняныя, цёплыя, бы малако туманы (У.Някляеў). На ўзмор’і туман беспрасветна-густы, Аж сонцу на неба не ўзбіцца (Н.Мацяш). Усё наваколле завалакло густым, важкім туманом (К.Чорны). Над найкруцейшай, найбольш капрызнай пятлёй ракі ўздымаецца варухлівы туманец (Я.Брыль). Лес і поле ў воблачным тумане, І дажджы адтуль і гром адтуль (А.Пысін). Туман як лёг з раніцы, так і трымаўся ўвесь дзень: у бары, на ўзвышшы радзейшы, ля дарогі густы і нізкі (М.Стральцоў). У паветры яшчэ вісіць дробны шэры туман (А.Якімовіч). Усё заслаў туман застойны (С.Грахоўскі). Унізе, над зямлёю, снуецца імгліста-зыркі туман (М.Стральцоў). Збоч недзе туман калматы Забінтоўвае прасцяг (П.Макаль). Аж ходзіць рэха... Па цёмным лесе, па ніве зжатай, Там, дзе іржэўнік, як грэбень чэша Туман маўклівы, сівы, касматы, Дзе ў росы ступіш — і апячэшся (П.Панчанка). Клубясты туман засцілаў усё наперадзе (Б.Сачанка). Уставалі вобразы перажытых хвілін... Музыка, месячная ноч, лёгкія туманы, неагляднасць вадзяных прастораў затокі (Ц.Гартны). Ранішні вецер між тым памацнеў. Адным сваім парывам ён раптам заслаў усё наваколле белым непраглядным туманам (К.Кірэенка). У парадзелым тумане Ілюк заўважыў групу людзей (Т.Хадкевіч). Дзе-нідзе ў лагчынах вісеў плыткі туман (А.Савіцкі). Над зямлёй серабрыцца празрысты туман (М.Танк). Плыў угару і знікаў, Быццам дым сіняваты з кадзіла, Рэдкі, прывідны туман... (М.Багдановіч). Разрэджаны туман агаляў празрыстую пляміну сіняга лазурку (Ц.Гартны). [Туман] закурыўся з лагчын, з палянаў, з азярын... грывасты, грывасты, белы, белы, як палатно... (А.Лойка). Аднекуль нечакана з’явіўся рэдзенькі туман... (Я.Сіпакоў). Тонкія туманы яшчэ ляжалі... пры зямлі... (П.Пестрак). У хісткім тумане бялеюцца, як незапаленыя ці пагаслыя свечкі, камлі елак, з якіх садрана кара (А.Адамовіч). Вісеў мокры цяжкі туман (Г.Далідовіч). Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы (П.Пестрак). ...Туман густы, шчыльны, як лес... (А.Адамовіч).

3. Пра тэмпературу, вільготнасць, пах; пра характар уздзеяння на чалавека; пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце туману: гарачы, дзівосны, духмяны, жывы, лагодны, мройлівы, мяккі, нерухомы, нясмелы, па-летняму палахлівы, парны, пахучы, пяшчотны, рахманы, смуглява-малады (аўт.), таямнічы, цёплы  атрутны, ашклянелы, вільготны, волкі, востры, гнілы, злы, змрочны, золкі, калючы, ледзяны, лянівы, ляны (разм.), марозны, маўклівы, непадатны, нядобры, паўзучы, пахмуры, пякучы, слепаваты, слотны, сляпы, сонны, старэчы, сухі, сцюдзёны, сыры, халодны, цягучы, чужы.

Думкі расплываліся, знікалі ў нейкім дзівосным тумане... (М.Лынькоў). Была самая пара красавання, і ўсё наваколле нікла ў дзівосным і духмяным тумане (“Маладосць”). На каржакаватую сасну лёг густы, жывы, цёплы туман (В.Іпатава). Клубіцца над травамі дымам Лагодны вячэрні туман (А.Звонак). Пад кліч зязюль і алай завірухі Плылі туманаў мройлівых дымы (С.Гаўрусёў). І яму [Фірагу] здавалася, што і сам ён у мяккім цёплым тумане... (І.Пташнікаў). Раніца... Мяккі туман над дальняй ракою (Я.Сіпакоў). Над нізінай нерухомы Завіс, як дым, туман (Я.Колас). ..Аднекуль выпаўз рэдкі, нясмелы туман (І.Чыгрынаў). З лугавін і пералогаў рэдзенькім дымком поўз... па-летняму палахлівы, амаль празрысты туман (Б.Сачанка). Над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман (З.Бядуля). З боку пасівелых за ноч расцяробаў наплывае на бераг ракі парны празрысты туманок (К.Кірэенка). Туманок мой, туман рахманы, Дзе сцяжынак тваіх шукаць? (А.Лойка). Не мыйся, вечар, сажай, — Туман смуглява-малады Мне заўтра ўсё раскажа (Ю.Лявонны). Туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт груш — нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя (І.Мележ). А недзе далёка ў цёплым тумане Зазыўна гудуць цягнікі (П.Панчанка). Цёплыя туманы стаялі над зямлёй (К.Чорны). У гэтых жудкіх дрыгвяных абшарах на сотні вёрст хмызняк, трысцё, атрутны туман... (Э.Самуйлёнак). З позняй восені выплыве лішні ашклянелы туман (Л.Забалоцкая). Лог дыхаў вострым туманам (К.Чорны). Вы, злыя туманы, Вы, хмары, без жалю, Закрылі, забралі мне ўсё... (Я.Купала). Над Матавіліхай туман — марозны, змрочны і калючы (М.Стрыгалёў). Разведчыкі нашы хадзілі ў слоту, у золкі туман (М.Калачынскі). Плыве туман ляны, І вырай дом пакінуў (Р.Барадулін). І не мае аздобы зямля працавітая, І сумуе па кветках маўклівы туман (П.Панчанка). [Ганна] не магла знайсці, вярнуць хоць якую яснасць галаве, якая поўнілася непадатным, нядобрым туманам (І.Мележ). Пахмуры і цяжкі туман пустыя ўзгоркі абвівае (А.Александровіч). Цячэ ў нізоўі з хвойніку туман, Цягучы і пякучы, як жывіца (А.Грачанікаў). Туман туманіць асенні, слотны (М.Танк). Як у гэтым сляпым халодным тумане Адшукаць мне каханай зманлівы след? (У.Караткевіч). Будуць маўчаць над асфальтам бярозы, будзе туман слепаваты клубіцца, Будуць стаяць дзесь пад бёзам росным Тыя, каму ноччу майскай не спіцца (А.Лойка). Прыходзь, прамень, ва ўсе куткі зямлі, Туманам ахінутыя старэчым, Аголенаю праўдай прасвятлі, Вярні абліччы страчаныя рэчам (П.Макаль). Сухі пясок, сухія гаці, Сухі туман балтыйскіх вод (А.Пысін). Бой заціх, адгрымеў ураган. Поле бітвы сцюдзёны, сівы Засцілае, як саван, туман... (М.Танк). Чужыя вятры з берагоў Скандынавіі Нясуць на ўзбярэжжа чужыя туманы (К.Кірэенка). Ціхая вулачка ў сонным тумане (А.Александровіч).

* Туман-блакіт, туман-імжа, туман-малачай, туман-тугадум.

Табе [краю] золатам сонца разлітым магутныя грудзі асыпле кругом, а неба атуліць туманам-блакітам... (Л.Геніюш). І неба хмурна пазірае, Спусціўшы ўніз туман-імжу (Я.Колас). Як драмалі палі, а ў палях ды туман, Ой туман-малачай серабрысты Жыта рунь паліваў... (П.Трус). Туман-тугадум ахінаў паплавы (Р.Барадулін).

Паведаміць пра недакладнасьць