ХОЛАД (халады, халадок). Нізкая тэмпература, халоднае надвор’е; свежае халаднаватае паветра: абсалютны, адчайны, асаблівы, бязлітасны, волкі, востры, вялікі, дзікі, дужы, жахлівы, звонкі, злосны, злы, знобкі (аўт.), золкі, калючы, круты, крыштальны, ледзяны, люты, лядачы (разм.), неверагодны, неймаверны, нясцерпны, пагрозлівы, пранізлівы, пругкі, пусты, пякельны, пякучы, рабінавы, рэзкі, сіберны (разм.), страшны, строгі, стылы, суровы, шалёны, ядраны; асаблівы, бадзёры, белы, волкі, востры, густы, добры, дзявочы, жывы, здаровы, лёгкі, мяккі, празрысты, прыемны, ранішні, свежы, спакойны.

Маёр адчуў, як... нібы адабрала ногі і не трапляў зуб на зуб, хаця і не было асаблівага холаду (М.Лынькоў). Дослед трэба паўтарыць.... пры ўмовах абсалютнага холаду (М.Гамолка). Бязлітасны холад залазіў за каўнер, ледзяніў рукі, марозіў твар (І.Шамякін). Сыры вецер дзьмухнуў... [мельніку] вострым холадам у твар (К.Чорны). Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы (Я.Скрыган). Востры холад пустых і жудасных верхавін дзікіх гор моцна сціснуў Хмарку (Я.Колас). У юшкі грукне холад звонкі І — зноў навыперадкі ў поле... (С.Гаўрусёў). Заснежыў месяц шлях-дарогу, І холад рукі мне пячэ. Які ён злы, які ён строгі — Аж зоры сыплюцца з вачэй! (А.Гурло). Да жалеза прыклейваюцца пальцы, і знобкі холад абцякае з іх (Э.Самуйлёнак). Калючы холад поўз усё вышэй і вышэй [па целе] (М.Паслядовіч). Будрыс выбраўся на больш плыткае месца і доўга стаяў, адчуваючы, як крыштальны холад крадзецца ў грудзі (У.Караткевіч). Я думаў — пройдзе ўсё, І ў лютым холадзе Ліст абарвецца... (М.Танк). Нас голад гнуў, холад лядачы (Я.Колас). Саломы пад намі няшмат. Яна намокла ад нашай вопраткі, і мы бакамі адчуваем пагрозлівы холад цэментнай падлогі (Я.Брыль). Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны... (Я.Колас). Дняпро... дзьмуў на бераг пустым нейкім холадам (М.Зарэцкі). Пякельны рэзкі холад сціскаў грудзі, не даваў дыхнуць (М.Лынькоў). Быў сіберны холад, і рабочыя часта прыбягалі пагрэцца ў кацельную (М.Лынькоў). Ад стылага холаду металу па скуры пакацілася дрыготка (А.Савіцкі). Не злякнулася цяпер Макрына, а так толькі, нібы рабінавы холад прабег па целе (С.Баранавых). Які асаблівы, густы халадок ідзе ад цэглы (М.Стральцоў). Густы, але нямоцны вецер крануў спатнелы твар свежасцю, пагнаў па спіне, па руках бадзёры халадок (І.Мележ). Няхай штодзень Кранае ціха скроні, Нібы зазімак, Белы халадок, Ды сэрца па-юначаму і сёння Стукоча... (П.Макаль). Волкі халадок вячэрнім інеем палез за каўнер багата каму з верамееўцаў (І.Чыгрынаў). Прыходзілі доўгія асеннія ночы... з вострым халадком першых замаразкаў... (К.Чорны). Табе я ўдзячны... За той прасвет у зорках залатых... За востры халадок расінак тых, Што і цяпер бягуць па твары (Н.Гілевіч). Зіма нібы прыяла калядам. Халады дала ядраныя, дужыя (І.Мележ). Ранішні сіняваты прыцемак сустрэў добрым, вострым халадком (І.Мележ). Дзявочы халадок бярозы Сальецца з холадам зімы (А.Пысін). Падзьмула з поўначы здаровым халадком (Я.Колас). Вуснамі перасохлымі Жывы халадок глытаем (К.Камейша). Паветра такое крыштальна-чыстае, якім бывае толькі ў асобныя дні верасня, калі восень робіць першыя крокі, пасылаючы на зямлю лёгкі, бадзёры халадок (Т.Хадкевіч). Празрысты дыхне халадок, Павее з-за сопкі ў даліну (А.Звонак). На нагах маіх За доўгі дзень, як зоры, цыпкі выспелі. ...Мама гоіць іх. Вяршынкай мажа... Прыемны, мяккі халадок кладзе (Н.Гілевіч). На ганку... грудзі заліло свежым халадком (І.Мележ). На сярэдзіне ракі яны [дрэвы] сплятаюцца зялёным галлём, і пад імі над вадою спакойны, ціхі халадок (Р.Мурашка). Цішыня. Яшчэ павявае ад сырога муру пранізлівым халадком (К.Кірэенка).

* Холад-няволя.

Загудуць вятругі ў полі, Загалосяць, зашумяць, Белым пылам задымяць Ды засцелюць гоні-ролі, Каб у холадзе-няволі Рунь зялёную прымяць (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць