ЦВЕТ (квет). Кветкі на раслінах і дрэвах; цвіценне: агнёвы, агністы, агнявісты, белы, блакітны, бледна-ліловы, буйны, бяленькі, веснавы, гарачы, духмяны, жаркі, залаты, залацісты, імглісты, малады, мройны, мядовы, пахучы, пышны, пяшчотны, ружова-белы, ружовы, салодкі, серабрысты, ціхі, цудоўны, чароўны, яркі.

Адзін чалавек шукаў у гэтую ноч кветку папараці, бо кажуць, што ў купальскую ноч зацвітае яна агнявістым цветам (Я.Колас). Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань (Я.Брыль). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы... (М.Багдановіч). Верас заліты бледна-ліловым цветам... (І.Навуменка). Ты, вясна, — маладая красуня, Прыгажэй за прыгожых дзяўчат: Галава буйным цветам красуе, Зацвілі васількі ў вачах (П.Глебка). Белы цвет веснавы Па-святочнаму ў косы ўплецены (А.Пысін). І ўбачыў ружы... Скрозь і ўсюды — Духмяны цвет, ружовы цвет (Н.Гілевіч). Верася вы мае, верася. Вунь звініць над узяткам пчала; Жаркі цвет на мяцёлцы гарыць, Значыць ёсць чым пчалу адарыць... (А.Пысін). Ды на ліха дала ёй [дзяўчыне] ночка цёмныя бровы, Залатым напаіўшы вочы цветам ліповым (М.Танк). Ты [музыка] ж ідзі далей шляхамі, Дзе над Нёманам вербы дрэмлюць, Дзе шумяць прасторы жыта У залатым імглістым цвеце (М.Танк). Ты мяне ў гадзіну Добрую тады Ўспамінай, адзіны, Цветам маладым (В.Вярба). І асыпацьме ліпа Мядовы цвет на стол (Я.Янішчыц). І нашто столькі мройнага квету Абляцела яшчэ без пары... (Я.Янішчыц). Набрынялыя пупышкі, Раскалоўшыся ад грому, Прыбіраюць цветам пышным Кожнай яблыні карону (Н.Гілевіч). Я шкадую цвету... Ён сваё зрабіў, ружова-белы (Е.Лось). Зіма... Ад інею вішняк Перахіліўся за парканы. І не мінеш яго ніяк, Кранеш — і цветам серабраным Асыпле з галавы да ног (М.Танк). Блакітным цветам зацвілі пралескі на ўзлессі (“Маладосць”).

Паведаміць пра недакладнасьць