ЦЕПЛЫНЯ (цяпло, цяплынь). Цёплае надвор’е, цёплае паветра ад чаго-небудзь нагрэтага: блакітная, выбуховая, вясёлая, гаючая, гладкая, глыбокая, густая, далікатная, дарагая, дзівосная, духмяная, душная, жыватворная, жывая, залатая, зялёная, кволая, ласкавая, мілая, моцная, мяккая, парная, пахкая, прыемная, пяшчотная, роўная, ружовая, цудоўная, чабаровая, чароўная.

Як імкліва налятае бурная грымотная калацеча, так імкліва і, здаецца, зусім неўпрыкмет яна сама ад сябе ачышчае прастору, пакідаючы парную духмянасць на зямлі і блакітную цеплыню ў высокім небе (К.Кірэенка). Пальцы заглыбіліся ў шаўкавістыя валасы, і ён [Захар] адчуў іх выбуховую цеплыню (А.Савіцкі). Прыйшла вясна з сваёй вясёлай пяшчотнай цеплынёй (“Маладосць”). Натруджаную скуру далоняў лашчыла мяккая гаючая цеплыня (А.Савіцкі). А печы атрымаліся выдатныя... Зондэрфюрэр і цяпер ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе [печы] ласкавай, гладкай цеплыні (Я.Брыль). Густая майская цяплынь пяшчотна абнімала цела (А.Васілевіч). Нейкая дзівосная цеплыня бруілася ад Грачовых далоняў (А.Савіцкі). Увесь луг аж зіхацеў ад кветак, ад якіх ішла далікатная духмяная цеплыня (Я.Сіпакоў). Утульна і хораша стала на палянцы. І не таму, што прыгрэла сонца і яго жыватворная цяплынь жывымі струменьчыкамі пацякла па целе (Т.Хадкевіч). ...Жывая цеплыня прыемнай хваляй разліваецца па яго [афіцэравым] целе, саграваючы аслабелыя, пахаладзелыя ногі (М.Лынькоў). Учора вечарам дзівіўся на залатую цеплыню захаду, прагна ўбіраў грудзьмі яшчэ водарнае ад лета паветра (К.Кірэенка). Нават ноччу мора дыхала жывым чароўным цяплом, якое ішло ад хваляў на ўжо пахаладнелы бераг (А.Пальчэўскі). Мабыць, нідзе гэтак молада не адчуваецца вясна, як у бярозавых гаях, калі лісце светлае і, здаецца, цёплае сваім зялёным цяплом (А.Жук). Наста падставіла палец, адчула, што паперка цяплейшая за ваду, і гэтая зусім кволая цеплыня зрабіла яе бязвольнай (А.Савіцкі). Насустрач ласкаваму цяплу ляцяць, вяртаюцца з-за мора птушкі (В.Жуковіч). Хутка ў небе сонца распусціцца квет, Усё сагрэе мілым цяплом (У.Караткевіч). Праз увесь дзень была на вуліцы мяккая цеплыня (М.Стральцоў). Пад соснамі панавала пахкая чабаровая цеплыня (А.Савіцкі). Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок (М.Лынькоў). Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды (Э.Самуйлёнак). Мяккая, роўная, ласкавая цеплыня паволі разліваецца па зямлі... (Я.Колас). У яго [доміка] белізне каларытна глядзелася б сама вясна, яе мяккая ружовая цяплынь (В.Карамазаў).

Паведаміць пра недакладнасьць