Вінаґрадаў Іван Матвеевіч (Виноградов Иван Матвеевич; 14.09.1891-20.03.1983), расейскі матэматык, акад. АН СССР (1929), у 1920-1934 гг. праф. Ленінградскага політэхнічнага інстытута і Ленінградскага ўніверсітэта, з 1932 г. - дырэктар Матэматычнага інстытута імя Ў.А.Сцяклова АН СССР. Галоўны рэдактар «Матэматычнай энцыклапедыі» (Т. 1-5. М., 1977-1985). Асноўныя працы В. прысвечаны аналітычнай тэорыі лікаў. Ён стварыў метад трыганаметрычных сумаў, знайшоў моцныя ацэнкі модуля шырокага класа такіх сумаў. В. атрымаў фундаментальныя вынікі ў такіх класічных задачах, як праблема Варынга, праблема Гільбэрта-Камке, праблема ацэнак сумаў Вэйля (1934-1935), развязаў тэрнарную праблему Гольдбаха і цэлы шэраг адытыўных праблем з простымі лікамі.

Літ.: Иван Матвеевич Виноградов. М., 1978.

Паведаміць пра недакладнасьць