Антыбальшавіцкі Блёк Народаў (АБН), міжнародная антыкамуністычная палітычная арганізацыя, дзейнасьць якой была накіравана на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе й Азіі. Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў яшчэ маніфэст АУН ад сьнежня 1940 г. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943 годзе. 25 чэрвеня 1943 г. бандэраўцы правялі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22 лістапада 1943 года ў Жытомірскіх лясах адбылася нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы», прынятая палітычная плятформа й маніфэст (у канферэнцыі бралі ўдзел два прадстаўнікі Беларускай Незалежніцкай Партыі капітан В.Ермаковіч і ст. лейтэнант Г.Маліноўскі. Капітан Ермаковіч пад пседай «Дружны» падпісаў рэзалюцыю канферэнцыі). У 1944 г. у Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваны канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16 красавіка 1946 г. у Пазінгу каля Мюнхэна ў Заходняй Нямеччыне на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацый народаў Усходняй Эўропы й Азіі. АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й кангрэсы, да ўрадаў заходніх краін, у якіх перасьцерагаў іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай». Антыбальшавіцкі Блёк Народаў аказваў падтрымку антыбальшавіцкаму падпольлю ў СССР, вёў шырокую прапаганду. У праграмных дакументах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі - гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго бярлозе. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры - эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў з іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі, актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна арганізацыя даіснавала да распада савецкай імпэрыі, у якім ёсьць і яе заслуга. Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Тамашчык і Дзімітры Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімір Пеляса й Міхась Сенька.

Паведаміць пра недакладнасьць