Беларуская Незалежніцкая Партыя (БНП), палітычная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў, якая ў 1940-50-х гг. нелегальна дзейнічала ў Беларусі. Па адной з вэрсіяў, БНП была заснавана яшчэ напрыканцы 1939 г. у Вільні (па іншай - у 1942 г. у Менску). У 1940 г. у Варшаве яе ідэёляг а. Вінцэнт Гадлеўскі піша праграму й статут партыі, якія абнаўляліся ў 1942 г. пасьля рэарганізацыі БНП. У статуце БНП мэтай партыі было «здабыцьцё і забясьпечаньне на будучыню Незалежнасьці Беларусі» і да яе яна ішла «праз баёвы зрыў народных масаў да збройнага змаганьня». Найвышэйшым ворганам БНП быў Цэнтральны Камітэт, які ствараўся агульным зьездам акруговых кіраўнікоў партыі. Асноўнай партыйнай адзінкай БНП было зьвяно з кіраўніком зьвяна на чале. Існавалі таксама раённыя, акруговыя й краёвыя камітэты партыі. Раз на два гады зьбіраўся партыйны зьезд, а таксама партыйныя канфэрэнцыі. Друкаваным ворганам БНП быў «Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі», які выдаваўся ў 1942-46 гг. (выйшла 6 нумароў).

Пад час нямецкай акупацыі сябры БНП апаноўвалі грамадзянскую адміністрацыю, кіравалі вайсковымі й паліцыйнымі аддзеламі, узначальвалі нацыянальныя партызанскія атрады. Напрыканцы чэрвеня 1944 г. ЦК БНП рыхтаваў у Менску антынямецкае паўстаньне з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было адменена з прычыны імклівага наступу Чырвонай Арміі. Летам 1944 г. кіраўніцтва партыі выехала ў Нямеччыну, пакінуўшы ў Беларусі падпольныя й партызанскія групы. У 1944-45 гг. у Беларусь зь Нямеччыны перапраўляліся дэсантныя групы, складзеныя з сябраў БНП, якія мусілі арганізоўваць антысавецкі супраціў у шэрагах Беларускага Краёвага Войска. Частка кіраўнікоў і актывістаў партыі, у тым ліку й старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай. Аднак ацалеўшыя падпольныя структуры здолеў аб'яднаць генэрал Міхал Вітушка, які кіраваў БНП у Беларусі. На эміграцыі быў утвораны Замежны сэктар БНП на чале з Дз.Касмовічам, які падтрымліваў сувязь з партыяй на Бацькаўшчыне праз сваіх кур'ераў. 30 верасьня 1946 г. у Зах. Нямеччыне адбылася ІІІ канфэрэнцыя БНП. На ёй адзначаўся «сталы рост БНП на Бацькаўшчыне», якая пашыралася ў падпольлі й мела ўплыў на партызанскі рух. Па некаторых зьвестках, БНП актыўна змагалася супраць савецкіх уладаў да канца 1956 г. Партыйныя структуры на эміграцыі ў 1955 г. уліліся ў Беларускі Вызвольны Фронт.

Паведаміць пра недакладнасьць