Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Беларускі дэсантны батальён «Дальвіц», вайсковае фарміраваньне, створанае беларускімі нацыяналістамі пры дапамозе абвэра (нямецкай вайсковай разьведкі й контрразьведкі) для антысавецкай барацьбы ў тыле Чырвонай Арміі, на тэрыторыі Беларусі. Батальён быў арганізаваны ў ліпені 1944 г. у мястэчку Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі пры нямецкай дывэрсыйна-разьведвальнай школе. Начальнікам школы быў маёр Геруліс, а яго намесьнікамі Барыс Рагуля й Усевалад Родзька. Родзька адказваў за палітычную падрыхтоўку асабовага складу батальёна, а Іван Гелда - за вайсковую.

«Дальвіц» камплектаваўся з афіцэраў і жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны, пераважна сябраў Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1944 г. у батальёне налічвалася болей за 200 чалавек і ён быў падзелены на дзьве роты: «Паўднёвую» і «Паўночную». Беларускія вайскоўцы вывучалі падрыўную й сапёрную справы, тапаграфію, тактыку вядзеньня партызанскага бою, тыпы зброі. Невялікая група дзяўчат і жанчын рыхтаваліся на радыстак. У другой палове 1944 г. на Беларусь было скінута з нямецкіх самалётаў некалькі атрадаў, груп і асобных дэсантнікаў «Дальвіца». Частка зь іх была ліквідавана савецкай дзяржбясьпекай, іншыя пераходзілі да партызанскае дзейнасьці. Дэсантнікі, акрамя абвэра, атрымоўвалі заданьні й ад кіраўнікоў БНП, якія спрабавалі ўзьняць у Беларусі антысавецкі партызанскі рух. Усе перакінутыя ў Беларусь вайскоўцы лічыліся сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі й мусілі выконваць заданьні толькі беларускага кіраўніцтва.

На пачатку лістапада 1944 г. «Дальвіц» перадыслякаваўся ў мястэчка Вальбуш пад Быдгошчам (Польшча), дзе працягваў падрыхтоўку. Пазьней ён пераехаў у раён Бэрліна.

Напрыканцы сакавіка 1945 г. камандзір батальёна маёр У.Родзька заключыў пагадненьне з кіраўніком «Ягдфербанд-Ост СС» палкоўнікам нямецкіх сьпецслужбаў Ота Скарцэні аб павелічэньні складу «Дальвіца» да 700-800 чалавек і яго перакідцы ў Беларусь. Аднак падрыхтаваныя атрады «Дальвіца» ў Беларусь перакінутыя не былі.

У траўні 1945 г. «Дальвіц» быў раззброены чэшскімі партызанамі, пасьля чаго Родзька аб'явіў пра яго роспуск. Батальён быў падзелены на групы, якія прабіваліся на Захад, або ў Беларусь. Атрад маёра Ў.Родзькі перабраўся на Беласточчыну, дзе ў чэрвені 1945 г. старшыня ЦК БНП і камандзір «Дальвіца» быў арыштаваны. Частка вайскоўцаў батальёна, дабраўшыся да Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, прыступілі да партызанскай дзейнасьці. Некаторыя дэсантнікі, як, напрыклад, Аўген Жыхар, камандавалі партызанскімі аддзеламі. А генэрал Міхал Вітушка кіраваў партызанкай і падпольлем «Чорнага Ката». Па афіцыйных савецкіх зьвестках, у 1956 г. дзяржбясьпека расшуквала 57 дэсантнікаў «Дальвіца», якія былі або на Захадзе, або скрываліся ў Савецкім Саюзе.

Батальён «Дальвіц» адыграў выключную ролю ў падрыхтоўцы каманднага складу для беларускага партызанскага руху. Ягоныя дэсантнікі здолелі часткова аб'яднаць стыхійную партызанку й аформіць яе ў арганізацыйныя рамкі.

Беларускі нацыяналізм. Даведнік   Беларускі нацыяналізм. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018