Гадлеўскі Вінцэнт (16.11.1888 /па інш. зьвестках 16.12./ - сьнежань 1942?), рыма-каталіцкі сьвятар, кіраўнік і ідэоляг Беларускага нацыяналістычнага руху ў 1930-40-я гады, арганізатар Беларускага нацыянальнага Супраціву фашыстоўскім акупантам. Паходзіў з м. Поразава Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю й Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. Удзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу, сябра Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, палітычнай партыі. Неаднаразова зьнявольваўся ў турмы польскімі ўладамі за беларускую патрыятычную дзейнасьць. У 1936 г. выйшаў з БХД і заснаваў нацыяналістычную арганізацыю «Беларускі Фронт», выдаваў радыкальную газэту «Беларускі фронт», на балонках якой распрацоўваў ідэалёгію беларускага нацыяналізму. Пад час Другой сусьветнай вайны Гадлеўскі стаўся кіраўніком Беларускага нацыянальнага Супраціву, заснаваў падпольныя нацыяналістычныя арганізацыі «Беларуская Незалежніцкая Партыя», «Беларускі Цэнтральны (Народны) Фронт», ініцыіраваў стварэньне нацыянальнага партызанскага руху. 24 сьнежня 1942 г. В.Гадлеўскі быў арыштаваны гэстапаўцамі й закатаваны на сьмерць.

Паведаміць пра недакладнасьць