Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

«Чорны Кот», беларуская партызанская арганізацыя. Па некаторых зьвестках, «Чорны Кот» быў арганізаваны ўжо 1944 г., па іншых - у 1945 г. Дзейнічала пад кіраўніцтвам генэрала Міхала Вітушкі («Лось»). У некаторых крыніцах паведамляецца, што назоў «Чорны Кот» («Чорная Кошка») меў адзін з партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі, або нават атрад «Дальвіца», які дэсантаваўся ў Беларусі 17 лістапада 1944 г. У іншых крыніцах «Чорны Кот» - гэта злучэньне партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі або «тэрарыстычная арганізацыя».

«Чорны Кот» (Беларуская Вызвольная Армія) складалася з рэгулярных партызанскіх аддзелаў і ўдзельнікаў збройнага падпольля («ударнікаў»), якія легальна працавалі ў калгасах, сваіх гаспадарках, на прадпрыемствах і ў установах, але бралі ўдзел у акцыях. На чале «Чорнага Ката» стаяў Галоўны Штаб, якім камандаваў генэрал Міхал Вітушка і ягоныя намесьнікі: Ахрэм і Шукайловіч. М.Вітушка зьяўляўся й старшынёй ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, сканцэнтраваўшы, такім чынам, у сваіх руках вайсковае й палітычнае кіраўніцтва Нацыянальным Супрацівам. У складзе «Чорнага Ката» былі ня толькі беларускія аддзелы, але й летувіскія, латышскія, нямецкія («Вэрфольф», «Цэпэлін», «Эдэльвейс») й украінскія атрады, якія ў асноўным дзейнічалі ў заходняй і паўночнай Беларусі, а таксама ў Прыбалтыцы.

«Чорны Кот» праводзіў акцыі на чыгунцы, узрываючы або захопліваючы цягнікі, рабіў напады на савецкія склады й гарнізоны, на вёскі, мястэчкі й гарады, вызваляў вязьняў з турмаў і канцлягераў. Рабіліся напады на банкі з мэтай здабыцьця сродкаў, неабходных для забясьпечаньня падпольнай й партызанскай дзейнасьці. Баявікі «Чорнага Ката» зьдзяйсьнялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў савецкай улады, членаў камуністычнай партыі, супрацоўнікаў МВД і МГБ (КГБ). Па некаторых зьвестках, у кастрычніку 1948 г. была спроба замаху на І.Сталіна. Частку зброі, боепрыпасаў, радыёапаратуру, амуніцыю «Чорны Кот» атрымоўваў праз Польшчу з Ангельшчыны, з дапамогай мясцовых сьпецслужбаў. «Чорным Катом» праводзілася й вялікая прапагандовая праца: выдаваліся дзесяткі газэт, часапісаў, плякатаў, адозваў і абвестак, якія пашыраліся ня толькі сярод партызанаў, але й сярод насельніцтва.

У эміграцыйных крыніцах ёсьць зьвесткі, што «Чорны Кот» працягваў сваю актыўную баявую дзейнасьць да 1950 г. Аднак і ў пазьнейшыя гады ад імя гэтай арганізацыі праводзіліся акцыі, скіраваныя супраць савецкіх уладаў. Аднак гэта была ўжо хутчэй дзейнасьць узброенага падпольля, чымсьці партызанкі. Магчыма, што кіраўніцтва «Чорнага Ката», падобна камандаваньню УПА, перавяла свае структуры са стану ўзброенай партызанскай вайны да стану збройнага падпольля. Наколькі была эфектыўнай і колькі працягвалася барацьба «Чорнага Ката» ў новых умовах - невядома. Аднак яшчэ напрыканцы 1950-х гг. у БССР існавалі падпольныя групы, якія пазьней перабраліся на Захад, у Польшчу, або засталіся на Бацькаўшчыне, так і ня выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай. На Захадзе апынуўся й генэрал Міхал Вітушка.

Беларускі нацыяналізм. Даведнік   Беларускі нацыяналізм. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020