Яр (народны тэрмін, запазычаны з цюрк. мовы; роў), глыбокі са стромкімі схіламі размыў, утвораны часовымі вадасцёкамі; найбольш яскравы і небяспечны вынік воднай эрозіі глебы. Утвараюцца пры інтэнсіўных ліўневых дажджах, разворванні і апрацоўцы глебы ўдоўж схілаў, пракладцы дарог, празмерным выпасе жывёлы, знішчэнні дрэвавай і травяністай расліннасці на схілах, рэкрэацыйнай дыгрэсіі зямель і інш. Даўжыня дасягае некалькіх кіламетраў, шырыня і глыбіня - дзесяткаў метраў. Бываюць схілавыя і донныя, у раёнах з карбанатнымі глебаўтваральнымі пародамі адзначаецца падземная яравая эрозія. У Беларусі займаюць плошчу больш за 11 тыс. га, найбольш пашыраны ў раёнах развіцця лёсападобных адкладаў на Аршанска-Магілеўскай раўніне, Наваградскім, Ашмянскім і Менскім узвышшах, Мазырскай і Капыльскай градах. Сустракаюцца і іншыя значэнні тэрміна «яр»: абрывісты бераг ракі (часцей правы ў Паўночным паўшар'і), мора ці возера, уступ дна ракі ці возера, вір. Тэрмін уваходзіць у склад многіх геаграфічных назваў (напрыклад, Краснаярск).

Паведаміць пра недакладнасьць