Чарназёмы, тып глеб лесастэпавай і стэпавай зон умераных паясоў (большая частка разарана). Фарміруюцца пад шматгадовай травяністай расліннасцю пры недахопе вільгаці ва ўмовах непрамыўнога або перыядычна прамыўнога воднага рэжыму, у асноўным на карбанатных пародах. Профіль складаецца з магутнага (бывае больш за 1 м) чорнага гумусавага гарызонту і ілювіяльна-карбанатнага гарызонту, які пераходзіць у глебаўтваральную пароду (звычайна лёс). У залежнасці ад утрымання гумусу адрозніваюць тлустыя (больш за 9% гумусу), сярэднягумусныя (6-9%) і малагумусныя (менш за 6%) чарназёмы. На чарназёмах атрымліваюць высокія і ўстойлівыя ўраджаі сельскагаспадарчых культур. Пашыраны на Украіне, у некаторых краінах Еўропы, у Манголіі, Кітаі, ЗША, Канадзе, Аргенціне.

Паведаміць пра недакладнасьць