Узровень эканамічнага развіцця, абагульняючая эканамічная характарыстыка групы краін (краіны, раёна), якая дазваляе вызначыць дасягнутую ступень у працэсе эканамічнага развіцця і яе месца ў іерархічным радзе тэрыторый, якія параўноўваюцца. Традыцыйна ўзровень эканамічнага развіцця вызначаецца як аб'ём атрыманага на працягу года нацыянальнага даходу ці вырабленага на душу насельніцтва валавога грамадскага прадукту. Для вызначэння ўзроўню эканамічнага развіцця карыстаюцца комплекснымі эканамічнымі характарыстыкамі, такімі, як суадносіны паміж прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, цяжкай і лёгкай прамысловасцю; удзельная вага сучасных галін прамысловасці, якія вызначаюць узровень тэхнічнага прагрэсу; узровень эканамічнага развіцця навукова-доследных і вопытна-канструктарскіх работ; спажыванне электраэнергіі ў разліку на 1 жыхара; узровень выкарыстання прыродных рэсурсаў; арганізацыя і эфектыўнасць грамадскай вытворчасці і інш. Узровень эканамічнага развіцця трэба адрозніваць ад эканамічнага патэнцыялу.

Паведаміць пра недакладнасьць