Урбанізацыя (франц. urbanisation ад лац. urbanus гарадскі), гістарычны працэс павышэння ролі гарадоў у развіцці грамадства, які ахоплівае змены ў размяшчэнні вытворчых сіл, перш за ўсё ў рассяленні насельніцтва, яго сацыяльна-прафесійнай, дэмаграфічнай структуры, спосабе жыцця, культуры і інш. У вузкім сэнсе урбанізацыя - рост гарадоў, асабліва вялікіх, павышэнне ўдзельнай вагі гарадскога насельніцтва ў краіне, рэгіёне, усім свеце. Развіццё працэсаў урбанізацыі цесна звязана з асаблівасцямі фарміравання гарадскога насельніцтва і росту гарадоў, прытокам мігрантаў з сельскай мясцовасці, натуральным прыростам гарадскога насельніцтва, уключэннем у гарадскую мяжу прыгарадных тэрыторый, пераўтварэннем сельскіх паселішчаў у гарадскія. Найбольш высокі працэнт гарадскога насельніцтва (ад 75 да 90%) маюць развітыя краіны Заходняй Еўропы, ЗША, Канада, Ізраіль, Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя. У Беларусі ў 2002 г. гарадское насельніцтва дасягнула 70,7%. Для урбанізацыі характэрна канцэнтрацыя насельніцтва ў вялікіх гарадах, утварэнне гарадскіх агламерацый. Так, у 1800 г. на свеце быў адзін горад з насельніцтвам больш за 1 млн. чалавек (Лондан), у 2002 - каля 300.

Паведаміць пра недакладнасьць