Цэнтральная Беларусь, прыродна-гаспадарчы раён, які займае шырокую паласу яе тэрыторыі ад дзяржаўнай граніцы з Польшчай да граніцы з Расіяй і ахоплівае большую частку Гарадзенскай і Менскай абласцей (за выключэннем раёнаў, аднесеных да Паўночнай і Паўднёвай Беларусі), Магілёўскую вобласць (за выключэннем Глускага раёна), Камянецкі, Пружанскі, Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны Берасцейскай, Рагачоўскі і Кармянскі раёны Гомельскай абласцей. Плошча 90,1 тыс. км2.

Цэнтральная Беларусь - найбольш узвышаная частка краіны. З захаду на ўсход тут распасціраюцца ўзвышшы Беларускай грады - Ваўкавыскае, Наваградскае, Менскае, а таксама Цэнтральнабярэзінская і Аршанска-Магілёўская раўніны. На Менскім узвышшы знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі - гара Дзяржынская (346 м над узроўнем мора). Выцягнутасць у шыротным напрамку, разнастайнасць форм рэльефу абумовілі значныя адрозненні ў колькасці атмасферных ападкаў, цеплавым рэжыме, глебавым покрыве. Пераважаюць супясчаныя глебы, часцей, чым у іншых частках краіны, сустракаюцца дзярнова-карбанатныя, супясчаныя і сугліністыя глебы на лёсападобных пародах. Лясістасць і забалочанасць тэрыторыі меншыя, чым у іншых раёнах. Аднак і тут сустракаюцца вялікія лясныя масівы, сярод якіх Белавежская і Налібоцкая пушчы. У раёне ёсць радовішчы сілікатных і будаўнічых пяскоў, глін, мелу, мергелю.

У гаспадарчых адносінах гэты раён найбольш асвоены ў Беларусі. Ён апярэджвае Паўночную і Паўднёвую Беларусь па ўзроўні прамысловай, сельскагаспадарчай і транспартнай асвоенасці. Тут найбольшыя паказчыкі шчыльнасці насельніцтва, разаранасці тэрыторыі, гушчыні сеткі аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. На перасячэнні важных чыгуначных і аўтамабільных магістралей размешчаны самы магутны і складаны ў краіне Менскі гаспадарчы вузел, на долю якога прыпадае 1/4 прамысловай прадукцыі Беларусі. У ім сталічныя функцыі Менска спалучаюцца з прамысловымі і транспартнымі функцыямі буйнейшага навуковага і культурнага цэнтра. Вакол Менска сфарміравалася вялікая зона яго непасрэднага гаспадарчага ўплыву. Яна густа заселена, характарызуецца высокім узроўнем гаспадарчай асвоенасці тэрыторыі. Буйнымі прамыслова-транспартнымі вузламі з'яўляюцца Горадня, Баранавічы, Магілеў, Бабруйск. У іх развіты хімічная, машынабудаўнічая, лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая прамысловасць. Выпускаюцца азотныя ўгнаенні, хімічныя валокны, аўтаматычныя лініі, электрарухавікі, пасажырскія ліфты, аўтамабілі, шарсцяныя, баваўняныя і шаўковыя тканіны і іншая прадукцыя. У Ваўкавыску і Крычаве працуюць цэментныя заводы. Важнейшымі прамысловымі цэнтрамі з'яўляюцца Ліда, Слонім, Слуцак, Асіповічы (машынабудаванне, хімічная, харчовая, тэкстыльная, цэлюлозна-папяровая прамысловасць). Шматгаліновая сельскагаспадарчая вытворчасць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. Пашыраны пасевы збожжавых культур: жыта, ячменю, азімай і яравой пшаніцы, аўса, грэчкі. На захадзе раёна сеюць цукровыя буракі, на ўсходзе - лён-даўгунец. У прыгарадных зонах сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні ранняй бульбы і агародніны. Крайні ўсход раёна таксама пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Паведаміць пра недакладнасьць