Адамчык Вячаслаў, нарадзіўся 01.11.1933 г. у вёсцы Варакомшчына Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сямігодкі (1949) працаваў грузчыкам на станцыі Наваельня і вучыўся ў вячэрняй школе. У 1952-1957 гг. займаўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у газетах «Знамя юности» (1957-1958), «За вяртанне на Радзіму» (1958-1960), рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1960-1962), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя» (1962-1963). У 1965 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве. Быў літсупрацоўнікам часопіса «Неман» (1965-1967), загадчыкам рэдакцыі часопіса «Полымя» (1967-1969), рэдактарам аддзела прозы, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1969-1977), галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні пры кінастудыі «Беларусьфільм» (1977-1980), намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1980-1982). З 1982 г. - галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Прымаў удзел у рабоце XXXVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1983). Сябра СП СССР з 1960 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1952 г. У 1957 г. апублікаваў першае апавяданне. Аўтар зборнікаў прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974), «Раяль з адламаным вечкам» (1990) і раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1978, паводле рамана зняты мастацкі фільм, 1982 і тэлеспектакль, 1983), «Год нулявы» (1983), «І скажа той, хто народзіцца...» (1987). Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Іван Мележ» (зняты ў 1977), «Валянцін Таўлай» (зняты ў 1978), «Дзядзька Якуб» (зняты ў 1981), п'есу «Раіса Грамычына» (1989).

Пераклаў кнігу балгарскіх народных казак «Незвычайны асілак» (1961), паасобныя творы М.Прышвіна, Ю.Казакова, С.Залыгіна і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа (1980, за раман «Чужая бацькаўшчына») і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1988, за раманы «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца...»).

Выбраныя творы Вячаслава Адамчыка на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць