Арочка Мікола, нарадзіўся 10.12.1930 г. у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1956) працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» (1956-1960) і ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962). У 1966 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1966 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.

У друку з вершамі пачаў выступаць з 1949 г. (баранавіцкая абласная газета «Чырвоная звязда»). Аўтар кніжак паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны» (1958), «Ветраломная паласа» (1962), «Крылатае семя» (1967), «Кветкі бяссмертніка» (1972), «Матчына жыта» (1978), «Колас на ржышчы» (1980), «Бяздоннае» (1985), «Падземныя замкі» (1986), драматычных паэм «Курганне. Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1990), кніжкі вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964) і аповесці «Хай расце маладая таполя» (1964).

Выдаў крытыка-літаратуразнаўчыя кнігі «Валянцін Таўлай» (1969), «Галоўная служба паэзіі» (1974), «Беларуская савецкая паэма» (1979), «Саюз часу і майстэрства» (1981), «Максім Танк: Жыццё ў паэзіі» (1984), «Поэзия и война» (1987). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977).

Выступае як перакладчык з расейскай, латышскай, польскай, ангельскай моў.

Паведаміць пра недакладнасьць