Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Брыль Янка, нарадзіўся 04.08.1917 г. у горадзе Адэсе (Украіна) у сям'і чыгуначніка.

У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці). Скончыў польскую сямігодку (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У сакавіку 1939 г. прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. - сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. - партызан-разведчык брыгады «Камсамолец» і рэдактар газеты «Сцяг свабоды» (орган Мірскага падпольнага райкома партыі) і сатырычнага антыфашысцкага лістка «Партызанскае жыгала». З кастрычніка 1944 г. жыве ў Менску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1966-1971 гг. - сакратар праўлення СП БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967, 1980-1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР - Канада» (1967-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1945 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», савецкімі і польскімі медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1981).

У 1938 г. пачаў друкавацца як паэт і публіцыст (віленскі беларускі часопіс «Шлях моладзі»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (апавяданні і нарысы), «Вераснёвая рунь» (1949), «У Забалоцці днее» (1951), «Дзеля сапраўднай радасці» (1952), «На Быстранцы» (1955), «Вачыма друга» (нарысы, 1956), «Сэрца камуніста» (нарыс, 1957), «І смех, і бяда» (сатыра і гумар, 1958), «Надпіс на зрубе» (1958), «Вы-браныя апавяданні» (1959), «Мой родны кут» (1959), «Працяг размовы» (апавяданні, замалёўкі, нарысы, 1962), «Жменя сонечных промняў» (мініяцюры, 1965), «Адзін дзень» (1968), «Акраец хлеба» (1977), «Золак, убачаны здалёк» (1979), «Гуртавое» (1980), зборнікаў апавяданняў і мініяцюр «Ты жывеш» (1978), «Сёння і памяць» (1985), «Ад сяўбы да жніва» (1987), «На сцежцы - дзеці» (1988), раманаў «Граніца» (ч. I, часопіс «Полымя», 1949), «Птушкі і гнёзды» (1964). У сааўтарстве з А.Адамовічам і Ў.Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (1975, па матывах кнігі пастаўлены «Хатынскі цыкл» дакументальных фільмаў). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951), «Светлае ранне» (1954), «Пачатак сталасці» (1957), «Жыў-быў вожык» (1976), «Сняжок і Волечка» (1983). Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960), 4-х (1967-1968) і 5 тамах (1979-1981).

Я.Брылю належаць таксама кнігі «Роздум і слова» (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963) і «Трохі пра вечнае» (артыкулы, творчыя партрэты, лірычны роздум, 1978). Напісаў тэксты да альбомаў «Там, дзе сінее Нарач» (1963) і «Між тых палёў...» (1968).

Вядомы і як перакладчык з расейскай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, Л.Смілянскага, А.Даўжэнкі, В.Казачэнкі, М.Канапніцкай, Э.Ажэшкі, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, В.Жукроўскага, Т.Ружэвіча, М.Ю.Канановіча, Я.Гушчы і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць «У Забалоцці днее», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу «Працяг размовы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць «Золак, убачаны здалёк».

Атрымаў у Польшчы прэміі за пераклады польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі - імя Ў.Петшака (1972) і аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1975).

Выбраныя творы Янкі Брыля на Беларускай Палічцы

Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік   Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018