Гамолка Мікола, нарадзіўся 11.03.1922 г. у вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1940, завочна ў 1948-1952). У 1940-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1947 г. паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, у 1948-1949 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1949 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у 1951-1962 гг. - адказны сакратар часопіса «Бярозка». З 1967 г. - адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі. У 1970-1980 гг. і ў 1982-1986 гг. - літкансультант СП БССР, у 1980-1982 гг. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 03.05.1992 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1937 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б'юць куранты» (1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Працаваў пераважна ў жанры прозы. Выйшлі аповесці для дзяцей «Лета ў Калінаўцы» (1950, дапоўненае выданне ў 1956), «Добры дзень, школа!» (1953), «За вялікую трасу» (часопіс «Полымя», 1954), а таксама раман «Шосты акіян» (1959), аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Сокалы-сакаляняты» (1987), «Партызанскія сёстры» (1989), зборнік апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). На расейскай мове выдаў аповесць-хроніку «Девушка шла по войне» (1972). У 1982-1983 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Напісаў п'есу «Бітва ў космасе» (пастаўлена ў 1963).

Пераклаў на беларускую мову п'есу-казку Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (пастаўлена ў 1967).

Паведаміць пра недакладнасьць