Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Гарэцкі Максім, нарадзіўся 18.02.1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка (у 1976 г. аб'яднана ў вёску Багацькаўка) Мсцілаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913). Працаваў каморнікам у Летуве. Улетку 1914 г. прызваны ў армію. У час першай імперыялістычнай вайны быў на фронце, ва Ўсходняй Прусіі. Пад Сталупененам паранены. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета», у газеце «Звязда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). За сувязь з віленскімі камуністамі трапіў у 1922 г. у Лукішскую турму. У 1923 г. вярнуўся ў БССР. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследаваннямі ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у АН БССР. У 1931-1935 гг. жыў у Кіраве (былая Вятка), куды быў высланы. Працаваў чарцёжнікам, тэхнікам. З верасня 1935 г. жыў у пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў) Калужскай вобласці, дзе працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1938 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Комі АССР. Справа па абвінавачаню М.Гарэцкага адменена і спынена ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР. 07.02.1959 г. Калужскім абласным судом поўнасцю рэабілітаваны.

Расстраляны 10.02.1938 г. у Вязьме.

Друкаваўся з 1912 г. (допісы, карэспандэнцыі). Першае апавяданне надрукаваў у 1913 г. у газеце «Наша ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданняў «Рунь», у 1919 г. - драматызаваную аповесць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песні» (1926, другое, дапрацаванае і пашыранае выданне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны ў 1960 г. - «Выбранае», у 1973 г. - Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1984-1986 гг. - Збор твораў у 4 тамах, у 1990 г. - «Творы».

Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век - 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г.Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выданне, Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-е выданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М.Байковым, 1924, 2-е выданне, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А.Ягораў і М.Аладаў, 1928).

Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929) і інш.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Ў.І.Леніна (пад псеўданімам А.Мсціслаўскі), творы Ю.Лібядзінскага «Камісары» і «Тыдзень», А.Фадзеева «Разгром», апавяданні М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».

Выбраныя творы Максіма Гарэцкага на Беларускай Палічцы

Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік   Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018