Грачанікаў Анатоль, нарадзіўся 08.09.1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960-1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962-1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965-1967). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969-1971 гг. - загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», а ў 1971-1976 гг. - намеснік старшыні праўлення СП БССР. З 1976 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 г. - часопіса «Бярозка», з 1982 г. - часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1965 г.

Памёр 07.03.1991 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1957 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (вершы і паэмы, 1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю» (1986), «Жнівень-45» (1990). Выданы на расейскай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага (1978). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае».

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э.Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан - значыць Радзіма» (1987), М.Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, летувіскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».

Паведаміць пра недакладнасьць