Знаёмы Сяргей (сапр. Клопаў Сяргей), нарадзіўся 27.06.1909 г. у вёсцы Звоня Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы «Чырвоная Бярэзіна» ў Барысаве. Быў рабкорам, затым рэдактарам шматтыражнай газеты «Чырвоны Бярэзінец». У 1930 г. скончыў літаратурна-крытычнае аддзяленне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута. Выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 11 у Барысаве. З вясны 1936 г. працаваў літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё. Арыштаваны 26.11.1936 г. 04-05.10.1937 г. асуджаны на 8 год зняволення ў лагеры. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29.12.1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

20.01.1944 г. уцёк з Паўночна-Усходняга лагера, і звестак пра яго далейшы лёс няма.

У друку выступаў з 1929 г. Аўтар кнігі падарожных нататак «Відагоршчы» (1930), зборнікаў нарысаў «Дом № 31» (1930), «За дамбаю» (1931), «Лес гарыць» (1932), аповесцей «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935).

Запісваў і даследаваў беларускі фальклор. Займаўся мастацкім перакладам з расейскай, украінскай і іншых моў.

Паведаміць пра недакладнасьць