Клімковіч Святлана, нарадзілася 26.08.1935 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.

Скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працавала карэктарам, літработнікам, адказным сакратаром газеты «Голас Радзімы» (1958-1970), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1970-1972), рэдактарам у часопісе «Народная асвета» (1972-1974), рэдактарам рэдакцыі праграм для моладзі на Беларускім тзлебачанні. У 1977-1990 гг. - адказны рэдактар бюлетэня Беларускага тэатральнага аб'яднання (з 1987 г. Саюза тэатральных дзеячаў) «Тэатральны Мінск». Сябра СП СССР з 1986 г.

Выступае ў друку з 1958 г. У перыядычным друку публікуе апавяданні, нарысы, казкі, тэатральныя рэцэнзіі і артыкулы. Асобным выданнем выйшла казка «Лалі-Лаль» (1974, на аснове яе створаны тэле- і радыёспектаклі).

Аўтар п'ес для тэатра лялек «Дар ляснога цара» (пастаўлена ў 1978), «Балада пра белую вішню» (апублікавана ў зборніку п'ес «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» ў 1984, пастаўлена ў 1984 і на Беларускім радыё ў 1988), «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (апублікавана ў 1981, Масква, і ў зборніку «Радзіма мая дарагая», 1989), п'есы «Вясновая песня» (пастаўлена на Беларускім радыё, 1985). Напісала лібрэта опер «Дзікае паляванне караля Стаха» (пастаўлена ў 1989) і «Францыск Скарына» (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1990). Зрабіла пераклад з польскай мовы, рэстаўрацыю і сцэнічную рэдакцыю оперы XVIII ст. «Апалон-заканадаўца, альбо Парнас рэфармаваны» (апублікавана і пастаўлена ў 1989).

Паведаміць пра недакладнасьць