Стрыгалёў Міхась, нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Недайка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Недайскай сярэдняй школы (1955) год працаваў у мясцовым калгасе імя Ф.Энгельса, скончыў энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1961). Быў старшым інжынерам-электрамеханікам вайсковай часці (Уральская ваенная акруга, 1961-1965), інжынерам трэста «Уралмантажаўтаматыка», старшым інжынерам лабараторыі трэста «Пермгаррамбуд» у Пярмі (1965-1969). Скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве (1969). Працаваў літкансультантам Пермскай абласной пісьменніцкай арганізацыі СП РСФСР (1970-1971), загадчыкам фальклорна-выдавецкага аддзела пермскага Дома народнай творчасці (1971-1972), рэдактарам шматтыражнай газеты трэста «Будтэрмаізаляцыя» «За коммунистический труд». З 1978 г. жыве ў Барысаве. У 1980-1982 гг. - сцэнарыст кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 г. кіруе літаратурным аб'яднаннем «Бярэзіна» пры барысаўскай аб'яднанай газеце «Камуністычная праца». Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступіў упершыню ў 1956 г. (шматтыражная газета Беларускага політэхнічнага інстытута «Советский инженер»). Спачатку пісаў на расейскай мове, з 1961 г. - і на беларускай. У Пермі выйшлі зборнікі паэзіі «Хмель» (1966), «Цвет времени» (1971), кніга перакладаў «Четыре ветра: Поэзия народов Прикамья» (1970), у Менску - кнігі паэзіі «Белая Русь» (1967), «Ростань» (1974), «Чырвоныя казармы» (1978), «Колафартуны» (1981), «Дзевяты кардон» (вершы і паэма, 1990).

Паведаміць пра недакладнасьць