Стэфановіч Пятро, нарадзіўся 28.06.1922 г. у вёсцы Сёмкаў Гарадок Менскага раёна ў сям'і рабочага і сялянкі.

Скончыў гімназію ў Ашмянах (1939). На пачатку 1941 г. пачаў працаваць літсупрацоўнікам ашмянскай раённай газеты «Знамя свободы». У час вайны скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у Забайкальскай ваеннай акрузе і курсы «Выстрел» Міністэрства Ўзброеных Сіл СССР. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым фронце. У 1943 г. быў паранены. Восенню 1944 г. адкліканы з Карэльскага фронту і накіраваны ў Войска Польскае, дзе служыў начальнікам аддзела штаба 10-й дывізіі пяхоты. З 1950 г. працаваў на будоўлях - прарабам, начальнікам участка, галоўным інжынерам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва, у 1969-1979 гг. - інжынер Беларускага аддзялення Літфонду СССР, у 1979-1984 гг. - літаратурны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1990 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай культурай».

У друку выступае з 1941 г. Перакладае з польскай на беларускую і расейскую мовы, з беларускай на польскую. На польскую мову пераклаў кнігі для дзяцей А.Лойкі «Дзе хто начуе» (1981), П.Марціновіча «Паспяшайся ў наш звярынец» (1981), А.Вольскага «Еду ў госці да слана» (1981) і «Сцяпан - вялікі пан» (1983), І.Бурсава «Казкі, поўныя цудаў» (1983), беларускія народныя казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1985). На беларускую мову пераклаў асобныя творы Я.Бжэхвы, Я.Гушчы, В.Жукроўскага, З.Кабатца, У.Махэека, Г.Марцінка, Ю.Озгі-Міхальскага, Я.Парандоўскага, Е.Путраманта, У.Рэйманта, Т.Ружэвіча і інш., на расейскую - З.Сафяна, Г.Гаворскага, Е.Адыгея.

Склаў анталогіі «Ад Буга да Одры» (апавяданні сучасных польскіх пісьменнікаў, 1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (гумар і сатыра сучасных польскіх пісьменнікаў, 1979).

Паведаміць пра недакладнасьць