Чарняўская Леаніла, нарадзілася 16.11.1893 г. у вёсцы Таргуны Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла Марыінскую вышэйшую навучальню ў Вільні (1910). З 1911 да 1918 г. працавала настаўніцай пачатковай школы ў сяле Залессе на Дзісеншчыне. У 1919-1923 гг. выкладала беларускую мову ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў кастрычніку 1923 г. разам з мужам, пісьменнікам Максімам Гарэцкім, прыехала ў Менск. Затым жыла ў Горках Магілеўскай вобласці. У 1932 г. пераехала ў Кіраў (былая Вятка), куды быў высланы муж, працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, потым жыла ў гарадскім пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў Калужскай вобласці), у Ленінградзе (з 1947).

Узнагароджана медалём.

Памерла 26.09.1976 г.

Першая праца выйшла ў 1919 г. - зборнік «Дзяціныя гульні» (Вільня). Першае апавяданне «Мікітка» апублікавала ў 1921 г. (газета «Наша думка», Вільня). Аўтар чытанкі «Родны край» для 1, 2, 3, 4 года навучання (1919, перавыдавалася да 1936 г.). Выйшлі кнігі прозы «Апавяданні», «Валуй - камісар часоў Кераншчыны», «Падарожніца», «Бяздзетуха» (усе ў 1930), «Апавяданні» (1983), кнігі для дзяцей «Варка» (1928), «Кот Знайдзён» (1929), «Андрэйка» (1930), «Перамога» (1932), «Лявонка» (1932), «Сталёвы конь» (1933), «Жук» (1960), «Казёл Мэка і Кудла» (1979).

Пераклала на беларускую мову аповесці В.Забайкальскага «Маленькія чырвонаармейцы» (1931), А.Іркутава «Пан Бергер падае ў адстаўку» (1931), Я.Хазіна «Барабаншчык рэвалюцыі» (1932), «Апавяданні старога матроса» С.Заяіцкага (1930), «Рэха» Э.Ажэшкі (Вільня, 1919), «Гісторыю аднаго мядзведзя» Э.Сэтана-Томпсана (1927), «Бунт Моці-Гёджа» Р.Кіплінга (1927), «Прыгоды Фрыдрыха Крона ў Сярэдняй Эўропе. Расстрэл рабочай моладзі ў Радожыне» Г.Краўса (1932), «Тыля Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра (1934), а для чытанкі «Родны край» - урыўкі з твораў А.Чэхава, А.Серафімовіча, У.Гаршына, Г.Караленкі, Д.Маміна-Сібірака і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць