Чыгрынаў Іван, нарадзіўся 21.12.1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1972 г. скончыў Саматэвіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР. У 1965-1975 гг. - рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». З 1975 г. намеснік старшыні, а з 1976 г. да 1986 г. - сакратар праўлення СП БССР. У 1987 г. абраны старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 г. - галоўны рэдактар часопіса «Спадчына». У 1978 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986-1990), старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах (1988-1990). Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі.

У рэспубліканскім друку дэбютаваў вершам у 1952 г., як празаік - у 1958 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), раманаў «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), п'ес - «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988), «Звон - не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), кнігі крытыкі і публіцыстыкі - «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983). У 1984 г. выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.

Напісаў асобныя раздзелы манаграфіі «Н.Я.Никифоровский» (1960).

Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць...» (пастаўлены ў 1973 г.).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як сааўтар сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць...».

Выбраныя творы Івана Чыгрынава на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць