Юдэлевіч Міхась, нарадзіўся 20.04.1914 г. у гарадскім пасёлку Смалявічы Менскай вобласці ў сям'і саматужніка.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Менску (1929) працаваў рабочым на гуце. Быў акцёрам у Менскім тэатры рабочай моладзі (1929-1931), студэнтам Дзяржаўнага інстытута мастацтва ў Маскве (1931-1935). У 1935-1940 гг. - супрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», загадчык аддзела тэатра Ўпраўлення па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР. З 1940 г. у Савецкай Арміі, удзельнічаў у савецка-фінляндскай і ў Вялікай Айчыннай войнах.

Загінуў у 1941 г. на фронце.

Літаратурную працу пачаў у 1929 г.

Адзін з аўтараў калектыўнай п'есы «Першы штандар» (апублікавана і пастаўлена ў 1930). У 1932 г. напісаў п'есу «Зямля гарыць», якая ставілася на радыё. Аўтар інсцэніроўкі «Як гартавалася сталь» паводле аднайменнага рамана М.Астроўскага (1937), лібрэта оперы «Паўка Карчагін» (музыка П.Падкавырава, ставілася пасля вайны ў кансерваторыі як студэнцкі спектакль). Перакладаў на расейскую мову асобныя творы беларускай драматургіі, у тым ліку п'есу І.Гурскага «Сваты» (1937), склаў зборнік «Аднаактовыя п'есы» для самадзейнай сцэны (1937).

Пісаў вершы, прыпеўкі, якія змяшчаліся ў перыядычным друку.

Паведаміць пра недакладнасьць