Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Дамавік (Дамавы, Дамавой, Хатнік, Гаспадар, Падпечнік, Хоплік)

Беларус не толькі ўяўляе сабе Дамавіка ў вобразе змяі, але нават і па паходжанні лічыць яго амаль што змяёю... Трэба пеўня, які заспявае на трэці дзень пасля выхаду з яйка, трымаць сем гадоў. За гэты час ён знясе зносак (маленькае яйка велічынёй з галубінае), які трэба зашыць у мяшэчак і насіць яго пад левай пахаю шэсць месяцаў. Праз гэты тэрмін з яго вылупіцца змеяня, якое, уласна, і ёсць Дамавік. У знак падзякі за прытулак ён будзе чалавеку, што насіў яго, прыносіць дастатак у гаспадарцы.

Дамавік звычайна жыве ў клеці (у каморы, па некаторых звестках - у падпеччы) і вылазіць адтуль толькі на Дзяды для ўдзелу ў агульнай вячэры. Пры гэтым яму аказваюць усялякую пашану: дарога з клеці да стала высцілаецца белым палатном, стравы прапануюцца самыя лепшыя, пераважна малако.

Адзін селянін расказваў мне, што ён быў сведкам, як на Дзяды Дамавік з'яўляўся на агульную вячэру ў выглядзе кудлатага сабакі.

Дамавіка можна бачыць яшчэ і ў Вялікі чацвер; для гэтага трэба толькі ў царкве на вячэрнім набажэнстве ўзяць запаленую свечку і ісці з ёю дадому, беражліва ахоўваючы, каб вецер не затушыў яе. А ўжо дома з гэтай свечкай трэба падняцца на гарышча, і там абавязкова будзе ляжаць Дамавік у вобразе голага чалавека. Тады трэба чым-небудзь прыкрыць Дамавіка, і ён у знак падзякі за гэта спытае ў чалавека, што яму трэба. Чалавек павінен у гэты час шчыра адкрыць Дамавіку свае патрэбы, і ён пастараецца задаволіць іх.

Дамавік любіць, калі ў гаспадарцы падабрана ўсё адпаведна з яго асабістым густам, тады ён з асаблівай стараннасцю дапамагае гаспадару. У адваротным выпадку ён замест дапамогі прыносіць толькі шкоду: заезджвае ўночы нелюбімых коней, кароў і інш. У гэтых адносінах немалаважную ролю іграе месцазнаходжанне пабудоў у гаспадара, асабліва дома. Каб пазбегнуць магчымай па гэтай прычыне сваркі між Дамавым і гаспадаром дома, апошні перад пабудовай яго павінен зрабіць наступную спробу: у чатырох месцах, дзе прыблізна прыйдуцца вуглы дома, насыпаецца жыта. Калі праз ноч жыта акажацца некранутым, то гэта верная прыкмета, што Дамавіку падабаецца абранае месца. У выпадку, калі жыта акажацца разгрэбленым, то гэта значыць, што Дамавік супраць пабудовы дома на абраным месцы. Тады гаспадар павінен насыпаць чатыры кучкі жыта на іншым месцы і гэтак працягваць да таго часу, пакуль пасля ночы жыта не застанецца некранутым. Калі выпадкова гаспадар пабудуе дом на месцы, якое не падабаецца Дамавіку, то ён будзе ўночы з трэскам і грукатам разгульваць па дому і псаваць у ім рэчы. (Демидович, гл. I, с. 118-119.)

[Дамавік]. Гэта чалавекападобная істота, чорная, пакрытая валасамі. Месца жыхарства яго ў доме вызначаецца па-рознаму: на печы, пад печкаю, пад падлогаю, у хлявах і іншых забудовах, дзе размяшчаецца скаціна. У апошнім выпадку дамавы дух змешваецца з Хлеўнікам. Пры апякунстве Дамавіка ў доме ўсё ідзе спраўней; у адваротным выпадку ён стараецца шкодзіць гаспадару: уночы б'е посуд, кідае качэргі, нават спрабуе душыць гаспадара, калі той спіць; у доме ўсё не ладзіцца і, галоўным чынам, не вядзецца скаціна. Дзейнасць сваю Дамавік праяўляе выключна ўночы і пераважна ў хлявах, дзе ён ці песціць коней, ці, наадварот, мучыць іх, заезджвае. Каб абясшкодзіць Дамавога, застрэльваюць у першы дзень каляд, 25 снежня, ці ў дзень Новага года, да абедні сароку ці варону і, зачапіўшы вяровачкай за горла, вешаюць яе ў хляве. Іншыя пякуць на поўню хлеб і ад першай булкі (бахонкі, кулідкі) адразаюць акраец, соляць яго і ўночы ідуць з ім у хлеў, дзе гаспадар гаворыць: «Дамавік дамавы! Прымі ад мяне хлеб-соль, любі маіх коней і жалуй! І я буду цябе любіць і жалаваць!» І кладзе дзе-небудзь пад страхой. (Романов, с. 289.)

Хатнік ва ўяўленнях беларуса надзяляецца ўсімі якасцямі дбайнага гаспадара. Тыя, каму ён здаваўся, кажуць, што ён мае выгляд старэнькага дзядка, з сівой барадою і доўгімі сівымі валасамі, апрануты ён у насоў, а другія кажуць - у белую кашулю, падперазаны ён дзягай, а па другіх версіях - лыкам. Спіць ён на печы ці пад печчу, таму яго часам называюць Падпечнікам. Устае ён рана і палохае пеўня, штурхаючы яго. Певень з перапуду хлопае крыламі і крычыць, чым будзіць гаспадароў на працу. Часам Дамавы... раздзімае агонь і ідзе ў клець ці ў свіран і прасушвае хлеб, перасыпаючы яго жменямі, заглядвае ў хлеў і дае корм коням і каровам. Гладзіць іх і песціць. Такое дагляданне Гаспадара аказвае добры ўплыў: зерне «спарнее» ад перасыпання Дамавога, скаціна робіцца бадзёрая і вынослівая ад яго пагладжванняў. Гаспадар любіць дружную сям'ю, ён не церпіць сварлівых баб і часам строга карае зачыншчыкаў сямейных нязгод: ноччу, у час сну, ён навальваецца зачыншчыку на грудзі і душыць яго. Калі ўсе справы ідуць добра і добрае прадбачыцца ў будучым, тады ён скача на лаве ў хаце, ці ў клеці, ці ў сенцах. Калі ж сям'ю чакаюць няшчасці, ён у прадчуванні гэтага пачынае завываць па начах і тым папярэджвае гаспадара. З Дамавым трэба жыць у згодзе, трэба ўмець яму дагаджаць... Прагнявіш Дамавога - і ён не толькі не будзе спрыяць, але нават можа пашкодзіць у гаспадарцы. (Богданович, с. 66-67.)

У Дамавіка толькі адна жонка. Пасля смерці яе ён можа ажаніцца да чатырох разоў, але не на сваячках - інакш ён абавязаны пакінуць хатнюю службу і паступіць, напрыклад, у Лесавікі, Вадзянікі, Балотнікі. Ад сваёй жонкі Дамавік мае сыноў і дачок. Дасягнуўшы ўзросту, сыны звычайна становяцца Дамавікамі новых пабудаваных дамоў; дочкі ж выдаюцца замуж за Дамавікоў, хоць некаторыя з іх застаюцца ў дзеўках назаўсёды. У гэтым выпадку яны застаюцца вечна юнымі красунямі, чым і зводзяць хатніх хлопцаў і схіляюць на сувязь з сабою, але ў той жа час яны няўлоўныя. Дамавічкі патрабуюць вернасці толькі сабе адным і неміласэрна помсцяць хлопцам пры парушэнні вернасці, нават і тады, калі самі пачалі новую сувязь. Дамавікі спраўляюць вяселлі сваіх дзяцей у залежнасці ад дома, дзе жывуць, - то багата, то сціпла, прычым стараюцца прымеркаваць іх да вяселляў гаспадаровых дзяцей, каб не плаціць асобна музыкантам; адпаведна яны надзяляюць дачок пасагам. Час харчавання, сну і работы Дамавікі размяркоўваюць у адпаведнасці з прынятым у доме распарадкам.

Улічваючы, што без Дамавіка абысціся нельга і што ён не заўсёды выявіць сваё знаходжанне ў доме, прадбачлівы гаспадар стараецца завабіць яго. Заклік адбываецца ў Велікодную ноч, калі сям'я ў царкве, прыблізна так: «Выбач, дзедзька (ці браток), за трывогу, але толькі прыйдзі ка мне ні зелен, як лісціна, ні сінь, як вална на вадзе, ні панур, як воўк; прыйдзі такей як я сам!» З'явіцца двайнік гаспадара - чалавек таго ж росту, складу, у такой самай адзежы, які перш за ўсё наказвае захаваць тайну спаткання: ні на яве, ні ў сне, ні бацьку, ні маці, ні на споведзі гаспадар не павінен выдаваць гэтай тайны, пад страхам, што Дамавік не толькі перастане пасылаць дабро, але і спаліць дом, якому перад гэтым спрыяў. Іншыя Дамавікі страшаць, што іх гнеў і помста працягнуцца да чацвёртага пакалення гаспадара; усе ж яны помсцяць каварнаму гаспадару, які чамусьці адступіўся ад іх, ды і за розныя абразы ад хатніх гневаюцца і караюць не крыўдзіцеля, а гаспадара...

Не ў кожны дом увойдзе закліканы Дамавік... а толькі ў той, які прыйшоўся яму па нораву і густу, што назіраецца, напрыклад, пры пераходзе гаспадароў у новы дом: як бы ні схілялі яго да пераходу, ён застаецца ў старым доме, пакуль той не разбурыцца. Тады Дамавік пераходзіць у выбраны, да новых гаспадароў, але не сваякоў папярэдняга, увесь час злуецца на сужыцеляў, што кінулі яго, і помсціць ім.

Пры адваротным стане спраў Дамавік - дабрадзейны слуга дома, якому дастаткова толькі выказаць уголас свае жаданні, але без сведкаў. Тады ён праяўляе незвычайную дзейнасць і ледзь не штогадзіны просіць работы, што, відаць, мала стасуецца з гэтым цельпуком: ён чысціць, мые сцены і мэблю, выконвае работы найбольш любімых ім асоб - шые, прадзе, мые, меле па начах; тады ён закручвае любімчыкам кучары, пляце косы, адганяе ад тых, хто спіць, насякомых і інш. У той жа час Дамавік сцеражэ дом і дабро, папярэджвае пра будучыя няшчасці - пажар, крадзеж ці хваробы - то асобым стукам, то смехам ці плачам, то пагладжваннем галавы і твару соннага, то з'яўленнем жывёлы... Моцны стук Дамавіка, яго плач і стогн прарочаць звычайна хваробу ў доме, з'яўленне ж у сваім сапраўдным выглядзе - смерць гаспадара. Дарэчы дадаць: ён мае стасункі з гаспадаром і сямейнымі мужчынамі, і толькі найбольш прыгожыя сямейныя жанчыны карыстаюцца нязначнай яго ўвагаю.

За ўсю бескарыслівую дапамогу Дамавік патрабуе ад хатніх заўсёды пашаны і таго, каб яны не забывалі дабрадзея ва ўрачыстыя для сям'і дні. Удзячныя гаспадары шануюць Дамавіка просьбаю з'явіцца за стол (у памінальныя дні), пасцілаючы дзеля яго чыстае палатно ад парога да стала; падобнае, але маўклівае запрашэнне робяць яны і збіраючы гасцей на хрэсьбіны, на вяселлі...

Дамавік капрызны, нават пераборлівы, і не мірыцца з тым, што ідзе супраць яго волі, густаў і звычак. Ён не церпіць у доме люстэркаў, масак, вясёлых зборышчаў; не любіць, калі ля парога ляжыць які-небудзь прадмет, а тым больш - жывая істота, што перашкаджае яго пераходам з хаты ў сенцы і назад. Тады ён пачынае сваволіць і тым самым перасцерагае жыхароў ад свайго далейшага гневу: уночы скідвае посуд у балею, перастаўляе прадметы... ці звальвае грудаю пад лаву, у падпечча, прычым пакідае некранутымі абразы, хлеб і соль на стале.

Штосьці падобнае робіць Дамавік і ў час сваіх жартаў і заляцанняў з жыхарамі, выказваючы гэтым сваю прыхільнасць: штурхае, нават шчыпае сонных, з-за чаго ў іх бывае нямала сінякоў, якія, аднак, не баляць. Асабліва часта ён жартуе з мужа і жонкі і цешыцца, назіраючы за іх часовымі сваркамі, дзеля чаго нябачна падкідае ў іх страву і пітво «раздорнае зелле». У гуллівым, як і ў абыякавым стане, Дамавік любіць апранацца ў адзежу гаспадара, якую, аднак, паспешліва кладзе на месца, як толькі яна спатрэбіцца...

Часцей за ўсё Дамавік прымае чалавечы выгляд; тады ён - тоўсты, сярэдняга росту мужчына з паўсівою лапацістаю барадою, з прыгожым, дабрадушным тварам, блакітнымі адкрытымі вачыма; валасы на галаве раскудлачаны, часткова спускаюцца на лоб; за выключэннем часткі твару вакол вачэй і носа, усё цела яго, нават далоні і падэшвы пакрыты, нібы пушком, мяккаю поўсцю; зусім чалавечыя кіпці яго даўгаватыя і нейкія асабліва халодныя, што адчуваецца, калі Дамавік гладзіць. Часам ён - глыбокі стары, ростам з пяцігадовае дзіця, са зморшчаным тварам, белаю, як снег, барадою, сіва-жоўтымі валасамі на галаве, з фасфарычным бляскам вачэй, ад якіх ідуць у бакі палосы святла.

Звычайным месцам знаходжання Дамавіка лічыцца запечны кут, адкуль ён заходзіць у падполле, у падпечак, дзе бавіць час з мышамі і курамі. Любімым жа месцам яго ў запечным куце служыць менавіта лінія злучэння запечных сцен, заўсёды насупраць кута, адкуль ён назірае за сям'ёю ў час поўнага збору яе за сталом, на сямейнай радзе, пры прыёме гасцей, для чаго ён высоўваецца над паверхняю печы па грудзі. Калі няма патрэбы, Дамавік спускаецца на самы ніз запечнага кута, дзе звычайна дрэмле.

Акрамя месцаў у хаце, Дамавік туліцца ў сенцах, на гарышчы і ў клеці, калі там летняю парою большы час знаходзіцца і сям'я. Тут ён садзіцца на жэрдачку, на палог, на малочную скрыню, на жорнавы пастаў ці на ўбіты ў сцяну драўляны крук.

Дзе ні размесціцца Дамавік, ён будзе сядзець у нерухомым забыцці, з якога не выводзяць яго ні петушыны спеў, ні малітоўныя воклічы людзей, ні кіданне прадметаў з месца на месца, ні нават зварот да яго. І толькі тады ён адхіліцца злёгку ўбок, калі кінуты прадмет асабліва брудны (як, напрыклад, знятыя з ног лапці, анучы...).

Ёсць рэдкія дамы і сем'і, дзе Дамавік часта і падоўгу ўтрымлівае прыняты чалавечы выгляд. Тады, у залежнасці ад пары года і надвор'я, ён носіць то цёплую, то лёгкую адзежу. Але і летам і зімою ён ходзіць босы, без шапкі, надзявае яе толькі перад смерцю гаспадара, калі часова прысядае на яго месца, бярэцца за яго работу. Той, хто заклікаў Дамавіка раней, бачыць яго другі раз зусім такім, якім бачыў і ўпершыню. Застаецца ў доме варты пераемнік паміраючага гаспадара ці не, Дамавік не выкажа спачування, не перастане спрыяць да таго часу, пакуль да яго будуць захоўвацца пачатыя адносіны. Калі ж у кіраванне дома ўступіла жанчына і яно зацягваецца, Дамавік аслабляе сваю спрыяльную дзейнасць, а нярэдка і зусім спыняе яе, застаючыся толькі сведкам заняпаду хатняга дабрабыту.

Сувязі з Дамавіком не лічацца злачыннымі ў той меры, як з іншымі нячысцікамі, і атрыманае пры яго спрыянні дабро не ідзе прахам. Аднак жа ад гэтай сувязі чалавек робіцца задумлівым, маўклівым ці гаворыць коратка, больш рыфмаю - тым больш бесталкова, чым глыбей сувязі; ён адасабляецца і заканчвае ці вар'яцтвам, ці самагубствам.

Дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў, ён жыве па старых законах; гэта ж пераймаюць у спадчыну і яго сыны. Таму Дамавік не ўжываецца з новаўвядзеннямі, а туліцца і дабрадзейнічае там, дзе жывуць прасцей, па-старому.

Колькі часу жывуць Дамавікі - нікому невядома, хоць кожны ведае, што адзіная іх пагібель - ад грамавых удараў - магчыма тады, калі сам ён, у гэтым выпадку вельмі асцярожны, штосьці зрабіў не так, як трэба. Як і ўсе нячысцікі, забіты Дамавік ператвараецца ў прах, прычым нават дзеці яго не збіраюцца плакаць па бацьку. (Никифоровский II, с. 48-53.)

Дамавікі з выгляду падобныя да людзей; некаторыя лічаць, што ў іх ёсць падабенства з гаспадаром дома. Дамахамі, ці Дамавіхамі, завуць жонак Дамавікоў; у Дамавікоў бываюць і дзеці. Дамавікі і Дамахі з'яўляюцца ў белым адзенні; у Дамах на галаве старажытнабеларускі ўбор - намітка. Нябачна ад людзей, у чалавечым жытле вядуць Дамавікі сваё існаванне, п'юць, ядуць, смуткуюць і радуюцца, нараджаюцца і паміраюць. Галоўнае месцазнаходжанне Дамавіка - у хаце за прыпечкам, ён жа бывае і пад печкай і ў пячуры. «Вылез, як чура з пячуры» (народная прымаўка). Дамавікі нас бачаць, а мы іх - не. Раней людзі часта бачылі Дамавікоў... і цяпер дастойным людзям паказваюцца Дамавікі, толькі пераважна апоўначы, у хвіліну агульнай цішыні, спакою. Здараюцца выпадкі, што Дамавікі ўступаюць у незаконную сувязь з жанчынамі, ад такіх сувязей нараджаюцца ведзьмары. У Дамахі такія ж схільнасці і заняткі, якія ў дбайнай гаспадыні-сялянкі: яна працалюбівая і гаспадарлівая, любіць чысціню і ад усёй душы ненавідзіць бруд, ляноту і беспарадак; яна прадзе, тчэ, вышывае і даглядае жывёлу...

Стары дзядуля Дамавік (ён многім уяўляецца вельмі старым паважным старцам з доўгай барадой) клапоціцца пра гаспадарова дабро і блізка да сэрца прымае ўсе яго інтарэсы: ён усюды суне свой нос, яму да ўсяго ёсць справы.

Уночы ён даглядае коней і рагатую жывёлу, раздае ім сена, авёс, заплятае коням грывы, гладзіць любімага коніка па спіне, ад чаго той з прыемнасцю выцягвае шыю, становіцца на калені і кладзецца. Але трэба задобрываць Дамавіка, трэба ўзгадняцца з яго густамі. Каб Дамавіку спадабалася жывёла, яна павінна быць пэўнай масці.

Некаторыя лічаць, што гаспадар павінен набываць коней і кароў па масці, якая нагадвае колер уласнай барады, - гэта Дамавіку даспадобы; такія каровы і коні прыжывуцца і будуць весціся.

Дамавік любіць гаспадароў і гаспадынь працалюбівых, рахманых і цвярозых; заўважана, што ўсе іх дзеянні яму падабаюцца...

Дамавік бывае злосны і надзвычай капрызны. Нелюбімых коней ён замучвае, катаецца на іх верхам цэлую ноч ды блытае ім грывы. Калі падысці да хлява ці да канюшні ўночы, адразу можна заўважыць, злуецца Дамавік ці жыве ў згодзе з гаспадаром. У першым выпадку коні стаяць неспакойна, фыркаюць і стукаюць капытамі; выгляд у іх загнаны, напалоханы, яны ўсе потныя.

Раззлаваны «Гаспадар» насылае падзеж на скаціну, чарвей на агарод, у засекі пацукоў і ўтварае поўную разруху ва ўсіх справах нелюбімага мужыка, пасяляе разлад у сямейных і грамадскіх яго адносінах.

Вынікам няміласці Дамавіка лічыцца неўраджай на полі і разлад у сям'і... Калі хто з членаў сям'і не палюбіцца Дамавіку, Дамавік наганяе на яго сум, панурасць, нелюбімец захворвае, сохне... нарэшце, памірае, паколькі быў нежаданы. Так знахары... тлумачаць родным прычыну яго смерці...

А то на Дамавіка нападае дух гарэзлівасці і дзікага шалу. У адным сялянскім двары Дамавік раскідаў на двары ўсе рэчы і рассваволіўся да таго, што хлопчыка, які спаў на возе, закінуў у бліжэйшую лагчыну і сухім галлём закідаў, але, зрэшты, зрабіў гэта надзвычай асцярожна: хлопчыка знайшлі ў ламаччы, калі ён спакойна спаў.

Паколькі Дамавік вельмі капрызны, то цяжка растлумачыць прычыну яго сімпатый і антыпатый, цяжка спадабацца яму і лёгка здараецца, наадварот, раззлаваць яго да крайнасці і нажыць у ім небяспечнага ворага...

Ёсць рэчы, якія Дамавік катэгарычна не любіць. Дамавік цярпець не можа шуму і сваркі, неахайнасці, бруду, абыякавасці і неакуратнасці ў рабоце. Асабліва трэба асцярожна трымаць сябе ў хляве... апоўдні трэба асцерагацца лаянкі, буйных размоў, асабліва кляцьбы. Апоўдні збываецца кляцьба маці. Ці не ад таго, што апоўдні Дамавік моцна спіць, а калі пабудзіць яго і патрывожыць, то ён не ў настроі і злуецца?

Часам Дамавік бывае вельмі крыўдлівы: не спадабаецца яму якое-небудзь слова, ён у цемры, у небяспечным месцы штурхае пад калена, збівае з ног і робіць калекам. Хоць у час малітвы да Дамавіка ніхто не хрысціцца, Дамавік цярпець не можа, каб яго называлі чорным імем «чорт».

Дамавікі, як і людзі, б'юцца і вядуць між сабою адчайную барацьбу... Справа ў тым, што ў кожным доме, у кожным падпечку хаты можа жыць толькі адзін Дамавік; калі ж задумае ў гэтым доме пасяліцца другі, то між імі заўсёды адбываецца барацьба, якая заканчваецца тым, што пераможаны чужы Дамавік пакідае дом, ці чужак, выжыўшы мясцовага Дамавіка, пасяляецца ў чужым доме, не забываючы і пра сваю гаспадарку.

Прыблудны Дамавік ці Хлеўнік («гвалтоўнік») не надта клапоціцца пра чужы двор, дзе часцей за ўсё ён пераварочвае ўсё дагары нагамі. А напалоханы непарадкамі ў доме гаспадар звычайна не адважваецца аб'явіць адкрытую вайну прыблуднаму Дамавіку ці Хлеўніку, баючыся розных непрыемных выпадковасцей, хваробы і нават смерці; ён звяртаецца за парадаю і непасрэднаю дапамогаю да знахара, якому вядомы тайны быцця Дамавікоў, Лесавікоў, Палевікоў і Вадзянікоў, які добра разумее іх узаемныя адносіны і адносіны гэтых «гаспадароў» з людзьмі...

Дамавік даволі чула ставіцца да няшчасця ў двары гаспадара; акрамя таго, ён дальнабачлівы, празорлівы і таму часта папярэджвае гаспадароў пра розныя няшчасці. Перад вялікай бядой Дамавік плача, стогне; апоўначы сярод усеагульнай цішыні можна чуць такія стогны, якія з'яўляюцца сумным прадказаннем. Дамавік часта прадказвае будучыню, паведамляючы стукам у дзверы ці сцяну хаты; ён жа з'яўляецца перад бядой ці перасяленнем гаспадару альбо яго блізкім: родным, слугам. Часам Дамавік-прадказальнік душыць таго, хто спіць, балюча сціскаючы горла, а здараецца - кладзе на яго сваю руку; калі рука калматая і цёплая - гэта на шчасце, дакрананне голай і халоднай рукі прадказвае бяду.

Прысыпанне дзяцей народ тлумачыць тым, што прыспанага выкрадае Дамавік, а замест яго кладзе цурбан. Жанчына асабліва павінна асцерагацца сёмага і семнаццатага тыдня пасля родаў: калі яна ў гэты час, кладучыся спаць, забудзецца перахрысціць дзіця альбо неасцярожна вымавіць: «чорт», то чэрці возьмуць дзіця, а замест яго пакладуць у люльку «балвана» (абрубак дрэва). Знесеныя Дамавікамі вяртаюцца тады, калі на Дамавікоў падзейнічаюць ахвяры ці старанныя малітвы. І ўкрадзеных Дамавікі вяртаюць неахвотна.

На думку народа, памерлыя ў доме становяцца Дамавікамі гэтага дома. А паколькі дом не можа існаваць без Дамавіка, то ў кожным новым доме хтосьці ды павінен памерці, і ў хуткім часе: дом без нябожчыка не бывае. Сталыя людзі не любяць будавацца, прытрымліваючыся прыкметы: «Як пачнеш пад старасць будавацца, так і памрэш, дом абновіш».

Некаторыя думаюць, што нядаўна памерлы жыве на могілках і вартуе іх, пакуль каго-небудзь не пахаваюць пасля яго; гэтыя нядаўна памерлыя і з'яўляюцца ў дамы, дзе ёсць людзі, гатовыя змяніць іх.

Дамавік любіць мыцца ў лазні і парыцца венікам. Часам апоўначы можна пачуць, як ён крэкча на палку і сячэ сябе венікам; у гэты ж час ён робіць заўвагі, якія гаспадару не грэх прыняць да ведама.

Спрадвеку ў Смаленскай губерні існаваў звычай, прымеркаваны да Чыстага чацвярга перадвелікоднага тыдня. Мыюцца ў лазні перад узыходам сонца, кажучы, што і воран перад гэтым днём купае сваіх дзяцей... Узыходзячы на палок, прыгаворваюць: «Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка». Выходзячы з лазні, пакідаюць на палку вядро вады і венік для «Гаспадара» і, перахрысціўшыся, кажуць: «Табе, баня, на стаянне, а нам на здароўе». (Добровольский I, с. 361-363, 366, 368, 371, 372, 378-379.)

Дамавік наглядвае за скацінаю, з'яўляецца перад смерцю і пераменамі ў жыцці; у некаторых мясцовасцях лічыцца святым...

Дамавік не любіць сварак, гучных размоў і бруду ў хаце і хляве, асабліва на сцежках...

Дамавік-чужак часта паяўляецца ў дварах, гумнах, пунях і іншых хатніх пабудовах. Ён шкодзіць гаспадару і гаспадарцы, вядзе барацьбу з хатнім Дамавіком. Часам пад уздзеяннем чужака-Дамавіка здараюцца хваробы людзей і скаціны і розныя няшчасці... Часам чужакі-Дамавікі ў выглядзе кошак ці іншых жывёл з'яўляюцца на гумнах і ў дварах і ўступаюць у барацьбу са сваімі Дамавікамі. Небяспечна ўмешвацца ў бойку Дамавікоў, асабліва калі гаспадар памылкова прыме бок чужака: за гэта можа атрымаць граблямі ў лоб, а яшчэ горш - наклікаць гнеў свайго Дамавіка. (Добровольский II, с. 179.)

Дамавікі бліжэй за ўсіх стаяць да сялян, удзельнічаюць у найбольш важных справах хатняга жыцця... Дзённым месцазнаходжаннем Дамавіка служыць печ, а ў некаторых месцах «падпечак», адкуль яны выходзяць з надыходам ночы. Зрэшты, яны жывуць усюды, дзе ёсць печ: у сушыльнях, у лазнях і інш... Па-за домам ён пераносіць свае дзеянні пераважна на канюшню, чысціць любімых ім коней, заплятае ім грывы, але часцей ганяе і мучыць іх. (Ляцкий I, с. 31-32.)

У кожнай хаце, у кожнай гаспадарцы жыве гэтак званы Дамавік, істота няўлоўная і надзвычай шкадлівая. Ніхто яго ніколі не бачыў, але ўчынкі яго даюцца ў знакі кожнаму. Ён то ўночы, калі ўсе заснуць спакойным сном, заезджвае коней, гойсаючы на іх па палях і так іх замучвае, што пад раніцу бедныя жывёлы бываюць стомленыя і пакрытыя пенай (ад гэтага дапамагае павешаная над дзвярамі стайні сарока); ён дражніць сонных сабак, і тыя зрываюцца і жаласліва выюць. Ён раптам адгукаецца трэскам і грукатам у коміне і па сценах і пужае адзінокіх жанчын, выцягвае зэдлік з-пад таго, хто на ім сядзіць, і той падае на зямлю. Яго шчыра ненавідзяць, але даць рады яго выбрыкам не могуць і мусяць іх спакойна цярпець. (Jeleńska, s. 503.)

«Чорт у кожнай хаце ёсць, каторы называецца Дамавік. Каб ні чорт, сваркі ў хаце нігды не было б. Чорт любіць увесь час з чагось смяяцца, а як не мае з чаго, то паддурывае людзей да сваркі, а найчасцей бабы, бо і чалавеку збоку гледзячы, ёсць з чаго смяяцца, як бабы сварацца альбо б'юцца». (Federowski, s. 18.)

«Дамавік е ўсюды: і ў мужыцкіх хатах, і ў панскіх пакоях. Наш брат з ім асвойтаўся, дак ужо не вельмі яго баіцца, а пан... ось недалёка шукаючы, памочнік махайніка, што смалу жане - Насовіч - прышоўшы з заводу, стаў поначы люлькі шукаць, да й абмацаў нейкую кашлатую морду, дак спужаўся, крыкнуў: «Ушэлькі дух Пана Бога хваліць», а морда адказала: «І я хвалю», да й шчэзла. Ета быў справядлівы Дамавік, той, што ўжэ пасябраваўся з чалавекам, бо іншы чорт як пачуе такую клятву, то моўчкі ўцякае.

Дамавік пляце толькі дробныя гарэзы, якія не прыносяць надта вялікай шкоды. Дзякуючы яму, рвецца на кроснах у час работы прадзіва, нітка ў вушка іголкі цяжка прасоўваецца альбо блытаецца ў час шытва. «Як Дамавік плутае нітку, то трэба яе мазаць тым воскам, што капае з свечкі, як яна гарыць у цэркві».

Часта наракаюць на Дамавіка за тое, што ён выхоплівае з-пад рук розныя прадметы і на хвіліну хавае іх ці пераносіць у іншыя месцы. Падчас пэўнай работы, напрыклад, пляцення лапцей, гаспадар шукае інструмент, які хвіліну перад гэтым трымаў у руцэ:

- А дзе ж мая падплётка? Паглянь, аж дзе ляжыць; бач, куды запраторыў Хоплік (Дамавік) пракляты.

Калі пасля доўгага шукання згубленае знойдзецца паблізу, то выкрыквае:

- Тху ты, нячыстая сіла! Чорт хвастом накрыў, дак досі не відаць было.

Вельмі часта даводзіцца чуць нараканні ці перасцярогі ў гэтым сэнсе:

- Прапала! Мабыць чорт хвастом накрыў; прыйдзецца доўга шукаць, як чорт хвастом накрые; пільнуй, штоб чорт хвастом не накрыў, і г.д.

Дамавік як захоча завесці сварку паміж суседзей, то ўсякую капасць прыдумае. Нажане курэй або свіней ад аднаго суседа к другому ў гарод, узбударажыць дзяцей, штоб пачубіліся за якісь пусцяк да штоб на іх крык збегліся маткі і палаяліся, а то шчэ і пабіліся. Чорт тагды смяецца, а людзі кажуць: «Дзеткі за шчэпкі, а маткі за дзеткі».

Найбольш яго карціць, штоб у самой хаце як найчасцей была звада, дак настырняе жонку на мужыка, пакуль не пасварацца, або напусціць туман на глузды, так што яна не ўпамкі трэйчы пасоліць боршч, а мужык, сербануўшы, трэсне ложку аб зямлю, а жонцы накладзе па шыі. Не ўздумаеш яго ўсіх ухваткаў, як і калі ён наскуе адно на адно, штоб узяліся за грудкі або ўхапіліся за качаргу да за вілкі.

Як Дамавік упадабае каня, то на ём ездзіць штоноч, аж пакуль конь, хварэючы, не здохне. Хацеўшы, штоб етаго не было, то трэба каля коней дзяржаць чорнага казла на прывязі, а над яслямі або над дзвярыма павесіць сароку. Калі ета не паможа, то трэба ўзяць у цэркві свечку, засвяціць да й накрыць хлебнаю дзяжою, а як Дамавік сядзе на каня, дзяжу швыдка падняць. Як людзі пабачаць Дамавіка на каню, чы на іншай рабоці, то ён етага больш ужэ рабіць не будзе». (Pietkiewicz I, s. 202-204.)

Дамавой... з'яўляецца таксама свайго роду чортам, які жыве ў хаце або гаспадарчых будынках і апякуецца жывёлай. Кажуць, калі палюбіць ён нейкую карову, дык будзе пра яе дбаць, будзе дасыпаць корму, каню будзе заплятаць грыву. Але дастаткова яго нечым прагнявіць, і ў гаспадарцы пачнуцца ўбыткі, жывёла будзе худнець і падаць. (Шаховіч, с. 131.)

Дамавікі бывалі ў старых людзей, а сёння ўжо адышлі. Дапамагалі людзям, а тыя душу ім за гэта аддавалі. Частавалі Дамавікоў некаторымі стравамі... Насілі ім штосьці то ў стайню, то ў піўніцу... (Moszyński, s. 172.)

Міфы Бацькаўшчыны   Міфы Бацькаўшчыны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020