Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

а2, злучн.
I. супраціўны.
1. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа; адпавядае словам: “наадварот”, “але”. На поўнач ішлі лясы, а на поўдзень мясцовасць была чыстая, зусім: адкрытая. Чорны. У вачах тваіх іскрыцца сонца поўдня, А мае авеяны сіняю смугой... Звонак.
2. Злучае аднародныя члены сказа і сказы з узаемным выключэннем (звычайна пры наяўнасці адмоўя ў першай частцы сказа); адпавядае слову “наадварот”. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча да новых подзвігаў. Крапіва. Дзень быў ясны. У хаце было светла і можна было падумаць, што гэта не восень, а ранняя вясна. Чорны. Не рэкі гамоняць, а зброя звініць! Броўка.
3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, што магчыма ці неабходна пры тых умовах, аб якіх гаворыцца ў другім сказе; адпавядае словам: “аднак”, “але”. Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю. Маўр. [Туляга Гарлахвацкаму:] Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай? Крапіва.
4. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з уступальным проціпастаўленнем [звычайна пры наяўнасці ў адной з састаўных частак сказа прыслоўяў “яшчэ”, “ужо” і часціц “усё”, “усё (ж) такі”]; адпавядае выразам: “тым не менш”; “усё-такі”. Усюды яшчэ ляжыць снег, а подых вясны чуваць выразна. Паслядовіч. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы. Колас.
// Ужываецца ў сказах з аднолькавымі або блізкімі па форме паўторнымі словамі антанімічнага тыпу (звычайна ў першай частцы). [Дзед Бадыль:] Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба. Крапіва. У выразах: хто-хто, а...; каму-каму, а... і пад. Хто-хто, а.. [Міколка з дзедам] то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж. Лынькоў. [Янка:] Чаго-чаго, а куска хлеба дзіця свайму бацьку не пашкадуе. Крапіва.
// У гэтым жа значэнні проціпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму. Хоць быў канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.
II. супастаўляльны. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з такім проціпастаўленнем, пры якім новае паведамленне непасрэдна не вынікае са зместу папярэдняга; адпавядае выразам: што датычыцца, у той час як. [Жанчына:] — Чалавек мой яшчэ ў партызанах загінуў, а Мішка ажно да Берліна дайшоў. Брыль. Поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Колас.
// Злучае сказы, у якіх супастаўляюцца адначасовыя падзеі і з'явы; адпавядае выразам: у гэты ж час, між тым як. [Зыгмусь:] — Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Колас. Ішлі гуськом падрыўнікі І след у след ступалі, А ў травах росных кулікі Крычалі, заміралі. Бялевіч.
// Паказвае на нечаканасць, непрадбачанасць падзей. Азірнешся на вёску, а там блакітныя дымы з комінаў валяць. Паслядовіч. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы [клюшняй]. Лынькоў.
// Ужываецца ў сказах з уступальным супастаўленнем (звычайна пры наяўнасці ў кожнай састаўной частцы аднолькавых або блізкіх па форме слоў паўторнага тыпу). [Лабановіч:] — Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! Колас. [Алесь:] — Вайна вайной, а работа работай! Брыль.
III. далучальны.
1. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з паслядоўным чаргаваннем з'яў і падзей або пры паслядоўным апісанні іх. Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра. Танк. [Ульяна брату:]— Я ўжо цябе хоць за сяло правяду, а там — калі ты так хочаш пехатой ісці . — дык ідзі. Скрыган. Навокал панскі лес, а за лесам— балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка. Бядуля. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Колас.
2. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з часавай і паслядоўнасцю (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца зноў. Пестрак. [Гарлахвацкі Чарнавусу:] Вось я толькі крыху ад працы, вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай. Крапіва. Краем лёсу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім краем лесу, і нарэшце заціхла на яго заломе. Колас.
3. Далучае групы слоў і сказы, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць выказаную думку. Доўгія дні, а часта засаб і ночы, прастойвала.. [Стэпа] за працаю, не адгінаючы спіны. Гартны. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Стрымала мяне пошта дальняя. Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк.
// Далучае ўстаўныя сказы і словазлучэнні. Каля Нёмана — а ён тут быў блізка — пачулася песня. Колас. Ратавала атрад усё-такі дарога. Мясцовыя навакольныя жыхары з году ў год, а можа і з веку ў век, вобмацкам пратапталі яе, абмінаючы дрыгвяныя мясціны. Пестрак.
// У гэтым жа значэнні ўжываецца для далучэння сказаў і членаў сказа, якія даюць дадатковую ацэнку сказанаму. Любяць край за бярозы, за месяц, за восені дзіўныя, А тым больш яго нам як, скажы, не любіць: Калі нівы і рэкі, палотны азёр пераліўныя, Калі песні, што б'юць жывой сілай крыніц, Нам гавораць аб долі сярмяжнай аратага. Танк. Вы яго [Базыля Трайчанскага] напэўна не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Колас. Няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш, чым сілы, было жадання — жадання дабрацца да дарогі. Быкаў.
4. Па сувязі з папярэдняй думкай далучае сказы з адценнем супастаўлення, у якіх раскрываецца або высвятляецца сутнасць сказанага. Млыны даюць арцелі зваротныя сродкі, а гэта мае вялікае значэнне ў гаспадарцы. Скрыган. [Волечка Райтовічу:] — Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж раней твой розум быў? Чорны.
// У спалучэнні са словам “таму” далучае сказы і члены сказа з прычынна-выніковым адценнем. У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома. Бядуля.
5. Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі або тэмы выказвання (у мове адной асобы або дыялогу). [Зося:] — Няхай ладзяць, а што там такое. [Шура] не кепская дзяўчына, не дурная. Крапіва. Ніколі не думаў [Нічыпар], што гэты.. гультай [Гарасім] так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Чарнышэвіч.
6. Ужываецца ў пачатку рэплікі, якой пачынаецца гутарка. — Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын. — А ў цябе, Астап, няйначай госці, пазнаём нас. Лынькоў.
А то, злучн. 1) супраціўны, а) Іначай, у адваротным выпадку. [Наталля:] Ах, вось што! Я гэтага не ведала, а то раней бы прыйшла. Крапіва. [Сарока:] — Пакідай араць, а то гужы парэжу! Лобан, б) Аказваецца, на самай справе, усяго толькі. Каб хоць рэчка была,.. а то ж равок.. і толькі. Брыль. [Юрка:] — Каб.. [цётка] цябе набіла, дык тады б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Чорны. 2) прычынны. Таму што, бо. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі. Пестрак. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў. 3) далучальны. а) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку (часта ў спалучэнні са злучнікам “і”). Усе сходы, якія.. [Драбняку] даводзілася праводзіць у жыцці, раптам адзін за адным, а то і ўсе адразу, усплывалі ў памяці. Кулакоўскі. Змрокам, а то і пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан. [Доктар:] — Заўсёды трэба берагчыся. А то ў вас робіцца так — калі сёння здароў, дык і заўсёды, думаецца, так будзе. Чорны. б) Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі (у мове адной і той жа асобы). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка. в) Ужываецца ў мове адной і той жа асобы пры адмове ад папярэдняй просьбы, згоды або нязгоды. [Маці:]Ты, Міколка, па Вольку схадзіў бы. А то няхай лепш заўтра. Брыль. — Добра, — адказаў бібліятэкар. — А то пачакайце, я запішу. Пальчэўскі. г) Разам з пытальнымі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі ўтварае спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сцвярджальных адказаў на папярэднія пытанні. — І ўсё гэта раскарчавалі людзі? — акінуў вачыма Яўхім. [Васіль Кузьміч:]— А то хто ж. Пальчэўскі. — Дзе ты ўзяў? — падазрона спытала Святланка. [Сярожка:] — Назбіраў, а то дзе ж яшчэ. Васілёнак. д) Ужываецца пры ўгаворванні, пажаданні. [Камандуючы:] — А можа, вам цяжка будзе камандаваць? Вы, здаецца, ранены? А то падлячыліся б. Крапіва. 4) пералічальна-размеркавальны. Або, ці. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Кулакоўскі.
А не то (дык), злучн. супраціўны. Тое, што і “а то” (у 1 знач.). [Рыгор:] — Уцякай, а не то страляць пачнуць. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (вялікі)   Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (вялікі)
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020