адагнаць, адганю, адгоніш, адгоніць; зак., каго-што.
1. Сілай або пагрозай прымусіць адысці ад каго-, чаго-н., перамясціцца. Адагнаць сабаку.Мухі і сляпні не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, і Марцін час ад часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць іх. Мележ. Карніцкаму не спадабалася, як ваююць Барсук і Віхор. Адзін падсцерагаў акупантаў каля сваіх зямлянак і нікуды не вылазіў, другі стараўся, колькі ў яго ставала сілы, адагнаць ворага ад сябе як мага далей. Паслядовіч.
// Перамясціць (ветрам, плынню і пад.). Баіцца ён [дзядуля], каб не сплылі [дзеці] на чоўнах тых далёка, — адгоніць вецер караблі ў акіян шырокі. Дубоўка.
// перан. Пазбавіцца ад чаго-н. (ад якіх-н. думак, пачуццяў, унікнуць якога-н. фізічнага стану). Каб адагнаць сон, яна [Марылька] устала, прабеглася па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі.
2. Адвесці, загнаць каго-, што-н. у якое-н. месца. [Жылінскі:] — Мяне амаль кожную гадзіну завуць да тэлефона і ўсё пытаюцца, колькі я трактараў адагнаў на станцыю і пагрузіў на платформы. Сіўцоў.
// Вярнуць, прыгнаць, адвесці на ранейшае месца. Адагнаць машыну ў гараж.Васіль падвёз Ніну да самага яе двара, потым адагнаў каня на канюшню, распрог і пайшоў дадому. Гаўрылкін.
3. Разм. Аддзяліць, праводзячы баразну, мераючы; адсякаючы, адшчэпліваючы, адбіць. Пойдзем разам з намі сёння, На узгорку, пры гайку, Пяць гектараў мы адгонім, На цябе і на дачку. Броўка.
4. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Адагнаць шкіпінар.

Паведаміць пра недакладнасьць